Skip to main content

7 слоў, якія лепш за ўсё характарызуюць пантыфікат Папы Францішка

З моманту свайго абрання два гады таму Папа Рымскі Францішак імкліва змяніў вобраз усяго Каталіцызму. Прадстаўляем вашай увазе сем слоў, якія апісваюць яго рэвалюцыйны пантыфікат.

 

Мяккасць

Мяккасць займае цэнтральнае месца ў яго стылі; гэта інгрэдыент, які змякчае яго жэсты. Святы Айцец хоча зрабіць свет больш гуманным з дапамогай мяккасці: "І памятайце, сіла, але з мяккасцю".

Рух

Апостальскае навучанне Evangelii Gaudium можна разглядаць як маніфест Папы Францішка. Гэта гарачы заклік ўсіх каталікоў пакінуць свае зоны камфорту і смела распаўсюджваць хрысціянскае пасланне: "Я хачу бачыць дзеянні. Тут будзе шумна, я ўпэўнены. Тут, у Рыа, будзе, без сумненняў, шмат шуму. Але я хачу, каб вы былі пачутыя ў сваіх епархіях, я хачу, каб Касцёл выйшаў на вуліцы, я хачу, каб мы супрацьстаялі ўсяму марнаму, усяму статычнаму, усяму камфортнаму, усяму, што звязана з клерыкалізмам, усяму, што можа прымусіць нас зачыніцца ў сабе. Прыходы, школы, свецкія ўстановы былі створаны для руху. Калі яны не рухаюцца, то становяцца проста арганізацыямі. Касцёл не можа быць арганізацыяй", - сказаў Папа на Сусветным дні моладзі ў Бразіліі.

Пакінутыя

Папа Францішак часта асуджае жорсткасць грамадства, якое адракаецца ад найбольш уразлівых: дзяцей, беднякоў, хворых і старых: «Я спытаў адну жанчыну: "Вашы дзеці наведваюць Вас?" Яна адказала: "Так, наведваюць". І тады я спытаў, калі яны апошні раз прыязджалі. Яна адказала: "На Каляды". Але гэта быў жнівень! Восем месяцаў яна не бачыла сваіх дзяцей. Восем месяцаў яна была пакінутай. Гэта смяротны грэх. Вы разумееце?».

Перыферыя

Пры Папе Францішку змянілася таксама і геапалітычная стратэгія. Яго першы візіт адбыўся ў Лампедуза, выспа, на якую прыбывае вялікая колькасць мігрантаў. Першай еўрапейскай краінай, якую ён наведаў, стала Албанія, а яго першы візіт у Лацінскую Амерыку будзе ўключаць у сябе Балівію, Парагвай і Эквадор.

Таксама Папа прызначыў кардыналаў з Гаіці, Тонга і Буркіна Фасо - краін, прадстаўнікоў якіх у Ватыкане мала або няма зусім.

Святы Айцец упэўнены, што для разумення ўсяго таго, што адбываецца, трэба дайсці да ўскрайкаў гарадоў ці нават усяго свету.

Слёзы

На думку Пантыфіка, слёзы - адзіны дапушчальны адказ на чужы боль. Гэта яго спосаб асудзіць глабальную раўнадушнасць: "Я заклікаю ўсіх вас задаць самім сабе наступнае пытанне: Ці навучыўся я плакаць? Ці навучыўся я плакаць па тых, хто застаўся ў адзіноце? Ці навучыўся я плакаць па тых, хто мае праблемы з наркотыкамі? Па тых, хто пацярпеў ад гвалту?".

Радасць

Папа прапанаваў новы лад жыцця, які заключаецца ў яго прастаце і дабрыні. Ён стварыў атмасферу радасці вакол сябе: "Сведчыце аб той радасці, якую прыносіць сустрэча з Езусам, таму што, кожная сустрэча з Ім змяняе жыццё і напаўняе нас радасцю, радасцю, якая ідзе знутры. Гэтак жа, як і Гасподзь".

Радасць пранізвае жыццё Папы Францішка, што заўважальна пры кожным яго з'яўленні.

Паводле Rome Reports

Рэдагавана: 28 Лістапада 2015