С. Зоя Дамброўская з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі, якая ў дадзены момант нясе паслугу ў Гродне, распавядае пра ініцыятыву духоўнага ўсынаўлення зняволеных. Ініцыятыва, пра якую пойдзе гаворка, зарадзілася ў Польшчы і, дзякуючы с. Зоі, актыўна распаўсюджваецца на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
- Калі і дзе ўзнікла ініцыятыва? Як Вы пра яе даведаліся?
- Пра ініцыятыву я даведалася ад манахіні Марты FMM, з якой разам вучуся завочна на Папскім Багаслоўскім Факультэце ў Варшаве. С. Марта служыць у Любліне, вядзе актыўную дзейнасць у турэмным душпастырстве "Добры злачынец", якое на пачатку Юбілейнага Году Міласэрнасці і выступіла ініцыятарам духоўнага ўсынаўлення зняволеных.
- Што з'яўляецца сутнасцю і мэтай духоўнага ўсынаўлення вязняў?
- У турмах шмат людзей, якія здзяйснялі жудасныя рэчы, і якіх мучыць не перспектыва правесці частку свайго жыцця ў турме, а незваротнасць здзейсненага імі. Таму мэта ініцыятывы, па-першае, - аказанне духоўнай дапамогі зняволеным. Па-другое, больш глыбокае перажыванне Года Міласэрнасці, так як Год Міласэрнасці - гэта перш за ўсё справы міласэрнасці, а не думкі і пачуцці.
Сутнасцю з'яўляецца малітва за злачынцаў. Заснавальнікі ініцыятывы звязалі гэтую малітву з евангельскай сцэнай ад Марка, калі чатыры сябра, не маючы магчымасці прабрацца праз натоўп да Езуса, разбіраюць дах дома, у якім Ён прапаведаваў, і апускаюць да ног Збаўцы свайго паралізаванага таварыша, каб Той яго ацаліў. З гэтага вынікае, што за кожнага злачынца - "духоўна паралізаваную асобу" - моляцца 4 чалавекі.
- Аб чым просяць у малітве і якую карысць яна прыносіць?
- Моляцца за духоўнае вызваленне чалавека. Фізічная свабода або несвабода не мае вялікага значэння, калі чалавек несвабодны ўнутрана. Просяць Езуса вызваліць вязняў ад духоўных абмежаванняў - ад граху, ад іх залежнасцяў - і прыйсці да шчырага раскаяння. Таксама гэтая малітва дапамагае вязням вытрымаць цяжкія рэаліі турмы.
У пэўнай ступені такая малітва вучыць і людзей, якія моляцца, усведамляць свае ўласныя "унутраныя турмы", яна дапамагае рэалізоўвацца ў сваёй веры.
- Магчыма, Вам вядомыя выпадкі асаблівага духоўнага адраджэння вязняў пасля іх духоўнага ўсынаўлення?
- У гэтай ініцыятыве ўдзельнічаюць тыя злачынцы, якія самі хочуць, каб за іх маліліся, каб ім дапамаглі. Для мяне ўжо з'яўляецца цудам той факт, што гэтыя людзі маюць жаданне і адвагу выйсці з сітуацый, якія многім падаюцца быць безнадзейнымі. Самыя вялікія цуды - гэта тыя, якія адбываюцца ў цішыні іх сэрцаў.
- Як ажыццяўляецца духоўнае ўсынаўленне вязняў і як можна далучыцца да гэтай ініцыятывы?
- На працягу Года Міласэрнасці, пачынаючы з любога моманту, кожны дзень трэба чытаць кароткую малітву ў інтэнцыі канкрэтнага зняволенага. Калі ёсць жаданне, малітву можна працягваць і ў наступным літургічным годзе. Не трэба даваць ніякіх урачыстых абяцанняў у касцёле, а проста добрасумленна выконваць прыватна дадзенае сабе і Богу абяцанне маліцца кожны дзень за пэўнага вязня. Варта разумець, што далучаючыся да гэтай ініцыятывы, ты не гуляеш, а бярэш на сябе адказнасць за чалавечую душу.
Удзельнік ініцыятывы атрымлівае картку з малітвай і імем канкрэтнага зняволенага, за якога моляцца яшчэ тры чалавекі. Дарэчы, на тэрыторыі нашай дыяцэзіі я распаўсюдзіла ўжо каля 120 картак з імёнамі. (Жадаючыя далучыцца да ініцыятывы, дасылайце свае заяўкі на пошту grоdnensіs@gmail.cоm).
- Як думаеце, чаму мы можам быць упэўненыя, што Бог выслухае нашыя малітвы?
- "Усё, пра што будзеце прасіць Айца Майго ў імя Маё - дасць вам". Так Езус кажа ў Евангеллі. Я ўпэўнена, што ні адна малітва не застаецца без адказу. Езус выконвае ўсе просьбы, толькі не так, як мы сабе гэта ўяўляем, і не тады, калі мы сабе гэта ўяўляем. Ён дзейнічае па-іншаму. Нашыя думкі - гэта не Яго думкі, нашыя шляхі - гэта не Яго шляхі.
А наогул мэта малітвы заўсёды выконваецца, бо заключаецца яна перш за ўсё ў пабудове адносін з Богам.
Падрыхтавала А. Марцішэўская