Літанія – гэта збор малітоўных зваротаў, адрасаваных асобе, праз заступніцтва якой выпрошваем неабходныя ласкі. Заклікі ў выглядзе кароткіх формул называюць розныя характарыстыкі святога, здарэнні з яго жыцця. Яны з’яўляюцца нібы маленькімі каменьчыкамі вялікага мазаічнага пано.
Ларэтанская літанія атрымала сваю назву ад італьянскага горада Ларэта, дзе ў мясцовай базіліцы захоўваецца т. зв. святы дом, фрагменты жылля Багародзіцы. Менавіта тут Літанія Найсвяцейшай Панне Марыі была асабліва папулярнай. Аднак лічыцца, што з’явілася яна ў XII стагоддзі ў Францыі. Першапачатковая версія Літаніі не захавалася. Адзін з варыянтаў тэксту ў 1575 годзе кіраўнік хору ў Ларэта Кастанца Порта паклаў на музыку. Гэта і паспрыяла папулярызацыі менавіта такой версіі, якая стала вядомай ва ўсім свеце. У 1581 годзе папа Сікст V дараваў індульгенцыю (поўны адпуст караў за грахі) усім, хто чытае Ларэтанскую літанію. Марыя працягвае сваю далонь і дапамагае кожнаму, нават самаму вялікаму грэшніку, які да Яе звяртаецца. Няхай пацвярджэннем гэтаму будзе апавяданне святара-салезіяніна Бруна Фэрэра “Святы Пётр і Марыя”.
На працягу некалькіх дзён Пан не аглядаў усяго неба. Аднойчы раніцай, калі абудзіўся, вырашыў праверыць, ці ўсё ў парадку. Са здзіўленнем заўважыў сярод групы асоб таго, хто ў сваім жыцці не зрабіў нічога добрага, а быў вялікім злыднем і бязбожнікам.
– Што ўчыніў гэты чалавек, каб трапіць у неба? Святы Пётр павінен будзе адчытацца з гэтага, – сказаў пра сябе Пан.
Правяраючы далей, заўважыў сярод іншых бласлаўлёных нейкую жанчыну, якая ў сваім жыцці здзейсніла шмат дрэннага.
– І яна тут? – здзівіўся.
– Хто правярае ўваход у шэраг бласлаўлёных? Святы Пётр павінен будзе растлумачыць гэта.
Абыходзячы неба, Пан наткнуўся таксама на іншых асоб, якіх не спадзяваўся ўбачыць у небе. Рашучым крокам накіраваўся да ўваходу. Ля варот з ключамі ў руцэ стаяў святы Пётр.
– Штосці тут не так... – строга заўважыў Пан. – Я спаткаў тут, у небе, людзей, нявартых гэтага месца. Які з цябе ахоўнік? Ці не засынаеш ты часам падчас службы?
– О, не! Я не сплю, – адказаў пакрыўджаны Пётр. – Стаю ў варотах з шырока расплюшчанымі вачыма. Але нада мной ёсць маленькае акенца. Праз яго час ад часу Марыя апускае вяроўку і цягне тых, каму я забараняю ўвайсці. Таму, мабыць, не варта, каб я стаяў тут, у варотах. Іду ў адстаўку!
Твар Пана раз’ясніўся вялікай усмешкай.
– Ну добра ўжо, добра, – адказаў зычліва, абдымаючы святога Пятра, як калісьці на зямлі.
– Тое, што робіць Панна Марыя, заўсёды добра зроблена. Ты і далей глядзі за варотамі і дазволь, каб аб акенцы думала Яна...
С. Вераніка Блізнюк FMA