Паводле даных Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у 2011 годзе Беларусь – краіна далёка не самая вялікая па колькасці насельніцтва – займала другое месца ў свеце па колькасці разводаў. На першым месцы знаходзілася Расія, на трэцім – Латвія. Па статыстыцы Белстата, у 2020 годзе ў нашай краіне зарэгістравана 50 384 шлюбы, разводаў жа – 35 144. У 2011 годзе ажанілася 86 785 пар, а развялося 38 584. Колькасць насельніцтва ў краіне ў абодва гэтых года была вельмі падобная.
Зыходзячы з таго, што сям’я – важная частка грамадства, даныя прымушаюць задумацца. Чаму людзі, якія жадалі быць разам, кахалі адзін аднаго, разыходзяцца?
На думку медыятара Мікалая Хацяновіча, які правёў некалькі соцень сямейных медыяцый, пары часцей за ўсё заканчваюць свае адносіны не з-за асабістых якасцей аднаго з бакоў, а з-за асобных сітуацый, пасля якіх другая асоба не ведае, як далей заставацца разам.
Мікалай Хацяновіч у сферы сямейнай медыяцыі працуе ад пачатку існавання гэтай галіны ў Беларусі. Двойчы – у 2016 і 2017 гадах – мінскі Цэнтр медыяцыі і перамоў прызнаваў яго Медыятарам года.
Эксперт распавёў, як і чым медыятар можа дапамагчы ў вырашэнні спрэчак, чаму парам цяжка будаваць зносіны, а таксама падзяліўся некалькімі каштоўнымі лайфхакамі па будаванні неканфліктнай камунікацыі.
Што такое сямейная медыяцыя?
Закон “Аб медыяцыі” быў прыняты ў Беларусі ў 2013 годзе, таму прафесія медыятара, у тым сямейнага, даволі маладая. Яго роля – дапамагчы вырашыць спрэчку, якая ўзнікла паміж бакамі падчас шлюбаразводнага працэсу альбо ў выніку яго. Да гэтай катэгорыі адносяцца таксама спадчынныя спрэчкі, спрэчкі паміж бакамі, якія знаходзяцца ў роднасных сувязях. Сямейная медыяцыя – гэта перамовы бакоў з удзелам нейтральнага пасрэдніка з мэтай паляпшэння ўзаемадзеяння паміж бакамі і самастойнага вырашэння імі сітуацыі. Сямейных медыятараў няшмат. Спрэчкі ў гэтай сферы самыя складаныя і самыя эмацыянальныя.
Што датычыць спрэчак, звязаных са скасаваннем шлюбу, то каля 70% зваротаў – гэта накіраванні з суда. Такія спрэчкі датычаць, між іншым, аліментаў, раздзялення маёмасці, парадку адносін з дзецьмі, дачы дазволу на перапрапіску дзяцей, што патрабуе згоды абодвух бацькоў. У паведамленні аб прыёме іску аб скасаванні шлюбу, а таксама на кожным пасяджэнні суд рэкамендуе парам звярнуцца ў працэдуру медыяцыі для абмеркаваня пэўных момантаў. Падчас інфармацыйнай сустрэчы спецыяліст “дыягнастуе”, ці падлягае дадзеная сітуацыя вырашэнню працэдурай медыяцыі.
Як тлумачыць спадар Мікалай, у класічнай медыяцыі да невырашальных спрэчак адносяцца, напрыклад, выпадкі, калі ў пары выступала насілле. Хаця, на думку эксперта, няма немедыябельных спрэчак, бываюць толькі “недамоваздольныя людзі”. У выпадку пар, дзе ёсць насілле, спецыфіка працы іншая, але яна ўжо прымяняецца і дапамагае.
Медыятар адзначае важнасць згаданай інфармацыйнай сустрэчы. Яна не з’яўляецца пачаткам самога працэсу медыяцыі, але ўжо адыгрывае ролю “навучання камунікацыі”. Як правіла, дзякуючы інфармацыйнай сустрэчы бакі пачынаюць больш слухаць адзін аднаго, пачынаюць размаўляць, спрэчка становіцца больш зразумелай для іх саміх. Пасля ўдзельнікі вырашаюць, ці вярнуцца ў суд, ці “адысці ў працэдуру медыяцыі”. Вельмі частая сітуацыя, калі пасля адной гэтай сустрэчы з медыятарам бакі забіраюць іскі або вырашаюць не разводзіцца.
Паводле слоў спецыяліста, у большасці выпадкаў на нейкім этапе працэсу бакі вяртаюцца да медыяцыі, бо разумеюць, што “ў судзе не ўсё так проста”, а медыяцыя дапамагае калі ўжо і разысціся, то “па-чалавечы”.
Спадар Мікалай тлумачыць, што падчас працэдуры бакі могуць вырашыць усе спрэчныя пытанні і заключыць медыятыўнае пагадненне, якое мае юрыдычную сілу. Існуе таксама дадатковы бонус для матывацыі бакоў дамаўляцца – вяртанне даволі вялікай дзяржпошліны ў выпадку вырашэння спрэчкі. Як дзеліцца спецыяліст, пасля гэтага новаўвядзення зваротаў стала значна больш. “Калі ў 2015 годзе 15 зваротаў за год было нормай, то цяпер гэта больш за 150 медыяцый, больш за 200 інфармацыйных сустрэч”. Людзі хочуць ашчадзіць грошы, але “самае важнае, што ўсё-такі гэтая працэдура працуе”. Выканальнасць дамоўленасцей у медыяцыі дасягае 95%, паколькі бакі самі выпрацоўваюць іх. Рашэнні ж судоў выконваюцца толькі на 30%.
Мэта сямейнай медыяцыі
Медыятар не займаецца прымірэннем з мэтай захавання шлюбу, бо ён не спецыяліст у гэтай галіне. Ён дапамагае праясніць нейкія важныя моманты, навучыцца камунікаваць, і калі парам гэта дапаможа працягнуць адносіны, медыятар будзе рады. Працэнт, калі “бакі даюць сабе другі шанс” і застаюцца разам, даволі вялікі – каля 15% ад усіх зваротаў. Гэта датычыць і зваротаў з судовых пасяджэнняў, і тых 30% сітуацый, калі людзі звяртаюцца да медыятара па чыёйсцьці рэкамендацыі, не дайшоўшы яшчэ да суда.
У выпадках пазасудовых зваротаў пары могуць прыняць удзел у працэдуры аднаўленчай медыяцыі, звязанай якраз з жаданнем захаваць зносіны. Спадар Мікалай адзначае, што зараз вельмі часта да іх звяртаюцца мужчыны: “Яны выступаюць за тое, каб правесці гэтую працэдуру сумесна з жонкай, пагаварыць, абмеркавайць нейкія рэчы. То-бок, яны супраць скасавання шлюбу”.
Як і ў чым дапамагае медыяцыя
Па словах эксперта, ёсць шмат рэчаў, якія праз суд немагчыма альбо вельмі доўга трэба вырашаць. У медыяцыі ж атрымліваецца знайсці выхад і часта нашмат хутчэй, без складання іскаў, правядзення экспертыз, збору папер і доказаў.
Асаблівасць медыяцыйнага працэсу заключаецца ў тым, што падчас яго бакі вучацца будаваць камунікацыю, з дапамогай якой самастойна прымаюць рашэнне. Дзякуючы гэтаму далейшыя спрэчныя моманты яны таксама вырашаюць самі. Гэта можна назваць самым вялікім навучальным эфектам медыяцыйнага працэсу. Ключавыя навыкі, якія атрымліваюць удзельнікі медыяцыі – гэта ўменне слухаць другога і жаданне разумець. Медыятар яшчэ падчас інфармацыйнай сустрэчы “праграміруе” бакі на тое, што хоць і магчымыя нейкія непрыемныя моманты, усе сабраліся, каб дамовіцца. Аповед адной асобы можа цалкам адрознівацца ад таго, што раскажа другая, але яна так бачыць гэтую сітуацыю, таму варта спрабаваць яе зразумець, выслухаўшы.
Як разважае спадар Мікалай, у многіх з дзяцінства не было прыкладу нармальнага выслухоўвання і разумення. У выніку “часта бакі ніколі ў жыцці не слухалі больш, чым трэба”. У медыяцыі ж, нават калі непрыемна, трэба выслухаць больш. Калі штосьці раздражняе, мы часта можам вешаць ярлык, бо “выслухаць і пачуць другі бок – гэта праца. А працаваць мы незапраграміраваныя. Нам трэба каб сітуацыя была прасцей”. Карацей кажучы, гэта прыкладна так: “Дурань”. – “Сам дурань”.
Такім чынам медыятар вучыць бакі слухаць адзін аднаго і ўсведамляе, што пытанні адной асобы могуць вырашыцца з улікам інтарэсаў другой, і толькі такім шляхам можна дайсці да прымірэння. Атрымліваецца, што з дзвюх гісторый медыятар стварае адну, агульную, якую пара будзе сумесна вырашаць.
У гэтым працэсе роля медыятара заключаецца таксама ў тым, як тлумачыць наш эксперт, каб выявіць сапраўдныя інтарэсы бакоў, скрыты матыў канфлікту. Прыкладам тут можа быць спрэчка аб месцы жыхарства дзіцяці. За жаданнем, каб дзіця жыло з адным з бацькоў, можа хавацца неахвота плаціць аліменты. Іншы прыклад, калі мама не хоча, каб дзіця праводзіла час з татам, і ніяк не тлумачыць прычыны, якімі можа быць і матэрыяльны інтарэс, і нежаданне кантакту дзіцяці з іншай жанчынай. У судзе скрытыя матывы не заўсёды агучваюцца альбо імі не цікавяцца. Спадар Мікалай таксама адзначае, што часам чалавек сам можа іх не разумець. Медыятар жа павінен да іх дакапацца, “пакласці на стол” гэтыя матывы, каб бакі “не саромеліся іх паказаць”. Пасля людзі пачынаюць працаваць, каб задаволіць патрэбы абодвух бакоў. Калі такое рашэнне знаходзіцца, удзельнікі медыяцыі яго абмяркоўваюць, а затым яно кладзецца ў аснову медыятыўнага пагаднення.
Не заўсёды пра развод
У гэтым месцы ў кантэксце скрытых інтарэсаў варта ўзгадаць прычыну разводу, якая агучвалася напачатку: няведанне, як заставацца з асобай пасля непрыемнай сітуацыі, пасля расчаравання. Як тлумачыць спадар Мікалай, тут за выражэннем “Я не хачу больш быць з ім!” часта стаіць жаданне схавацца ад болю, з якім не атрымліваецца справіцца іншымі спосабамі.
Часцей за ўсё, як заўважае медыятар, прыходзяць пары, у якіх гаворка ідзе не пра развод, а пра тое, што няправільна будавалася камунікацыя альбо ўзнік канфлікт каштоўнасцей. “Я бачу маркеры адразу. Бываюць сітуацыі, калі людзі сядаюць адзін насупраць аднаго і пачынаюць пытацца: а ты чаму так зрабіў? Тут справа ў адказнасці, якую адзін бок хоча перадаць другому”, – гаворыць спадар Мікалай. У такіх выпадках важна, каб бакі атрымалі ад медыятара “інструменты”, што прымусяць іх “задумацца, пасядзець, штосьці павырашаць”.
Як дзеліцца эксперт, у выпадках, калі гаворка ідзе пра выясненне супярэчнасцей, ён можа нават даць парам “хатняе заданне” – напісаць, што іх на самой справе не задавальняе ў другой асобе. Калі нейкая рыса сустракаецца ў спісе некалькі разоў, толькі па-рознаму сфармуляваная, ён робіць выснову, што не была задаволена нейкая канкрэтная патрэба. Так, напрыклад, калі адносна мужа жонка піша, што ён “не абаронца”, “слабак”, значыць, ён некалі яе не абараніў. Пры супольнай або індывідуальнай сустрэчы з кожным з бакоў у такім выпадку можа высветліцца, што ў канфлікце са свякроўю муж не заступіўся за жонку і цяпер яна не ведае, як далей яму давяраць. У такіх сітуацыях прэтэнзія скіравана не да асобы, а да яе дзеяння.
“Там, дзе пра дзеянні, там няма разводу. Вопытны медыятар праводзіць дыягностыку паводзін і стану сужэнцаў і дапамагае ім самастойна разабрацца. То-бок, проста дае «інструменты», у тым ліку па неканфліктных зносінах. І гэты механізм заразлівы. Далей бакі ўжо пачынаюць самі абмяркоўваць праблемы, пачынаюць дамаўляцца”, – падагульняе спадар Мікалай.
Паводле "Слова Жыцця", Кацярына Паўлоўская