Skip to main content

Пустая малітва

storm 724010 1280Існуюць дні, нават працяглыя перыяды, калі вопыт малітвы аказваецца пустым, непажаданым і вартым жалю.

Калі мы молімся за сваё жыццё, мы атачаем малітвай усе яго аспекты, і нават тыя, якія б мы ўвогуле не хацелі бачыць у сваім жыцці. Ніхто з нас не хоча адчуваць боль, але ў нас не заўсёды атрымоўваецца пазбегнуць яго. Так як кожны вопыт жыцця ўплывае на нашыя адносіны з Богам, мы не павінны бянтэжыцца, калі ў іх з'яўляецца месца для смутку. На тое, як мы перажываем малітву, уплывае наша цела, розум і дух. Калі мы змагаемся з пакутамі і бедствамі любога тыпу, мы можам чакаць, што гэта будзе адмоўна ўплываць на нашую малітву.

Ніхто не хоча адчуваць сябе пустым, калі моліцца, але часам нашыя адносіны з Богам нагадваюць бясплодную пустыню. Існуюць дні, нават больш працяглыя перыяды, калі вопыт малітвы аказваецца пустым, непажаданым і вартым жалю.

Эн Вімс напісала кігу "Pslams of Lament", калі перажывала жалобу пасля смерці сына, які скончыў жыццё самагубствам. Гэтак жа, як у габрэйскіх псальмах, яна крычала ў гневе, наракаючы на несправядлівасць і пачуццё страты. Яе агарнуў смутак і пустата, і яна перанесла гэтыя пачуцці з глыбіні свайго сэрца на малітву. Яна не адмаўляла свайго гнева, смутку і болю ў сэрцы і не намагалася прыкрыць свой боль ілжывымі пачуццямі пабожнасці. Але яна зрабіла тое, што і многія да яе рабілі ў Святым Пісанні, - прызнала свой боль і верыла, што Бог прыме яго і нараканні са зразумеласцю і спачуваннем. Яна заахвочвае таксама кожнага, хто адчувае грандыёзнасць страты, наблізіцца да Яго, поўнага міласэрнасці і "у гучным крыку выліць увесь боль, які атручвае душу".

Змрочныя часы кідаюць нам выклік, каб мы па-ранейшаму мелі веру ў Бога, каб мы былі ўпэўненыя, што Бог будзе весці нас праз пакуты бягучай сітуацыі, што, незалежна ад абставін, мы не адмовімся ад Бога.

Ёсць час, калі мы занадта слабыя і поўныя болю, каб звяртацца да Бога. Гэта асабліва бачна ў сітуацыях, калі кожную хвіліну нас паглынае фізічны боль, і мы не можам сабраць разумовыя або эмацыйныя сілы, каб засяродзіцца на чым-небудзь. Калі гэта адбываецца, іншыя могуць маліцца ад нашага імя, за нас. Я памятаю, як наведвала старэйшую сястру з нашай супольнасці, якая ляжала ў бальніцы. Яна была невылечна хворая, амаль не размаўляла і не рухалася. Калі я села каля яе, яна падзяліся са мною сваімі перажываннямі: раней яе наведаў пэўны ксёндз - яна расказала яму, што не мае сіл на малітву, але ён настойваў: "Ты можаш маліцца!". Я не ведаю, што ён меў на ўвазе, але гэтая фраза прымусіла сястру зведваць пачуццё віны. Я запэўніла яе, што гэта натуральна, што яна не ў стане думаць ні пра што, і нават не ў сілах прагаварыць вядомую малітву або ружанец. Я выказала меркаванне, што яе малітвай можа быць тое, што яна пакорна аддае сябе свайму крыжу - хваробе, і што Бог ведае ўсю сітуацыю і жаданне яе сэрца. Я абяцала, што супольнасць нашых сясцёр памоліцца за яе. Гэтае абяцанне прынесла ёй супакой.

Томас Мертон зрабіў пранікальнае назіранне, што, калі наша малітва здаецца нам дрэннай і пустой, на самай справе яна можа быць найлепшай, таму што, калі мы знаходзімся ў жаласным стане, мы не можам быць сваім уласным "богам". Больш не існуе ілюзіі, што мы ўсім кіруем самі. Калі боль перапаўняе нас, мы можам толькі кінуцца да Бога, верачы, што арымаем ласку і сілу, каб вытрымаць. Замест таго, каб бегчы ад праблем і ад таго, што выклікае боль, мы робім мудра, ідучы разам са сваімі праблемамі да Пана.

З кнігі Джойс Руп "Асабістая малітва"

Паводле deon.pl

Рэдагавана: 12 Кастрычніка 2017