Хтосьці ў 60-65 гадоў называе сябе пажылым, хтосьці толькі пасля 85-ці гаворыць пра “паважны ўзрост”, а ёсць і тыя, хто ўжо пасля 40-а наракае на старасць. Але ці нагода гэта для пасіўнасці і смутку?
Было заўважана, што працэс старэння ў адных людзей ідзе хутчэй, у іншых – павольней. Перамены ў знешнім выглядзе, у стане здароўя, сэнсарныя змены будуць першымі паказчыкамі старэння, але гэта не павінна ўспрымацца як прыгавор. Часта хвароба становіцца яшчэ адной задачай у пажылым узросце, з якой можна і трэба справіцца.
Калі асабіста я сустракаюся са старэйшым пакаленнем, заўважаю, што гэта можа быць перыядам новага вопыту, хоць, вядома, і новых праблем, і выклікаў. Найлепш, калі чалавек усведамляе, што старасць для яго – чарговы этап развіцця, яшчэ адзін адрэзак жыцця, якое не заканчваецца.
Безумоўна, старасць – такі перыяд, да якога трэба прызвычаіцца, уладкавацца па-новаму. Напрыклад, з аднаго боку, пажылы чалавек павольней прымае рашэнні, а з другога боку, у яго ёсць магчымасць нечаму навучыцца. Далей, напрыклад, слабее яго сексуальная патрэба, але яму неабходна больш фізічнай прысутнасці і цяпла ад сваіх блізкіх.
Да чаго трэба быць падрыхтаваным і на што звярнуць увагу старэйшым людзям? (Карысна будзе і тым, сярод каго яны знаходзяцца.)
1. Не ізалюйцеся. Некаторыя думаюць, што жыццё ўжо скончана, і пачынаюць ігнараваць усё, што адбываецца вакол. Не трэба жыць толькі ўспамінамі. Гэта можа прывесці да дэпрэсіі.
2. Падтрымлівайце актыўнасць, сувымерную здароўю. Важна заставацца сацыяльна актыўным і творча ўцягнутым у жыццё. У той жа час трэба падтрымліваць свой лад жыцця на ранейшым узроўні з улікам працякання асабістых фізіялагічных працэсаў.
3. Прыміце свае гады як сваё багацце. Ёсць пажылыя людзі, якія, на жаль, не пагаджаюцца прызнаваць свой узрост і такім чынам, напрыклад, пачынаюць празмерна крытыкаваць моладзь, не церпяць яе паводзін, не ўспрымаюць штосьці новае.
4. Не засяроджвайцеся на перавагах старасці. Напрыклад: “Калі я стары, вы павінны мне дапамагаць”, “Мне ад усіх патрэбны клопат і апека”. Такое эгаістычнае стаўленне не дае пажылому чалавеку магчымасці паглядзець на новы этап жыцця як на магчымасць узяцца за чарговыя задачы і паставіць перад сабой наступныя мэты. Старасць успрымаецца як перыяд уласнай ляноты і нагнятання, незацікаўленасці сабою.
5. Не бойцеся старэць. Непрымірымасць з працэсам старэння – гэта цяжкі эмацыянальны перыяд для многіх. Чалавек можа адчуваць сябе нікому не патрэбным, а час, які мінуў, нярэдка разглядаецца як катастрофа. Неабходна памятаць пра свае дасягненні і глядзець на далейшае жыццё як на магчымасць зрабіць яшчэ шмат розных і цікавых спраў.
Асобна хачу адзначыць веру. Яна дае пажылому чалавеку дзіўны вопыт асаблівых адносін з Богам. Вера становіцца лекам ад многіх цяжкасцей, якія перажываюцца ў сталым узросце. Таму гэты час варта прысвяціць умацаванню адносін з Богам.
Безумоўна, варта адзначыць, што выхад на пенсію і цяжкае эканамічнае становішча – асаблівы выклік для нашых людзей. Аднак варта паспрабаваць прыстасавацца да новых жыццёвых сітуацый, праяўляць менш варожасці і прэтэнзій да акружэння, а атрымліваць (і шукаць) больш уражанняў, якія здольны падарыць шмат пазітыўных эмоцый.
Давайце ставіцца да пажылых людзей як да годных істот, створаных і любімых Богам. Памятайма, што пакуль чалавек жыве, Бог мае для яго заданне. Не ігнаруйма пажылых асоб.
Паводле “Слова Жыцця”,кс. Павел Салабуда