13 сакавіка адзначаецца пятая гадавіна з часу абрання на Святы Пасад Папы Францішка. Роўна пяць гадоў таму кардынал Жан-Луі Таран паведаміў з балкона базылікі св. Пятра: “У нас ёсць Папа”. Калегія Кардыналаў абрала Пантыфікам кардынала Хорхе Марыё Берголіа з Аргенціны.
“Браты і сёстры, добры вечар. Вы добра ведаеце, што задачай канклаву было абранне біскупа для Рыма. Здаецца, што мае браты кардыналы знайшлі яго амаль на канцы свету. Дзякую вам за прыняцце. Дыяцэзіяльная супольнасць Рыма, дзякую вам”, – гэтымі словамі Святы Айцец Францішак распачаў свой пантыфікат як 265-ы наступнік св. Пятра (266-ы Папа).
На пачатку сваёй першай прамовы ён папрасіў аб малітве за Пантыфіка на пенсіі Бэнэдыкта XVI, a затым дадаў: “Мы разам пачынаем наш супольны шлях: біскуп і народ. Гэта вандроўка Касцёла ў Рыме, які праводзіць яе ў любові. Молімся за сябе, молімся за ўвесь свет”. На заканчэнне, схіліўшы галаву, Папа звярнуўся з просьбай да ўсіх прысутных: “Перш чым вас благаслаўлю, памаліцеся за мяне”.
10 найважнейшых падзей пантыфікату
- Сусветны дзень моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра
Папа Францішак знаходзіўся ў Бразіліі на святкаванні XVIII Сусветных дзён моладзі 22-28 ліпеня 2013 г. Згодна са словамі Езуса: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”, якія былі дэвізам сустрэчы, Пантыфік заклікаў моладзь адважна ісці за голасам веры і несці яе ва ўсе канцы зямлі. У вялікім свяце веры прыняло ўдзел каля 3 млн маладых людзей з усяго свету, у тым ліку з Беларусі.
- Адгартацыя “Evangelii gaudium”
Aдгартацыя “Evangelii gaudium” была прэзентавана 26 лістапада 2013 г. Гэта праграмны дакумент пантыфікату Папы Францішка, пра што гаворыць у ёй сам Святы Айцец: “Мару пра місіянерскі выбар, здольны перамяніць усё, каб звычаі, стылі, расклад заняткаў, мова і ўсе касцёльныя структуры сталі адпаведным каналам больш для евангелізацыі сённяшняга свету, чым для захавання стану рэчаў”. Касцёл павінен быць у “пастаянным стане місіі”. Гэта патрабуе адмаўлення ад зручнага пераканання, што “заўсёды так рабілася”.
- Папа Францішак у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу
Папа наведаў дзве найважнейшыя палітычныя ўстановы Еўропы: Еўрапейскі парламент і Савет Еўропы ў Страсбургу 25 лістапада 2014 г. Ён звярнуўся з дзвюма важнымі прамовамі, якія датычылі сённяшняга стану і будучыні нашага кантынента, былі сустрэты з энтузіязмам і мелі шырокае рэха. “Надышла пара, каб супольна будаваць Еўропу, што верціцца не вакол эканомікі, а вакол святасці чалавечай асобы”, – сказаў Святы Айцец у Еўрапарламенце.
- Энцыкліка “Laudato sì”
Першая ў гісторыі Касцёла энцыкліка, цалкам прысвечаная абароне натуральнага асяроддзя чалавека, выйшла 18 чэрвеня 2015 г. Папа нагадвае ў ёй, што кожны з нас з’яўляецца часткай прыроды і ад яе залежыць, а сённяшнія пагрозы патрабуюць рашучага “экалагічнага навяртання”.
- Папа Францішак у ЗША
Папскі візіт у ЗША пад дэвізам “любоў – наша місія”, адбыўся 22-27 верасня 2015 г. Пантыфік наведаў тады між іншым галоўную сядзібу ААН, дзе звярнуўся з прамовай, і прыняў удзел у VIII Міжнароднай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі. У прамове ў Агульным сходзе ААН у Нью-Ёрку Папа нагадаў, што свет рашуча патрабуе ад усіх кіраўнікоў паспяховай абароны прыроднага асяроддзя, якая выражаецца ў канкрэтных кроках, і як мага хутчэйшай перамогі з’явы грамадскага і эканамічнага выключэння.
- Гістарычная сустрэча з Патрыярхам Маскоўскім
Першая ў гісторыі сустрэча кіраўніка Каталіцкага Касцёла з кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы, Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, адбылася ў аэрапорце ў Гаване 12 лютага 2016 г. Яна завяршылася падпісаннем супольнай каталіцка-праваслаўнай дэкларацыі, у якой абодва царкоўныя лідары адзначылі, што ў сучасным свеце католікі і праваслаўныя пакліканы да братэрскага супрацоўніцтва ў абвяшчэнні Добрай Навіны і да супольнага сведчання.
- Апостальская адгартацыя “Amoris Laetitia”
Прэзентацыя постсінадальнай адгартацыі Папы Францішка “Amoris Laetitia” адбылася 8 красавіка 2016 г. Яна падсумоўвае XIV Звычайнае пасяджэнне Сінода Біскупаў на тэму сям’і, якое адбылося ў Рыме ў кастрычніку 2015 г.
- Візіт на грэчаскі востраў Лесбас
Папа Францішак разам з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем і архіепіскапам Афін і ўсёй Грэцыі Іеранімам ІІ наведаў на грэчаскім востраве Лесбас лагер для бежанцаў 16 красавіка 2016 г. Падчас пяцігадзіннага візіту іерархі дзялілі з бежанцамі пасілак, падпісалі сумесную дэкларацыю і маліліся за тых, хто патануў у Эгейскім моры, накіроўваючыся ў Грэцыю.
- Сусветныя дні моладзі ў Кракаве
Пяцідзённы візіт у Польшчу (27-31 ліпеня 2016 г.) быў звязаны галоўным чынам з Сусветнымі днямі моладзі, якія праходзілі пад дэвізам “Благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць”. Падчас прабывання ў Польшчы Пантыфік ушанаваў таксама на Яснай Гары 1050-годдзе Хросту Польшчы, маліўся ў маўчанні на тэрыторыі былога нямецкага лагера Аўшвіц-Біркенаў і наведаў хворых дзяцей у кракаўскім шпіталі. У нядзелю падчас святой Імшы на заканчэнне СДМ з удзелам больш за 1,5 млн вернікаў, у тым ліку вялікай групы з Беларусі, Святы Айцец заклікаў маладых людзей з усіх кантынентаў, каб Евангелле было іх “навігатарам” на шляхах жыцця.
- Юбілей Міласэрнасці
Папа Францішак адкрыў Юбілейны Год Міласэрнасці 8 снежня 2015 г. Надзвычайны Юбілейны Год завяршыўся святой Імшой ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету 20 лістапада 2016 г. У гаміліі Пантыфік адзначыў, што не дастаткова верыць, “што Езус з’яўляецца Валадаром Сусвету і цэнтрам гісторыі, не робячы Яго Панам нашага жыцця: усё гэта дарэмна, калі мы не прымаем Яго асабіста і калі не прымаем таксама Яго спосабу панавання”.
Апрацаваў на аснове інтэрнэт-старонак кс. Юрый Марціновіч