Папа ўдзяліў усім святарам уладу адпушчэння грахоў асобам, якія здзейснілі грэх аборту, працягваючы тым самым сваё рашэнне, якое абавязвала ў Юбілейны Год Міласэрнасці. Аб гэтым Пантыфік паведаміў у абвешчаным 21 лістапада 2016 г. Апостальскім лісце з нагоды заканчэння Юбілейнага Года “Misericordia et misera”.
У лісце, апублікаваным на наступны дзень пасля завяршэння святкавання Святога Года Міласэрнасці, Папа падкрэсліў, што споведзь павінна нанова заняць сваё цэнтральнае месца ў хрысціянскім жыцці.
“Таму патрэбны святары, якія прысвячаюць сваё жыццё служэнню паяднання, так, каб усе мелі магчымасць спазнаць вызваляючую моц прабачэння, якое нікому, хто шчыра скрушаны, не забараняе доступу да любові Айца, які чакае яго вяртання”, - дадаў Папа.
Затым Пантыфік піша: “З прычыны таго патрабавання, каб ніякая перашкода не стала паміж просьбай аб паяднанні і Божым прабачэннем, удзяляю з гэтай пары ўсім святарам, на моцы іх служэння, уладу адпушчэння грахоў асобам, якія здзейснілі грэх аборту”.
Папа нагадаў, што ўдзяліў гэтую ўладу абмежаваным чынам – на час Святога Года – у лісце з 1 верасня 2015 г.
“Тое, што я ўдзяліў абмежаваным чынам на перыяд Юбілею, становіцца зараз працягнутым у часе, незалежна ад якіхсьці супраціўных распараджэнняў”, - тлумачыць Святы Айцец.
Затым Папа адзначыў: “Хацеў бы падкрэсліць з усёй моцай, што аборт з’яўляецца грахом цяжкім, бо кладзе канец нявіннаму жыццю. Аднак жа з роўнай сілай магу і павінен сцвярджаць, што няма ніводнага граху, якога не магла б ахапіць і знішчыць Божая міласэрнасць, калі знаходзіць скрушанае сэрца, якое просіць аб паяднанні з Айцом”.
“Няхай жа кожны святар стане правадніком, падтрымкай і суцяшэннем, спадарожнічаючы пэнітэнтам на гэтым шляху асаблівага паяднання”, - заклікаў Пантыфік.
JM