- на працягу стагоддзяў Ружанец меў розныя назвы: Псалтыр Марыі, Анёльскі Псалтыр, Salutationes (Вітанні) ці, нарэшце, Rosarium – Ружанец, што надала яму каталіцкая пабожнасць. Сёння, аднак, цяжка адназначна сказаць, адкуль узялася назва “Ружанец”, бо існуе некалькі больш ці менш верагодных гіпотэз пра яе паходжанне.
- кожны раз, калі Марыя хацела перадаць свету сваё пасланне, то з’яўлялася выбраным людзям (найчасцей дзецям) з ружанцам у руках і моцна заклікала прамаўляць яго. Так было ў Лурдзе ў 1858 г., так было таксама ў Фаціме ў 1917 г. З гэтага вынікае, што ружанцовая малітва для Маці Божай асабліва прыемная, а для чалавека – вельмі паспяховая. Яна вырасла з Евангелля і з’яўляецца адлюстраваннем яго зместу;
- аб каштоўнасці ружанцовай малітвы сведчыць той факт, што вязні канцэнтрацыйных лагераў рабілі сабе ружанцы са здробленага хлеба, пацеркі з якога, нанізаныя на нітку, захоўвалі ад карнікаў і маліліся з дапамогай іх. А колькі таксама разоў у кішэнях забітых салдат знаходзілі ружанцы, часта акропленыя крывёю? Гэтыя прадметы як рэліквіі перасылаліся ў іх бацькоўскі дом для маці;
- у Сікстынскай капэле ў Ватыкане ёсць велізарны абраз, намаляваны на вялікай сцяне. Ён прадстаўляе Апошні суд. Тут вельмі шмат постацяў: Хрыстус, побач Марыя, анёлы, апосталы і мноства людзей, якія ўзносяцца з зямлі на неба. Але адзін фрагмент асабліва прыцягвае ўвагу – гэта магутны Дух Божы, які ўздымае з адхлані чалавека, што чапляецца за ружанец;
- калі за два дні да яго смерці ў а. Піо спыталі, што важнага ён хацеў бы перадаць людзям, ён адказаў: “Я хацеў бы папрасіць усіх грэшнікаў з усяго свету, каб яны любілі Маці Божую. Заўсёды прамаўляйце Ружанец. І прамаўляйце яго так часта, як толькі можаце. Шатан заўсёды стараецца знішчыць гэтую малітву, але гэта яму ніколі не ўдаецца. Гэта малітва Той, якая валадарыць над усім і ўсімі. Гэта Яна вучыць нас маліцца на ружанцы, так, як Езус навучыў нас казаць “Ойча наш””;
- біскуп, які павінен быў вырашыць, ці ўдзяліць прэзбітэрскае пасвячэнне будучаму пробашчу з Арса, вагаўся перад прыняццем такога рашэння, бо св. Ян Марыя Віянэй не быў паспяховым у навуках. Нарэшце біскуп задаў рашаючае пытанне: “Ці ўмееш ты прамаўляць Ружанец?” “Я люблю гэтую малітву!” – адказаў Віянэй. Чуючы такі адказ, біскуп сказаў: “Пасвяцім яго. Ён будзе добрым святаром”;
- аднойчы ў Папы Пія ІХ спыталі, які самы цудоўны скарб Ватыкана. У адказ ён працягнуў ружанец і, трымаючы яго над галавой, сказаў: “Вось самы цудоўны скарб Ватыкана!”.
Падрыхтаваў на аснове інтэрнэт-старонак кс. Юрый Марціновіч