Часцей за ўсё падобныя сітуацыі бываюць, калі дзіця губляе давер да бацькоў. Тады яно не хоча размаўляць, не гаворыць пра свае праблемы, а на кожнае пытанне адказвае ўхіліста. Што трэба рабіць, каб дзіця зноў стала адкрытым на сваіх бацькоў? Адзін з найбольш эфектыўных спосабаў – спецыяльныя гульні ў давер.
Аднак спачатку неабходна зразумець, адкуль бяруцца такія сітуацыі, калі дзіця закрываецца ад сваіх блізкіх. Здавалася б, яно наадварот павінна мець найлепшы кантакт з бацькамі. Але, на жаль, так бывае не заўсёды. Усім нам добра вядома выхаваўчая ісціна, што дзіця вучыцца розным жыццёвым правілам ад дарослых. Давайце ўявім сітуацыю, калі мама пытаецца ў таты, як было на працы, а ён адказвае толькі нешта накшталт “нічога новага”. Спытайма ў сябе, які ўрок атрымлівае дзіця, чуючы такую гутарку? Калі бацькі хочуць, каб іх сын ці дачка размаўлялі з імі, самі спачатку павінны навучыцца размаўляць.
Такім чынам, каб разабрацца, што рабіць з дзецьмі, калі губляецца сувязь, трэба пачаць з бацькоў.
1. На працягу некалькіх дзён уважліва назірайце, як вы размаўляеце паміж сабой і з дзіцём, звяртайце ўвагу на тое, як яно рэагуе на розныя сітуацыі дома.
2. Усе назіранні запісвайце, але не каментуйце. Прытым кожны з бацькоў павінен рабіць уласныя нататкі.
3. Праз некаторы час прачытайце запісы адзін аднаму і параўнайце апісаныя паводзіны. Верагодна, вас чакае мноства сюрпрызаў.
4. Падлічыце сітуацыі, у якіх вашы паводзіны дакладна паўтарыліся. Напрыклад, калі бацькі не ядуць разам на кухні, не дзіўна, што дзіця есць альбо перад тэлевізарам, альбо ў адзіноце ў сваім пакоі.
5. Усведамляючы, што дзіця капіруе паводзіны бацькоў, спачатку выпраўце ўласныя памылкі ў зносінах. Нельга рабіць дзецям заўвагі за тое, што робім мы самі. Варта таксама ў размове з дамачадцамі пазбягаць пастаяннай ацэнкі, крытыкі і натацый.
Другі этап – праца разам з дзіцём. Калі сын ці дачка малыя альбо малодшага школьнага ўзросту, можна прапанаваць ім гульню з пытаннем “дзе ты любіш знаходзіцца?”. На аркушы паперы трэба запісаць розныя месцы, дзе бывае дзіця (напрыклад: дом, школа, спартыўны клуб, дом бабулі ды дзядулі і да т. п.), а затым прапанаваць малому раскласці картачкі з нумарамі ў адпаведнасці з правілам: першая – дзе падабаецца быць больш за ўсё, а апошняя – дзе менш за ўсё. Акрамя таго, гульня і сумесная праца дазволяць бацькам наблізіцца да дзіцяці. Калі ж сын ці дачка дарослыя, можна з імі пагаварыць на гэтую тэму альбо прапанаваць разам наведаць любімыя месцы. Падчас такой гульні можна задаваць розныя пытанні, што датычаць выбраных месцаў, а дзіця павінна расказаць пра свае перажыванні і пачуцці, звязаныя з імі.
Нельга забываць, што крыніцай прыгнечанасці дзіцяці могуць быць і яго адносіны з людзьмі. Калі справа менавіта ў гэтым, можна прыдумаць іншую гульню. Напішыце на асобных картках імёны людзей, з якімі дзіця часцей за ўсё кантактуе, а затым, задаючы разнастайныя пытанні (напрыклад, з кім яно хацела б паляцець у космас і да т. п.), прапануйце наўгад выцягнуць карткі. Назірайце за рэакцыяй дзіцяці на выбраныя імёны.
Памятайма, што гульні вельмі расслабляюць дзяцей і спрыяюць большай адкрытасці. Такая форма камунікацыі будзе лепшай, чым дабівацца сур’ёзнай размовы альбо крычаць на дзіця. Важна выкарыстаць кожную магчымасць зблізіцца са сваім сынам ці дачкой, якія ў любы момант могуць прызнаць, што з бацькамі можна размаўляць.
Добрым прыкладам у выхаванні дзяцей і моладзі з’яўляецца св. Ян Боско, які выдатна разумеў, што каб наладзіць з дзіцём добры кантакт, варта прапанаваць яму заняткі, якія падабаюцца, якіх чакае. Няма дзяцей, што не любілі б гуляць, таму такім чынам можна вельмі дапамагчы сабе ў іх выхаванні.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Павел Салабуда