Прыкладам малітвы за Беларусь для нас могуць быць малітва Кірылы Тураўскага за Вялікае Княства, малітвы Святога Паўла "за ўсіх чалавекаў", а таксама малітвы прарокаў Старога Запавету за старажытны Божы народ.
Уладару Госпадзе Божа наш, прыхілі вуха Тваё, і пачуй нас, як мы молімся да Цябе, да Тваёй ўлады і сілы, молімся Табе аб усіх і за усё. Успомні, Божа, усіх, хто працуе і хто ідзе дарогаю, успомні, Божа, ўдоваў і сіротаў, і бедных, і бяздомных, і хворых. Успомні, Божа, тых, хто ў вязніцах, і ў ланцугах, і ў бедах, і ў плачах, і ў хваробах цяжкіх апантаных. Вялікая Твая ласка ды прыйдзе да іх. Успомні, Божа, тых, хто церпіць у цеснаце, і ў бедах, і ў гаротах, і ў пакутах. Дай пацяшэння сэрцу іх ад Cвятога Твайго і Жыватворчага Духа, каб яны славілі Тваю Ласку.
Валадару нябесны, пачуй нас цяпер і прымі нашыя малітвы за краіну нашу і народ наш беларускі. Вызвалі кожную душу ад усялякага роду рабства — і ад злосці, і ад зайздрасці, ад страху, ад распусты, ад п'янства і ўсіх залежнасцяў, ад усіх грахоўных путаў і ланцугоў. Пакажы кожнай душы святло ў цемры, вывядзі змучаныя душы на свабоду, з цемры ў цудоўнае Тваё святло.
Хай будзе звязаная Сілай Тваёй ўсялякая сіла злая, якая хацела б трымаць народ наш у рабстве, і змучаныя душы хай выйдуць нарэшце на свабоду, з улады цемры ў Царства Святла.
Молімся Табе, Госпадзе, за ўсіх людзей, але перш за ўсё, па Слову Твайму, за тых, хто пры ўладзе ў нашай краіне, каб весці нам жыццё ціхае і спакойнае ў пабожнасці і чысціні.
Молімся за тых з іх, хто робіць зло і грэх, бо Ты, Божа, не хочаш смерці грэшніка, але каб грэшнік раскаяўся і жыў. Молімся Табе і просім, каб і гэтыя няшчасныя душы раскаяліся і жылі, каб не загінулі, але дасягнулі спазнання Праўды Тваёй. Каб па прыкладу мытніка Закхея, неправедна нажытую маёмасць аддалі бедным, а каго ў чым пакрыўдзілі, адплацілі ўчацвёра, каб убачылі ўсе, што прыйшло збаўленне да іх.
Молімся, каб была звязаная Сілай Тваёй усялякая сіла злая, якая хацела б трымаць гэтыя душы ў рабстве і прымушае іх рабіць зло і грэх. Хай згіне ўсялякая варожасць, нячыстасць і зло, і ўбачаць гэтыя змучаныя душы новае жыццё, без злосці і зайздрасці, жыццё ў радасці, любові, і супакою. Хай убачаць яны Святло ў цемры, і выйдуць з цемры ў Цудоўнае Тваё Святло.
Молімся і за тых, хто не хоча раскайвацца, але зацятыя ў сваіх злых дзеях. Просім Цябе, Божа, абарані наш народ і нашу краіну ад іх, зруш іх з месцаў іх, і прызнач на гэтыя месцы новых людзей, якія будуць выконваць волю Тваю ад усяго сэрца, будуць рабіць дабро і ўхіляцца ад зла, і па Слову Твайму будуць насіць меч для пакарання зла.
Блаславі, Госпадзе, кожнага, хто пры ўладзе ў краіне нашай, хто на сваім месцы робіць дабро і дапамогу. Дай жа ім, Божа, здароўе цела, і душы выратаванне, дай ім, Божа, ў сэрцы розум добры, адпушчэнне грахоў, і кіраванне ў вечнае жыццё.
Успомні, Божа, усіх веруючых у Хрыста ў нашай краіне, якія моляцца да Цябе ў Імя Тваё. Выканай, Божа, просьбы іх, накіруй да выратавання, і ўсіх нас прывядзі ў Царства нябеснае, і супольнікамі зрабі нас вечнай радасці.
Успомні, Божа, кожнага святара і служыцеля, верніка і набліжанага, і кожнага, хто Імя Тваё кліча.
Яшчэ малю Цябе, Божа Усесвяты, абарані краіну нашу ад усялякага зла: ад агню, і патопу, і марнай смерці, ад голаду і пошасці, ад міжусобнай варожасці, і ад нашэсця іншапляменцаў, і дзяржаву нашу супакоем аслані, і супраць ворагаў нашай краіны нас умацуй, людзей памнож, і ўсіх палонных дадому вярні.
Звярні нас, Ойча Наш, да Закону Твайго, і наблізь нас, Айцец Наш, да служэння Табе, і вярні нас з пакаяннем да Сябе. Дапамажы нам угледзець саграшэнні свае. Ад тайных нашых грахоў ачысці нас і ад наўмысных утрымай нас, каб не завалодалі намі. І назірай за намі, ці не ёсць небяспечным наш шлях, і накіруй нас на шлях вечны.
Прабач нас, Ойча Наш, бо мы зграшылі. Адпусці нам, Айцец наш, бо мы правініліся. Прабач нам грэх наш, якім зграшылі мы сёння, учора альбо трэцяга дня па слабасці нашай ці выпадкова, словам, думкай, учынкам ці занядбаннем. Прабач, дзе мы не любілі Госпада ўсім сэрцам, не любілі бліжніх як саміх сябе, не паважалі старэйшых, крыўдзілі слабейшых, былі злымі, сквапнымі, пыхлівымі і пажадлівымі. Прабач нам усялякі грэх наш і па Слову Твайму ачысці ад усялякай няпраўды. Дзякуем Табе, што Ты адпускаеш і прабачаеш. Бласлаўлёны Ты, Божа, Які чуеш малітву і шмат даруеш.
Паглядзі на нашыя беды і заступіся за нас, і выратуй нас хутчэй дзеля Імя Твайго, бо магутны Збаўца Ты. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Збаўца наш.
Затрубі рогам вялікім на свабоду нашу, падымі сцяг, каб сабраць выгнаннікаў, збяры нас разам з чатырох краёў зямлі. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Які збірае вандроўнікаў народу Свайго.
Вярні нам справядлівых суддзяў нашых па-ранейшаму, адхілі ад нас смутак і стогн, і валадаруй над намі. Ты адзін судзі нас міласціва і спарвядліва. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Які любіць літасць і правасуддзе.
Хай узбудзіцца міласэрнасць Твая, Божа, да праведнікаў, сумленнікаў, старэйшых народу Твайго, да пісьменнікаў, праведных вучняў і да ўсіх нас. Адары добрай узнагародай усіх, хто цалкам на Цябе надзею ўскладае, а нам дай долю з імі назаўсёды, і хай не пасаромяцца тыя, хто на Цябе спадзяюцца.
Дай супакой, дабро, бласлаўленне, прыязнасць, ласку і спачуванне нам і ўсяму народу. Блаславі нас, Ойча, Святлом Ліка Твайго, бо гэтым Святлом даў Ты нам, Божа, Закон жыцця, любоў да дабрачыннасці, справядлівасць, ласку, жыццё і супакой. Хай будзе заўгодна Табе блаславіць народ заўсёды і ва ўсялякі час супакоем.
Успомні, Божа, па мноству Ласкі Тваёй, і мяне (імя), і адпусці мне саграшэнне маё, умыснае і ненаўмыснае. Успомні, Божа, бацькоў маіх, і братоў, і сёстраў, і ўсіх родзічаў. І дай мне, Божа, да апошняга ўздыху перад Табою стаяць, і атрымаць адпушчэнне грахоў. І ў страшны апошні дзень, перад пасадам Тваім, праваруч Цябе стаяць.
Успомні, Божа, кожнага, хто калі-небудзь мне дабро сатварыў, або добрае слова сказаў, або падумаў. Хай ніхто з іх не згубіць узнагароды сваёй, але кожны атрымае па Словау Твайму.
Выратуй, Божа, і памілуй тых, хто ненавідзяць і крыўдзяць мяне. Ачысці іх міласэрнасцю Сваёй, і пакрый іх дабрынёй Сваёй, дзеля іх пакаяння.
Памілуй, Божа, і выратуй па міласэрнасці Сваёй і мяне, грэшнага, пакуль яшчэ ў гэтым свеце жыву. Прабач мне ўсе грахі мае, і выратуй мяне на ўсялякім месцы: у шляху, у працы, дзе б ні знаходзіўся, пазбаўляючы мяне ад гвалту варожага і ад спакусаў, і ад стрэл грахоўных, і захавай мяне ад усялякай варожасці, ва ўсялякі час, у начы і ў дні, ад марнай смерці, смутку і хваробаў. І жыццё ў супакою, і пакаяння час, і зыход мірны дай мне з Ласкі Тваёй.
Хай будзе воля Твая, Божа Наш, падарыць кожнаму ўсё яму неабходнае, і кожнай істоце тое, чаго ёй не хапае. Бласлаўлёны Ты, Божа, уважлівы да малітвы.
Слава Госпаду Богу Ўсявышняму сёння, заўсёды і на векі вечныя. Амэн.
Паводле Minsk.info