Міласэрны Божа, з Прастола славы Тваёй паглядзі на няшчасныя душы, якія пакутуюць у чысццу. Паглядзі на іх пакуты, на слёзы, якія яны выліваюць прад Табой. Пачуй іх просьбы і стогны, якімі клічуць яны Міласэрнасць Тваю. Памілуй іх і даруй ім грахі.
Успомні, Ойча, Страсці Сына Твайго, якія Ён зведаў дзеля іх. Успомні Найсвяцейшую Кроў, за іх пралітую. Успомні смерць Яго і памілуй іх. За ўсе правіны іхнія, калі-небудзь заслужаныя, ахвярую Табе святое жыццё і ўсе дзеі любаснага Сына Твайго. За невыкананне доўгу ў святым служэнні ахвярую Табе Яго гарачае імкненне. Дзеля нявыкананых добрых і збаўчых спраў ахвярую Табе бязмежныя заслугі Сына Твайго. Дзеля ўсіх абраз, Табе нанесеных, ахвярую Табе ўсё, што яны ў жыцці добрага для імя Твайго зрабілі. Нарэшце, за ўсе тыя пакуты, якія яны павінны зведаць, ахвярую Табе ўсе пасты, пакаянне, цвярозасць, малітвы, працу, нягоды, Кроў і Раны, Пакуты і бязвінную смерць, якую дзеля нас зведаў любы Сын Твой. Малю, прымі гэтыя душы ў райскую асалоду, каб яны праслаўлялі Цябе заўсёды. Амэн.
Ды памілуе вас, душы, якія пакутуюць, укрыжаваны Езус. Ды згасіць Ён Крывёю сваёй пякельнае полымя. Даручаю вас незвычайнай любові, якая прывяла Сына Божага з нябёсаў на зямлю і ўвяла ў жорсткую смерць. Ды памілуе вас, як памілаваў усіх грэшнікаў, паміраючы на крыжы. За вашыя правіны ахвярую сыноўнюю любоў, якой Езус у Боскасці сваёй любіў Спрадвечнага Айца, а на зямлі знаходзячыся, палюбіў Маці Сваю. Амэн.
Ойча Прадвечны, ахвярую Табе каштоўную Кроў Боскага Сына Твайго, Госпада нашага Езуса Хрыста разам з усімі св. Імшамі за душы ў чысццу, за тых, якія паміраюць, за грэшнікаў у цэлым свеце, за грэшнікаў ва ўсім Касцёле, за грэшнікаў ў маёй сям'і і доме маім. Амэн.
Паводле ww.brigitt.ru