13 сакавіка – 6-ая гадавіна пантыфікату папы Францішка
Рашучасць у рэфармаванні Касцёла, важныя экуменічныя жэсты і чарговыя навінкі, багаты план абвешчаных і рыхтуемых паездак – вось вобраз пантыфікату Святога Айца Францішка. Чым ён адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў? На якія важныя падзеі яго паслугі варта звярнуць увагу?
Сапраўдны рэкардсмен
Папа Францішак – першы Святы Айцец у гісторыі, які паходзіць з Паўднёвага паўшар’я, з Амерыкі, а таксама першы з па-за межаў Еўропы за апошнія 1300 гадоў. На пасадзе св. Пятра ён з’яўляецца таксама першым айцом езуітам і першым, хто абраў імя Францішак.
Любіць непасрэдны кантакт з людзьмі
У адрозненне ад сваіх папярэднікаў папа Францішак асабіста тэлефануе, куды трэба, не карыстаючыся дапамогай сакратара. З’яўляецца таксама “праблемным” падапечным для сваіх ахоўнікаў. Яго жаданне быць як мага бліжэй да людзей прыводзіць да таго, што Святы Айцец часта выслізгвае з-пад кантролю Ватыканскай гвардыі.
Не карыстаецца ватыканскім пашпартам
Папа Францішак з’яўляецца грамадзянінам 3-ох краін: Аргенціны (адкуль паходзіць), Італіі і Ватыкана. З любові да сваёй Бацькаўшчыны ён не прыняў ватыканскі пашпарт і надалей карыстаецца аргенцінскім дакументам.
Яго любімы/-ая
• Карціна: “Белае распяцце” пэндзля Марка Шагала.
• Кампазітар: Вольфганг Амадэй Моцарт. Францішак кажа пра яго: “Моцарт напаўняе мяне. Св. Імша ў до-міноры «Et Incarnatus Est» унікальная; яна ўзносіць да Бога”.
• Святая: Тэрэза з Лізье (вядомая таксама як св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча).
• Кніга: “Уладар пярсцёнкаў” Джона Толкіена (на аўтара спасылаўся нават у сваіх казаннях!).
• Фільм: “Дарога” рэжысёра Федэрыка Феліні, 1954 г.
Пастыр убогіх
Святы Айцец Францішак на ўласным прыкладзе вучыць, чым з’яўляецца адчувальнасць да ўбоства, цярпення і пераследу. Абараняе бежанцаў і ненароджаных дзяцей. Разам з тым ён не паддаецца ні левым, ні правым, застаючыся важнай крыніцай натхнення ў час, калі хрысціянскія ісціны ўсё больш маргіналізуюцца.
“Зялёны”, як св. Францішак
Экалагічная рыса і заклік да аховы прыроды, бясспрэчна, з’яўляецца адной з важнейшых адметнасцей пантыфікату папы Францішка. Шырокая лекцыя аб хрысціянскіх адносінах да прыроды і экасістэмы, змешчаная ў энцыкліцы “Laudato si” 2015 года, паказвае, што абыякавае стаўленне і знішчэнне навакольнага асяроддзя з’яўляецца цяжкім грахом і паставай, якая супярэчыць вучням Хрыста.
Адчыніў Брамы міласэрнасці
Адной з найважнейшых душпастырскіх ініцыятыў папы Францішка быў Надзвычайны Святы год міласэрнасці, які адзначаўся ва ўсіх дыяцэзіях свету. Яго дэвізам сталі словы: “Міласэрныя, як Айцец”. З нагоды Года міласэрнасці былі адчынены Святыя дзверы – Брамы міласэрнасці. Біскуп Рыма разаслаў па ўсім свеце 1071 святара – місіянераў міласэрнасці, якім даверыў уладу прабачэння грахоў, што належаць да юрысдыкцыі Апостальскай Сталіцы, і даручыў ім заданне абвяшчаць “радасць прабачэння”.
Здзейсніў 27 замежных падарожжаў
Многія апостальскія візіты папы Францішка былі арганізаваны на перэферыю свету, у найбяднейшыя краіны. Святы Айцец наведаў таксама 2 найважнейшыя палітычныя ўстановы Еўропы: Еўрапейскі парламент у Бруселі (Бельгія) і Раду Еўропы ў Страсбургу (Францыя). Ён з’яўляецца першым у гісторыі галавой Каталіцкага Касцёла, які сустрэўся з кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы патрыярхам Масквы і ўсяе Русі Кірылам.
Узнёс да хвалы алтара 2055 асоб
Да гэтага часу папа Францішак абвясціў 1176 бласлаўлёных і 879 святых, у ліку якіх яго папярэднікі Ян XXIII, Ян Павел II і Павел VI.
Кс. абп Габар Пінтэр, Апостальскі нунцый у Беларусі
Папа Францішак вылучаецца сваёй прастатой: у спосабе жыцця, у спосабе самавыражэння – такім ясным і непасрэдным. Я не аднойчы сустракаўся са Святым Айцом пры розных абставінах: у яго доме – Доме св. Марты – вельмі стрыманым і, у той жа час, прыгожым, гарманічным; і ў бібліятэцы Апостальскага палаца на афіцыйных сустрэчах.
Магу пацвердзіць, што папа Францішак – вельмі адкрыты, сардэчны чалавек. Ён прымае людзей з усмешкай, цёплымі словамі, выходзіць насустрач да дзвярэй, каб прывітацца. Мае добрае пачуццё гумару і любіць жартаваць. У часе размовы спакойны і лагодны. У яго выключная памяць – помніць усе дэталі. Любіць класічную музыку і часам слухае яе, працуючы.
Папа Францішак здольны глыбока разумець, адчуваць іншага чалавека, асабліва бедных, хворых, бяздомных, вязняў. Ён не стамляецца шукаць новыя магчымасці, каб выказаць ім сваю салідарнасць і дапамогу. Вельмі магчыма, што гісторыя запомніць яго як Папу, які, працягваючы лінію сваіх папярэднікаў, з велізарнай сілай аб’явіў Божую міласэрнасць і спагаду да людзей. Ён штодзённа падкрэслівае шчодрасць і мацярынскую любоў Госпада да кожнага чалавека.
З нашых сустрэч са Святым Айцом я не раз мог пераканацца, часам са здзіўленнем, наколькі добра ён ведае гісторыю, культуру і сучасную сітуацыю Беларусі. Беларускі народ знаходзіцца ў сэрцы Папы! З першага дня свайго пантыфікату і пры кожнай магчымасці Святы Айцец просіць кардыналаў, біскупаў, кіраўнікоў краін, вернікаў – усіх людзей добрай волі: “Маліцеся за мяне”.
І прасіў таксама мяне, каб разам з вамі – вернікамі з Беларусі – мы маліліся за яго, за ягонае служэнне.
Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Кожны Пантыфік з’яўляецца найперш наступнікам апостала Пятра. Яго асноўнае заданне – умацоўваць людзей у веры. Вядома, што змяняюцца стагоддзі, а з імі – і выклікі, на якія неабходна своечасова адказваць, бо жыццёвы цягнік можа адысці, пакідаючы пасажыраў, што займаюць месцы ў вагонах, без духоўнай дапамогі. Таму кожны Папа імкнецца да таго, каб гэты “цягнік” не застаўся без Касцёла. Гэта нялёгка ў свеце, дзе людзі жывуць так, быццам Бога не існуе.
Такім чынам, у Пантыфіку трэба бачыць перадусім Пятра нашага часу, які вядзе Касцёл шляхам яго ачышчэння і вяртання аўтэнтычнасці. Унікальнасць папы Францішка ў тым, што ў галаву вугла свайго служэння ён ставіць цноту міласэрнасці і служэння бліжнім, аб чым забываецца сучасны эгаістычны свет. Такім чынам ён на практыцы ажыццяўляе запаведзь Хрыста, каб любілі Бога і бліжняга, бо любоў крэатыўная і здольная будаваць новы справядлівы свет – цывілізацыю жыцця.
Біскуп Рыма вельмі моцна клапоціцца пра маральны стан чалавецтва і заўсёды заахвочвае духавенства і свецкіх таксама памятаць аб ім. Папа Францішак нагадвае, што заданне святара – весці чалавека шляхам збаўлення, заданне ж хрысціяніна – быць сведкам Хрыста і заставацца верным свайму пакліканню. Святы Айцец заклікае таксама не забывацца пра тое, як старэйшае пакаленне захавала веру ў абставінах жорсткага яе пераследу. Таму сёння перад абліччам секулярызму неабходна браць прыклад з гэтых асоб, каб адважна трымацца вызнаваемых каштоўнасцей.
Папа Францішак рэагуе на выклікі сучаснасці, імкнучыся дапамагчы людзям захаваць веру і абараніць яе. Яго адметнасць у тым, што не адкладае справы на заўтра, а стараецца вырашыць іх тэрмінова. Прыкладам гэтага з’яўляюцца Сіноды, прысвечаныя сем’ям і моладзі, а таксама сустрэча старшынь біскупскіх канферэнцый свету па вельмі балючай тэме абароны непаўналетніх.
Падчас Сінода біскупаў, прысвечанага моладзі, у мяне была магчымасць сустракацца з папам Францішкам амаль кожны дзень. Я жыў у Доме св. Марты, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Пантыфіка, таму такія спатканні адбываліся ў сталовай, у калідоры і па дарозе на сінадальныя пасяджэнні. Нядаўна я зноў убачыўся з Папам падчас сустрэчы старшынь канферэнцый біскупаў са ўсяго свету. Трэба сказаць, што ён добра ведае пра Беларусь, памятае візіт прэзідэнта і яго запрашэнне наведаць нашу краіну. Аднак пакуль што не называе канкрэтнай даты.
Святы Айцец вельмі лёгка кантактуе з кардыналам, біскупам, святаром, кансэкраванай асобай і простым вернікам. У перапынках паміж пасяджэннямі Папа ішоў разам з іншымі ўдзельнікамі на каву, размаўляў з імі.
Не адмаўляў, калі хтосьці хацеў сфатаграфавацца з ім. У сталовай Дома св. Марты ён сам сабе падаграваў ежу ў мікрахвалёўцы, мыў садавіну і г. д. Я меў цудоўную магчымасць асабіста дасведчыць, што галава Касцёла па прыкладзе Хрыста з’яўляецца ўвасабленнем прастаты і служэння іншым.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"