Пасвячы авечак у даліне Кова да Ірыя, дзеці сустракаліся з Марыяй, якая дала ім у рукі канкрэтную зброю для змагання з сіламі зла і сказала: “Я – Каралева святога Ружанца. Прыходжу папярэдзіць вернікаў, каб выправіліся і пакаяліся. Нельга больш абражаць Бога, таму што Ён ужо вельмі зняважаны чалавечымі грахамі... Людзі павінны адгаворваць Ружанец. Няхай моляцца яго штодня”.
У кожным са сваіх аб’яўленняў Марыя нагадвала пра Ружанец, тым самым падкрэсліваючы, што праз практыку гэтай малітвы кожная асоба можа выпрасіць у Бога патрэбныя ласкі, а асабліва – дар супакою для ўсяго свету.
У першым аб’яўленні 13 мая Маці Божая мела складзеныя, нібы ў жэсце малітвы, далоні, якія абапіраліся на грудзях і былі скіраваны ўверх. З Яе правай рукі звісаў ружанец. Калі дзеці запыталіся ў Панны, ці пападуць у неба, Марыя адказала станоўча. Але, звяртаючыся да Францішка, дадала, што ён “павінен адгаварыць яшчэ шмат Ружанцаў”. Такім чынам Маці Божая дала зразумець, што “шмат Ружанцаў” здольны адкрыць неба.
Ружанец быў любімай малітвай св. Яна Паўла ІІ.
У другім аб’яўленні 13 чэрвеня Багародзіца сказала: “Хачу, каб вы прыйшлі сюды ў 13-ты дзень наступнага месяца, каб штодзённа маліліся Ружанец і навучыліся чытаць...”.
У трэцім аб’яўленні 13 ліпеня паведаміла: “Хачу, каб вы прыйшлі сюды ў 13-ты дзень наступнага месяца і надалей штодзень маліліся Ружанец у гонар Маці Божай Ружанцовай, каб выпрасіць супакой на свеце і канец вайны, бо толькі Яна зможа дапамагчы... У кастрычніку скажу вам, хто Я і чаго хачу, і ўчыню цуд, які ўсе ўбачаць, каб паверылі...”. Апісваючы гэтае аб’яўленне, Луцыя, будучы ўжо манахіняй, расказала пра жаданне Марыі: “Калі моліцеся Ружанец, пасля кожнай таямніцы паўтарайце: «О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць»”.
У чацвёртым аб’яўленні 19 жніўня Марыя сказала: “Хачу, каб вы надалей прыходзілі ў 13-ты дзень месяца і штодзённа маліліся Ружанец”. Калі Луцыя спытала, што павінны зрабіць з грашыма, якія людзі пакідаюць у Кова да Ірыя, Маці Божая адказала: “Няхай зробяць 2 фератроны... Грошы, якія будуць складваць на іх, прызначаны на свята Маці Божай Ружанцовай, а рэшта – на капліцу, якая павінна быць пабудавана...”.
У пятым аб’яўленні 13 верасня Найсвяцейшая Панна Марыя паведаміла: “І надалей маліцеся Ружанец, каб выпрасіць заканчэнне вайны...”.
У шостым, і апошнім, аб’яўленні 13 кастрычніка сказала Луцыі: “Хачу, каб тут была пабудавана капліца ў Мой гонар. Я – Маці Божая Ружанцовая. Надалей штодзённа маліцеся Ружанец...”. У гэты ж дзень адразу пасля знікнення Марыі адбыўся вядомы Цуд сонца, які назірала каля 70-ці тысяч чалавек, прычым не толькі ў месцы аб’яўленняў, але і ў ваколіцы, а нават і на тэрыторыях, аддаленых больш за 30 кіламетраў.
Марыя абяцае ўсім, хто моліцца на ружанцы, асаблівую абарону і шчодрыя ласкі. Выразна адзначае, што ён стане для людзей зброяй і зменшыць цяжар іх грахоў. Падчас аб’яўленняў Маці Божая таксама падкрэсліла, што тыя, хто будзе штодзённа маліцца Ружанец, не памруць без святых сакрамантаў, а таксама ў жыцці і пры смерці будуць мець Божае святло і паўнату Яго ласкі.
Калі за некалькі дзён да смерці а. Піо спыталі, што важнае ён хацеў бы перадаць людзям, той адказаў: “Заўсёды адгаворвайце Ружанец. Маліцеся яго так часта, як толькі можаце. Д’ябал увесь час стараецца знішчыць ружанцовую малітву, але гэта яму ніколі не ўдасца. Яе дала Тая, якая валадарыць над усім і ўсімі. Менавіта Яна навучыла нас маліцца на ружанцы, так, як Езус навучыў казаць «Ойча наш»”.
кс. Юрый Марціновіч