Многія святыя атрымалі патрэбныя ласкі, молячыся на ружанцы. Неаднаразова пераканаўшыся ў сіле і моцы гэтай малітвы, яны заахвочвалі іншых часта звяртацца да Бога праз пасрэдніцтва Марыі.
- „Ружанец – гэта малітва аб Марыі, з’яднанай з Хрыстом у Яго збаўчым пасланніцтве. Гэта адначасова малітва да Марыі – нашай найлепшай Пасрэдніцы ў Сына, а таксама наша малітва, якую мы прамаўляем з Марыяй” (св. Ян Павел II).
- „Ужо адно толькі “Вітай, Марыя”, добра прамоўленае, страсае ўсё пекла” (св. Ян Віянэй).
- „Ружанец з’яўляецца не толькі паспяховым ратункам ва ўсіх засмучэннях Касцёла і вернікаў, але і дзейсным сродкам для ўзрастання ў цнотах, для развіцця ў духу і ў імкненні да евангельскай дасканаласці…. Самі зносіны з Марыяй у Ружанцы і такая доўгая з Ёю размова з’яўляюцца вялікай дапамогай для нашага асвячэння” (бл. Ганарат Казьмінскі).
- „Ружанец – гэта зброя, якая дае перамогу не толькі адзінкам, але і Касцёлу” (св. Ян Боско).
- „Ружанец – гэта меч. Меч супраць зла, якое хоча над намі запанаваць. Трыванне з Марыяй пры Езусе ўзбройвае мяне для змагання з маёй слабасцю, дазваляе з надзеяй рушыць у бой дзеля захавання Евангелля. Бывае, што я адчуваю сябе перад уласнай слабасцю як Давід перад Галіяфам. Тады ружанцовыя чуванні могуць стаць маімі плоскімі камянямі, якімі я, падобна як Давід, перамагу праціўніка” (св. а. Піо).
- „Для мяне, Папы, гэтыя пятнаццаць таямніц – пятнаццаць вокнаў, праз якія я гляджу ў святле Пана на падзеі ў свеце” (св. Ян XXIII).
- „Ружанец – гэта вуда, якой Марыя ловіць грэшнікаў і з мора беззаконня выцягвае на бераг міласэрнасці. Ружанец – гэта якар, якім Марыя хапае тых, хто спакушаецца, і трымае пры сабе, каб іх не знесла хваля жарсцяў. Ружанец – гэта ланцуг, да якога далучаны нашы душы, – калісьці рука Марыі пацягне гэты ланцуг і прывядзе на нябесны ўзгорак тых, якія за яго моцна трымаюцца” (св. Юзаф Себасцьян Пельчар).
- „Ружанец – гэта ланцуг, які нас злучае з Марыяй. Праз практыкаванне пабожнага прамаўлення Ружанца мы атрымліваем шмат ласкаў, а Марыя падае нам руку і вядзе наш хісткі човен па ўзбураных хвалях. З Ёю як Пасрэдніцай мы ўпэўнены ў нашым вечным збаўленні” (бл. Альжбета ад Найсвяцейшай Тройцы).
- „Муры Ерыхона не абрынуліся хутчэй на гук трубаў Езуса, чым фальшывыя навукі знікалі пасля шчырай ружанцовай малітвы. Крыніца ў Ерузалеме не была такой аздараўляючай для ран хворых целам, як Ружанец з’яўляецца лекамі для хворых духам” (св. Альфонс Лігуоры).
- „Прамаўляй адну дзясятку штодзённа, і ўбачыш, што Марыя будзе цябе змяняць, а праз цябе свет. Але памятай, плёны Ружанца доўга нябачныя, таму ён здаецца нудным. Шатан зробіць усё, каб ты не прамаўляў гэтай малітвы, бо ведае, што яна адкрые тваё сэрца на найвялікшую любоў, якой ёсць Бог, і што праз яе ты будзеш кіраваць светам, просячы для яго ласку міру перад абліччам Бога і Марыі” (св. Максімільян Марыя Кольбэ).
Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч