Калі дзве асобы, якія кахаюць адна другую, перастаюць размаўляць паміж сабой, іх любоў пачынае паміраць. Яны становяцца чужымі. Таксама адбываецца і ў адносінах з Богам.
Малітва - гэта форма дыялогу, і каб ён мог заіснаваць, трэба ўвайсці ў асабістыя адносіны. Я - чалавек, размаўляю з Ім - Богам. Канешне, кажучы пра адносіны, мы не павінны думаць, што яны заўсёды будуць добрымі. З боку чалавека можа ўзнікнуць бунт. Мы можам маліцца, адчуваючы ўнутраную барацьбу. Да малітвы нас можа прывесці незадаволенасць з таго, што нас сустракае і кім мы з'яўялемся. Але тое, чаго мы сапраўды патрабуем, каб малітва магла заіснаваць, гэта вера. Мы верым у Боскасць Езуса.
Давайце ўзгадаем жабрака, які крычаў у напрамку Езуса: "Сын Давіда, злітуйся нада мной!"(Лк, 18:37). Кароткі кліч, нават крык роспачы чалавека, у якога не засталося нічога, што можна страціць, бо слепата і так адкінула яго на абочыну грамадства. Але адначасова бачна вера сляпога, што той, каго ён кліча, Сын Божы, які можа вырваць яго з "пекла" хваробы.
Ці можна прымушаць сябе маліцца?
Не толькі можна, але і трэба. Асабліва калі нам цяжка. У такім стане малітва не будзе праходзіць лёгка. Не трэба таксама забываць пра ролю д'ябла, які будзе намагацца адвесці нас ад малітвы тады, калі нас адольвае цемра і калі мы найбольш яе патрабуем.
А што рабіць, калі мы ўжо не бачым сэнсу малітвы?
Малітва выходзіць за рамкі чалавечага розуму, а пытанне пра сэнс нараджаецца менавіта ў ім. Малітва ідзе з сэрца, у тым ліку з сэрца, якое крывавіць і поўнае незагойных ран. Магчыма, мы павінны будзем прымушаць сябе маліцца. Мы будзем углядацца ў распяцце вачыма, поўнымі слёз. Не будзе лёгка.
Як маліцца ў складаных сітуацыях?
Маліцца так, як падказвае нам Дух Святы. І памятаць пра словы Езуса, Які навучае не быць балбатлівымі падчас малітвы, як язычнікі (Мц 6,7). Але маліцца простым спосабам. Галоўнае, каб малітву суправаджала вера.
Езус гаворыць таксама пра фарысеяў, якія "любяць першыя месцы ў сінагогах" (Мц 23:6). Ці не атрымоўваецца так, што мы хочам крыху выступіць напаказ - нягледзячы на тое, што не адчуваем глыбіні малітвы, не ўваходзім у блізкія адносіны з Езусам?
Трэба аддзяляць сітуацыі, калі мы не "адчуваем" глыбіні малітвы, ад малітвы напаказ. Тая другая - гэта скажэнне сутнасці таго, што мы называем сустрэчай. Калі мы размаўляем з кімсьці напаказ, то ніколі не атрымаецца сапраўднага дыялогу і абмену духоўнымі каштоўнасцямі.
Часам адсутнасць засяроджання на малітве перараджаецца ў неахвоту. Што выклікае гэта? Дзе шукаць крыніцы?
Я не ставіў бы акцэнт на засяроджанні. Такі падыход можа весці нас у напрамку празмернага клопату аб тэхніцы малітвы. У такім выпадку, замест таго, каб думаць пра асабовыя адносіны з Богам, мы будзем больш часу прысвячаць думкам аб тым, колькі часу атрымалася правесці без руху і як доўга атрымалася не думаць пра зямныя справы. Я б хутчэй заахвочваў уплятаць у нашую малітву тое, што мы называем "адсутнасцю засяроджання". Бо чым яно з'яўляецца? Часта мы не можам засяродзіцца, бо думаем пра штодзённыя праблемы. Калі маці хворага дзіцяці спыняецца на хвліну ў бальнічнай капліцы і пачынае думаць пра сваё хворае дзіця, просячы ў Бога дапамогі, - гэта і з'яўляецца сапраўднай малітвай.
Навошта ўвогуле маліцца?
Мы молімся, каб выйсці з уласнага эгаізму. Каб выйсці з таго, што ў нас зямное і грэшнае, ідучы за голасам Псальму 23, каб даць прывесці сябе да вады і адпачыць. Мы молімся, каб наблізіцца да Бога. Калі дзве асобы, якія кахаюць адна другую, перастаюць размаўляць паміж сабой, іх любоў пачынае паміраць. Яны становяцца чужымі. Таксама адбываецца і ў адносінах з Богам. Калі мы не будзем шукаць Яго ў малітве, то Бог, хоць і застанецца нам верны, але мы самі пачнем аддаляцца ад Яго і паступова патрапім у форму духоўнай пустыні.
Паводле deon.pl