17 снежня – 80-ы дзень нараджэння Святога Айца Францішка
17 снежня Папа Францішак адзначае свой 80-ы дзень нараджэння. Хорхе Марыё Берголіо нарадзіўся 17 снежня 1936 г. у Буэнас-Айрэсе і быў адным з пяцярых дзяцей у сям’і італьянскага імігранта – працаўніка чыгункі.
Па адукацыі з’яўляецца хімікам-тэхнолагам. 11 сакавіка 1958 г. уступіў у Таварыства Езуса, навіцыят праходзіў у Чылі, дзе вывучаў гуманітарныя дысцыпліны, а затым у каледжы св. Юзафа ў Сан-Мігель, дзе атрымаў ступень ліцэнцыята па філасофіі. Пасля выкладаў літаратару і псіхалогію ў каледжы Марыі Беззаганнай у Санта-Фе і каледжы Збаўцы ў Буэнас-Айрэсе.
13 снежня 1969 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, пасля чаго працягнуў вучобу ў Іспаніі, дзе 22 красавіка 1973 г. склаў вечныя манаскія абяцанні ў Ордэне езуітаў. Пасля вяртання на радзіму быў між іншым настаўнікам навіцыяту, выкладчыкам на тэалагічным факультэце ў сваім былым каледжы ў Сан-Мігеле, а ў 1973-79 гг. – правінцыялам езуітаў у Аргенціне.
З нагоды 80-га дня нараджэння Папы Францішка Ватыкан падрыхтаваў спецыяльную паштоўку з маркай і адмысловай пячаткай, што прадстаўляе юбіляра ў жэсце благаслаўлення.
Папа Францішак, нягледзячы на тое, што ведае некалькі моваў і атрымаў шырокую адукацыю, вядзе простае жыццё. Ён жыве не ў апартаментах Апостальскага палаца, а ў сціплым памяшканні ў Доме святой Марты на тэрыторыі Ватыкана. Ён не ездзіць на люксавых машынах, у Буэнас-Айрэсе нават карыстаўся грамадскім транспартам. Тэлефонныя званкі часта робіць сам, не просячы аб гэтым свайго сакратара. Такімі паводзінамі Пантыфік хука заваяваў сімпатыю многіх людзей, нават тых, хто не належыць да Каталіцкага Касцёла.
Сёння кожны з нас можа падарыць Святому Айцу нешта вельмі каштоўнае – малітву, аб якой ён просіць з самага пачатку свайго пантыфікату. Ужо крыху ведаючы яго, можна спадзявацца, што таксама ў свой 80-ы дзень нараджэння ён сціпла папросіць толькі аб малітве за сябе і скажа нам усім, што хацеў бы, каб усе мы спазналі радасць ад сустрэчы з Езусам, адчулі Яго чуласць і дазволілі, каб Бог напісаў для нас нашу гісторыю.
Будзем памятаць аб нашым Святым Айцу Францішку ў сваіх малітвах!