Калі задумацца, прычыны сваркі амаль заўжды адны і тыя ж. Мы маем адзін да аднаго падобныя прэтэнзіі. Часта можна, напрыклад, пачуць: “Таму што ты заўсёды...”, “Таму што ты ніколі...”. Дэцыбелы слоў настолькі высокія, што мы не чуем адзін аднаго. Фразы становяцца ўдарамі, ад якіх пачынаем абараняцца. Атакуем апанента, не жадаючы шукаць рашэння разам. А калі па-іншаму паглядзець на сітуацыю?
Не сакрэт, што каб не трапіць у пэўную непрыемную сітуацыю, трэба старацца яе не дапусціць. У гэтым сэнсе вялікім укладам становіцца праца над здаровымі адносінамі. Менавіта на гэтым будуецца трывалы і моцны саюз, дзе патрэбы абодвух бакоў аднолькава важныя. Варта заўсёды імкнуцца да цвярозага розуму, каб расчараванне або пачуццё крыўды не сталі для нас вырашальнымі.
Самым важным паказчыкам здаровых адносін з’яўляецца здольнасць дамаўляцца і знаходзіць кампраміс. Вельмі папулярныя два спосабы дасягнуць згоды:
1. Рэагаваць раней, чым расчараванне стане занадта моцным;
2. Дамовіцца з іншай асобай вярнуцца да размовы, калі суцішацца эмоцыі.
Немалаважным тут з’яўляецца і тэмперамент – тое, з чым мы прыходзім у свет. Яго, як правіла, нельга змяніць – гэта прыроджанае. А наша асоба ў значнай ступені залежыць ад адносін з акружэннем: напрыклад, у добрым асяроддзі мы будзем адчуваць больш станоўчых эмоцый, якія апраўдаюцца ў нашым далейшым жыцці. І наадварот, калі чалавек у дзяцінстве адчуваў моцную крытыку або пачуццё віны, усё гэта накладзе яшчэ большы адбітак на яго псіхіку.
Каб пазбавіцца ад непрыемных наступстваў канфліктнай сітуацыі, варта звярнуць увагу на наступныя моманты:
1. Засяродзіцца на тым, з кім будуем адносіны, і толькі пасля на тым, якія маем патрэбы. Карысна назіраць адзін за адным: напрыклад, як праводзім вольны час, у якім тэмпе і з якой гучнасцю размаўляем, ці маем схільнасць да імпульсіўных дзеянняў, наколькі лёгка пераключаемся з адной справы на іншую і г. д.
2. Узгадаць, што мы вынеслі з родных дамоў. Вельмі часта, будучы сведкамі таго, які шлях зносін выбралі бацькі, мы міжвольна вучымся ў іх: як камунікаваць адзін з адным, як рэагаваць на канфлікты.
3. Вызначыцца са сваімі паводзінамі, каб яны не ўскладнялі вырашэнне нялёгкай сітуацыі. Ведаючы сябе лепш за астатніх, паведамім пра свае чаканні і будзем адкрытымі на патрэбы бліжняга.
4. Не падпарадкоўвацца ў канфлікце, а на роўных з іншым чалавекам рэагаваць на існуючыя праблемы. Прабачаць узаемна і старацца быць гібкімі ў залежнасці ад сітуацыі.
Калі мы паклапоцімся найперш аб здаровых адносінах і зразумеем, што яны з’яўляюцца вызначальнымі, то сваркі можна пазбегнуць на самым пачатку. Варта пастаянна намагацца пачуць адзін аднаго. Калі мы будзем кіравацца прынцыпам узаемнай павагі, разумення і адкрытасці да іншага чалавека, то з цягам часу выпрацуем выхады са складаных жыццёвых сітуацый, якія будуць задавальняць абодва бакі. Пры гэтым варта не забываць: над любымі адносінамі трэба працаваць нястомна.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Павел Салабуда