Даменік Джані, Камандуючы Ватыканскай жандармерыяй, распавёў пра тое, як забяспечваецца бяспека Пантыфіка.
«Пагроза існуе. Гэта тое, што мы ўвесь час абмяркоўваем з нашымі італьянскімі і замежнымі калегамі. Але існаванне пагрозы і спланаваны напад - розныя рэчы. Магу сказаць, што сёння мы не ведаем аб існаванні якіх-небудзь планаў атакі на Ватыкан і Святога Айца», - кажа камандуючы ватыканскай жандармерыяй Даменік Джані.
«Мы пастаянна знаходзімся ў стане высокай боегатоўнасці, адпаведна абставінам. Пагрозу ўяўляе не толькі Ісламская дзяржава. Ёсць пастаянная рызыка індывідуальных нападаў, яны больш небяспечныя, паколькі поўнасцю непрадказальныя. Ёсць фанатыкі, псіхічна нездаровыя людзі, ман'які ці проста тыя, хто хоча зрабіць нешта скандальнае ў Ватыкане, каб прыцягнуць увагу масмедый», - працягвае Джані.
«Ахоўваць Папу, які ўвесь час мае кантакты з людзьмі - неверагодна складаная задача. Святы Айцец не збіраецца мяняць стылістыку свайго пантыфікату, заснаваную на блізкасці да людзей. Іншымі словамі, ён імкнецца да непасрэднага кантакту з людзьмі так часта, наколькі гэта магчыма. Нават цяпер, будучы Папам, Францішак хоча заставацца святаром, блізкім да сваёй паствы. Мы займаемся яго бяспекай і вымушаныя прыстасоўвацца да яго, а не наадварот. Мы павінны зрабіць усё магчымае для таго, каб Папа мог ажыццяўляць сваё служэнне так, як лічыць неабходным. Папа Францішак усведамляе ступень пагражаючай яму небяспекі, але ўсё, што яго турбуе - гэта яго паства», - дадае камандуючы жандармерыяй. «Ватыкан - асабліва прастора паміж базілікай святога Пятра, музеямі і заламі аўдыенцый - штодня наведваюць дзясяткі тысяч людзей, і яны павінны адчуваць сябе спакойна і ўпэўнена».
Даменік Джані запэўніў журналістаў, што Ватыканская жандармерыя актыўна супрацоўнічае з ісламскімі краінамі, «прадстаўнікі якіх не толькі даюць нам каштоўную інфармацыю, але таксама выказваюць павагу і захапленне дзеяннямі Святога Айца. Магу сказаць, што сучасны Іслам ўспрымае Папу Францішка як найбольш уплывовы маральны аўтарытэт у свеце».
Сёння Ватыканская жандармерыя налічвае 130 служачых, хоць, па словах яе камандуючага, «у сувязі з наяўнай рызыкай нас павінна быць больш». Аднак, падкрэслівае ён, існуюць і пэўныя абмежаванні. Кандыдат, жадаючы служыць Ватыкане, павінен адказваць шэрагу патрабаванняў. «Перш за ўсё, ён павінен быць добрым хрысціянінам і любіць Касцёл. Ён павінен мець вышэйшую адукацыю і мець рост па меншай меры 173 см. Ён не абавязкова павінен быць вайскоўцам, але ваенная спецыяльнасць павышае шанцы кандыдата. У ходзе апошняга набору на дваццаць месцаў прэтэндавала каля тысячы маладых людзей. Жанчын на службу мы не набіраем».
Крыніца: Vatican Insaider