Папа ў Апостальскім лісце “Misericordia et misera”, апублікаваным на наступны дзень пасля завяршэння святкаванняў Юбілейнага Года Міласэрнасці, устанавіў новае свята. У XXXIII Звычайную нядзелю ўвесь Касцёл будзе адзначаць Сусветны дзень бедных.
“У святле “Юбілею выключаных з грамадства асобаў”, калі ва ўсіх катэдрах і санктуарыях у свеце зачыняліся Дзверы Міласэрнасці, я прыйшоў да высновы, што як далейшы канкрэтны знак гэтага Надзвычайнага Святога Года мы павінны адзначаць ва ўсім Касцёле, у XXXIII Звычайную нядзелю, Сусветны дзень бедных.
Гэта будзе найбольш годная падрыхтоўка да перажывання ўрачыстасці Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, які атаясамліваў сябе з самымі мізэрнымі і ўбогімі і будзе судзіць нас па ўчынках міласэрнасці (пар. Мц 25,31-46).
Гэта будзе дзень, які дапаможа супольнасцям і кожнаму ахрышчанаму ў разважанні над тым, што беднасць знаходзіцца ў самым цэнтры Евангелля, і над фактам, што, пакуль Лазар ляжыць ля дзвярэй нашага дома (пар. Лк 16,19-21), не можа быць ні справядлівасці, ні грамадскага міру. Гэты дзень будзе таксама аўтэнтычнай формай новай евангелізацыі (пар. Мц 11,5), пры дапамозе якой трэба аднавіць аблічча Касцёла ў яго адвечнай справе душпастырскага навяртання, каб быць сведкам міласэрнасці”, - піша Пантыфік.
JM