На глыбокае значэнне першых слоў і жэстаў 265 намесніка Святога Пятра звяртае ўвагу ў інтэрв’ю для KAI прэфект Кангрэгацыі па справах каталіцкай адукацыі, кард. Зянон Грахалеўскі. Адначасова ён перасцерагае ад павярхоўнага разумення знешніх жэстаў Папы, якое не дасягае іх зместу і ясна выражанай напраўленасці на евангелізацыю.
Публікуем інтэрв'ю з кард. Зэнонам Грахалеўскім.
Ксёндз кардынал, прайшлі першыя месяцы пантыфікату папы Францішка. Якая Ваша думка наконт таго, які будзе пантыфікат?
Я лічу, што гэта вельмі патрэбны пантыфікат. Я хацеў бы звярнуць увагу, што на агульныя аудыенцыі, або таксама на нядзельную малітву “Анёл Паньскі” прыбывае вельмі шмат людзей. Ніколі не было іх так шмат, як напрыклад на мінулым тыдні, калі была запоўнена напалавіну Via della Conciliazione. Падобныя натоўпы можна заўважыць кожную сераду на агульнай аудыенцыі. Гэты Папа мае шмат што сказаць. Я жыву ў Рыме каля 50 гадоў, я прыехаў у вечны горад падчас пантыфіката Паўла VI, і на працягу гэтых гадоў у мяне была магчымасць назіраць тое, што кожны папа адрозніваецца ад іншых, ён акцэнтуе ўвагу на іншых праблемах у сваіх пропаведзях.
Папа Францішак пакарыў усіх сваёй прастатой і непасрэднасцю, а таксама і сваімі выказваннямі. На жаль, часта здараецца, што мы, ксяндзы, гаворым па-над галовамі людзей, не дасягаючы іх праблем, мы карыстаемся мовай, якую яны не разумеюць. Магу нават прывесці прыклад. На працягу некалькіх гадоў я быў Францыі і адпраўляў святыя Імшы ў вялікім неагатыцкім касцёле, які быў ужо прызначаны на разбурэнне, таму што не было верных. На нядзельную Эўхарыстыю прыходзіла 10-15 чалавек. Але прыйшоў новы каплан, і зараз той касцёл па нядзелях напоўнены людзьмі. Я выйшаў, каб паразмаўляць з ім. Я хацеў даведацца, чаму раней ніхто не прыходзіў, а зараз прыязджаюць нават здалёк. Я сустрэў сярод іх нават польскія сем'і і запытаў у іх: “Чаму вы прыходзіце ў гэты касцёл?”. Адказ быў такі: таму што тут атмасфера малітвы, прыгожая літургія, але асабліва яны падкрэслівалі, што ксёндз прамаўляе зразумелую навуку. Гэта нам паказвае, што мы павінны сабе ўсведамляць, да каго мы прамаўляем і якой мовай карыстаемся. Мы павінны падумаць пра інкультурацыю веры, нашай пропаведзі ў наваколлі, у якім мы жывем. Не трэба карыстацца мовай падручнікаў, але прыгатаваць простае казанне, хоць часта гэта зрабіць цяжэй. Але я ўпэўнены, што гэта неабходна.
Ці па-за межамі толькі духоўных і казнадзейскіх сфер у першы месяц гэтага пантыфіката можна было адзначыць якія-небудзь іншыя істотныя элементы?
Канешне. Святы Айцец вучыць нас чуласці адносна ўсякіх грамадскіх спраў, праблем бедных людзей, несправядлівага падзелу багаццяў зямлі. Пры чым неабходна захоўваць адчуванне рэалізму: размова не ідзе пра тое, каб усё прадаць, але неабходна атрымаць свабоду ад матэрыяльных багаццяў.
Папа Францішак вучыць нас непасрэднасці, падкрэсліваючы вялікую, дадзеную Богам, вартасць кожнага чалавека. Але таксама вучыць нас і малітве. Адразу пасля свайго абрання, каля мы падыходзілі, віншуючы яго, кожнага з кардыналаў ён прасіў аб малітве. Паўтарыў гэтую просьбу, калі выйшаў на лоджыю ватыканскай базылікі, паказваючыся людзям. Гэта было глыбокае маўчанне, але людзі на самай справе маліліся за яго. Папа Францішак верыць у малітву. Ён нагадаў, што Касцёлам кіруе не папа, але Хрыстус, а намеснік св. Пятра - гэта толькі ў пэўным сэнсе яго інструмент. Менавіта таму і патрэбна малітва, на якую так лічыць Святы Айцец. Гэта ніякая не навіна. Я памятаю, як Ян Павел II пасля сваёй першай пілігрымкі ў якасці папы ў санктуарый на Менторэллі, месца, дзе раней ён быў як біскуп і кардынал, прызнаўся, што мэтай дадзенай пілігрымкі быў факт, што ў гэтым месцы ён вучыўся маліцца. Менавіта тады ён сказаў, што першым заданнем папы ёсць малітва. Відаць, што цяперашні намеснік Пятра верыць, што сіла Касцёла гэта не інтэлігенцыя яго членаў, не яго структура па свеце, добрыя адносіны з прадстаўнікамі ўлады, але моц Касцёла - гэта Хрыстус. Менавіта таму разам з Ім мы павінны быць злучаны. Пан Езус сказаў гэта вельмі ясна: “Без мяне вы нічога не можаце зрабіць” (J 15, 5b). Гэтага ўрока малітвы Еўропа таксама вельмі патрабуе. Сёння людзі вельмі стомленыя, яны менш моляцца, яны абцяжараны працай. Але немагчыма быць хрысціянамі, не размаўляючы з Хрыстом. Я хацеў бы, каб Святы Айцец паказаў Еўропе важнасць малітвы ў нашым хрысціянскім жыцці.
Папа Францішак павучае нас не толькі словам, але таксама сваёй постаццю і жэстамі. Ці якія-небудзь з іх узрушылі Вас асабліва?
Гэтых спецыфічных жэстаў даволі шмат. Журналісты шмат ужо гаварылі пра тое, што пасля абрання замест таго, каб паехаць на лімузіне, ён сеў у аўтобус і разам з кардыналамі, якія яго выбралі, паехаў у Дом Святой Марты. Ці бачым, як на плошчы св. Пятра ён спыняе картэж, выходзіць з папамабіля, каб прывітацца з натоўпам, цалуе дзяцей, ідзе да асоб з абмежаванымі магчымасцямі, размаўляючы з імі, абнімае іх, як бацька, вельмі чула.
Здзіўляе таксама яго спантанічнасць як, напрыклад, калі ён вяртаўся са Святой Імшы на плошчы св. Пятра і раптам пайшоў на могілкі пры Нямецкім Калегіуме. Гэта быў абсалютна не запланаваны візіт, ніхто не быў прыгатаваны да прыхода папы. Гэта яго стыль, у якім ён быў мітрапалітам у Буэнас-Айрэсе. Я сам калісьці быў у сталіцы Аргенціны, ва ўніверсітэце. Ён хацеў са мной сустрэцца і прыехаў гарадскім аўтобусам. Гэты стыль жыцця ўласцівы многім ксяндзам Лацінскай Амерыкі. Можа навучымся яму і мы, еўрапейцы.
Кожны папа прыходзіць у свой час. Патрэбны быў Ян Павел II, які разбудзіў Касцёл, дадаў яму аптымізму, энтузіязму, які размаўляў з многімі людзьмі, павёў за сабой моладзь, зрабіў Касцёл прысутным ва ўсіх сферах жыцця. Таксама быў патрэбны і выдатны тэолаг і высокі інтэлектуал Бенедыкт XVI, які стараўся пераканаць рацыянальны свет у рацыянальнасці веры праз адносіны розуму і веры. Гэта было вельмі важна. Яго прамовы маюць эпахальнае значэнне для гэтага дыялогу. Зараз патрэбны папа, які ў сваім дыялогу акцэнтуе тое, што не толькі на сябе мы можам разлічваць, але і на Хрыстуса, які кіруе Касцёлам. Так кожны папа вучыць чаму-небудзь іншаму, хоць і не новаму. Бо ўсе элементы мы спатыкаем ў кожнага з гэтых папаў. Тым не менш кожны з іх акцэнтуе ўвагу на іншых уласцівасцях, якія важныя для евангелізацыйнай дзейнасці Касцёла.
Часта журналісты пішуць, што гэта той папа, які правядзе рэформу Рымскай курыі. Ён правёў ужо пэўную рэформу, жывучы ў доме Святой Марты. Чаго Вы спадзяецеся ў гэтым дачыненні?
Я лічу, што яшчэ рана гаварыць пра вялікія праекты змен. Трэба трохі пачакаць. Святы Айцец зараз спатыкаецца з шэфамі дыкастэрый, знаёміцца са становішчам, слухае рад. Напэўна ён не прыме спантаннага рашэння, змяняючы кампетэнцыі ці структуры, толькі скліча якую-небудзь камісію. Праўда, што змены неабходны, але меркаванні адносна радыкальных змен вельмі непраўдзівыя. Асобы, якія не ведаюць Рымскую курыю, памыляюцца, паўтараючы пра разбудаваную бюракратыю. Гэта няпраўда, што ў аддзелах курыі працуе шмат людзей. Напрыклад, у маёй кангрэгацыі, якая займаецца 1500 вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і 200 тыс. каталіцкіх школ розных узроўняў, якія размешчаны па цэлым свеце, працуе каля 30 асоб. У аналагічных міністэрствах адукацыі працуе вялікі натоўп людзей. Нас няшмат, але мы шмат працуем, карыстаючыся працай кансультантаў, у якіх мы просім дапамогу. Мы працуем вельмі дэмакратычна, арганізуючы так званыя плянарныя кангрэгацыі: запрашаем кардыналаў і біскупаў, якія належаць да нашай кангрэгацыі, з цэлага свету каля 30 асоб, і абмяркоўваем найважнейшыя праблемы. Зразумела, што яны атрымліваюць шмат матэрыялаў, каб дыскусія мела мерытарычны характар, для больш глыбокага вывучэння існуючых праблем. Гэта найважнейшы орган, які прымае рашэнні ў пэўных пытаннях. Пра рашэнні мы інфармуем Святога Айца.
Згаджуся, што можна дыскутаваць, ці патрэбныя некаторыя органы, ці патрэбна сувязь з некаторымі з іх. Але эфектыўнасць дзейнасці залежыць не столькі ад структур, колькі ад асоб, якія ўключаны ў іх, іх любові да Касцёла. Мы не можам быць працаўнікамі толькі на парцягу працоўнага дня, абмежаванага некалькімі гадзінамі працы. Мая праца не абмяжоўваецца толькі працай у Кангрэгацыі. Калі я прыходжу дамоў, я таксама працую, рыхтую прамовы і розныя выступленні. Гэтыя гадзіны не ўлічваюцца. Мы не можам быць наёмнікамі, але цалкам павінны аддацца службе Касцёла ў справе евангелізацыі, бо мы ўсе за яе адказныя.
Перад якімі памылкамі ці схемамі Вы бы хацелі перасцерагчы людзей пры назіранні за папам?
Я хацеў бы, каб людзі не абмяжоўваліся толькі назіраннем за паводзінамі новага папы, як ён падыходзіць, цалуе дзяцей, абнімае людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але перш за ўсё бачылі тое, што ён заангажаваны ў евангелізацыю. Я лічу, што мы павінны перш за ўсё прыслухоўвацца да таго, чаму ён нас вучыць. Мы часта затрымліваемся на знешніх формах, але не заўважаем тое багацце, якім Святы Айцец хоча дзяліцца з намі для нашага духоўнага дабра ў перспектыве звышнатуральнага чалавечага існавання.
Размаўляў а. Станіслаў Тасемскі
Даведка:
Кардынал Зянон Грахалеўскі нарадзіўся 11 кастрычніка 1939 года ў Бродках каля Новага Томышля. Ва ўзросце 24 гадоў прыняў святарскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Антонія Бараняка. Быў 3 гады вікарыям ў Познаньскай парафіі Хрыста Адкупіцеля. У 1966 годзе пачаў вывучаць кананічнае права ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Працаваў у Найвышэйшым трыбунале апостальскай сігнатуры, гэта значыць у вышэйшым судовым органе Каталіцкага Касцёла, у 1982 стаў сакратаром, а 5 кастрычніка 1998 - прэфектам. Праз год 15 лістапада 1999 бл. Ян Павел II назначыў яго прэфектам Кангрэгацыі каталіцкага выхавання. Біскупскае пасвячэнне кс. пралат Грахалеўскі прыняў 6 студзеня 1983 года ў ватыканскай Базіліцы св. Пятра з рук бл. Яна Паўла II. 21 лютага 2001 года Папа-паляк назваў яго кардыналам. У 2005 годзе кард. Грахалеўскі ўдзельнічаў у канклаве, які выбраў папам кардынала Йозэфа Ратцынгера, а ў 2013 у канклаве, які выбраў папам кард. Хорхе Марыё Берголіо. Ён лічыцца адным з лепшых навукоўцаў па кананічнаму праву. З'яўляецца аўтарам і сааўтарам многіх публікацый артыкулаў у часопісах і зборных кнігах, а таксама выдаў уласныя кнігі. Разам яго бібліяграфія налічвае больш за тысячу публікацый на 15 мовах. Ён ганаровы прафесар многіх навучальных устаноў па цэлым свеце, а таксама Акадэміі тэалогіі ў Варшаве (1998), Каталіцкага Люблінскага універсітэту (1999), Універсітэта ім. Адама Міцкевіча ў Познані (22 сакавіка 2004), а таксама Сілезскага універсітэту (25 лістапада 2010). Ён таксама ганаровы жыхар горада Познань.
Крыніца gosc.pl