Чатыры спосабы рахунку сумлення
Ты жывы або памёр? Ты жывеш або існуеш? Гэтае пытанне адносна якасці жыцця. Не люблю рахункаў сумлення - тых, што напісаныя. Падобна да таго, калі б нехта, маючы здаровае сэрца, выкарыстоўваў штучнае, або, маючы здаровыя ногі, карыстаўся пратэзамі. У духоўнай і маральнай сферы таксама дзейнічае правіла атрафіі: тое, чым не карыстаюцца,- ідзе ў заняпад. Для рахунку сумлення лепш выкарыстоўваць уласнае сумленне, а не нечыя спісы пунктаў. Аднак я згодны, што часам такі пералік можа быць карысным, каб заўважыць рэчы і справы, якія пры звычайных сітуацыях выслізгваюць з нашага ўяўлення.
Час ад часу варта скарыстацца падобным спісам, каб разбурыць руціну, якая ўсыпляе. Як спавяднік, я часам раю скарыстацца такой дапамогай, хоць і тады аддаю перавагу таму, каб гэта не было празмерна даслоўным перакладам напісаных пунктаў.
Я не раз меў такі досвед: пенітэнты (тыя, якія прыступаюць да сакраманту споведзі) пералічваюць тое, што вычыталі, уключаючы не толькі класічны пераход вуліцы на чырвонае святло, але і тое, што не носяць асвечанага медальёна і не чытаюць каталіцкай прэсы. (Часам нават пералічваюць спіс назваў выданняў, якія не чыталі, і гэта, у рэшце рэшт, цікавае для пазнання, бо можна даведацца, што залічваюць да каталіцкай прэсы, а што не).
Больш "добрасумленныя" здольныя знайсці ў сабе ўсе названыя ў адпаведных спісах грахі, а калі гэта да канца не ўдаецца, то дадаюць формулку "магчыма": магчыма, зрабіў яшчэ тое ці гэта. Таму я прапаную некалькі варыянтаў іспыту сумлення - хутчэй абагульненых, якія пакідаюць шмат месца для "хатняй працы" над сумленнем.
1. Штодзённы, у плюс і ў мінус
Гэта часты, нават штодзённы, кароткі іспыт. Здаецца мне, што гэта выдатная асабістая малітва на завяршэнне дня, з агаворкай і заахвочваннем, каб гэты рахунак рабіць "ў плюс" і "у мінус".
Што прынёс дзень, што было добрага (якое дабро прыйшло да мяне і якое дабро выйшла ад мяне). Трэба гэта назваць і падзякаваць за гэта Богу.
А што было дрэннага - таксама назваць па імені, імкнучыся зрабіць гэта максімальна канкрэтна. Назваць і папрасіць у Бога прабачэння.
2. Я, ты, Ён
Калі найважнейшая запаведзь гэта "любіць Бога, любіць бліжняга, любіць сябе самога", то па гэтых катэгорыях можна зрабіць рахунак сумлення і шукаць тое, у чым правініўся.
У адносінах да Бога: нявернасць у малітве і сакрамантах, грэбаванне Божым Словам і голасам сумлення, падазронасць у адносінах да Бога, інфантыльнасць у веры (кідацца ў скрайнасці, або калі дарослы чалавек на споведзі кажа "Божанька", "касцёльчык", "грашок", успрыманне Бога як "выканаўцу" маіх патрэбаў, духоўны мінімалізм, застой і згода на скажоны вобраз Бога.
Да бліжняга: "усё, што зрабілі, і ўсё, чаго не зрабілі". Тут спецыяльная заўвага: "Самай вялікай супрацьлегласцю любові не з’яўляецца нянавісць, а інструментальнае стаўленне да іншага чалавека" (св. Ян Павел II). Гэта азначае, што іншага чалавека ты заўважаеш і ўваходзіш з ім у кантакт толькі тады і толькі настолькі, наколькі з яго можна мець нейкую карысць - матэрыяльную, псіхалагічную, нават духоўную.
Да сябе: коратка кажучы, мы павінны пра сябе клапаціцца. Не толькі не шкодзіць свайму здароўю, бо гаворка ідзе таксама і пра маладушнасць (гэта значыць, згода на пасрэднасць, адмаўленне ад свайго развіцця, невыкарыстанне Богам дадзеных здольнасцей, магчымасцей, талентаў, часу, адсутнасць працы над сваім эгаізмам, недахоп адпачынку, адсутнасць гармоніі ў звычайным штодзённым функцыянаванні).
3. Рахунак "Імшальны"
Выдатную дапамогу ў рахунку сумлення прадастаўляе імшальны акт пакаяння: "спавядаюся ... што зграшыў я думкай, словам, учынкам і занядбаннем".Гэтыя чатыры катэгорыі прадастаўляюць пэўную структуру пазнання сумлення. Вось некалькі прыкладаў таго, што можа ўтрымлівацца ў гэтых катэгорыях:
- Думкамі:
відавочна, адразу з'яўляецца асацыяцыя з "нячыстымі думкамі", але тут могуць аказацца і іншыя справы, напрыклад, чорныя думкі з серыі "упэўнены, што не атрымаецца", "няма сэнсу","я нічога не варты", "я / ён / яна ніколі не зменіцца"; падазронасць, прэтэнзіі, патрабаванні, у рэшце рэшт - неразважлівасць, пражыванне жыцця раслінным спосабам, або "як мул і конь без розуму" (Пс 32, 9).
- Словам:
паклёп, ачарненне, плёткі, нараканні (вельмі атрутныя для сябе і іншых), балбатлівасць, якая не пакідае месца выслухаць іншых (і сябе самога); але таксама і недахоп добрых слоў. "Ні адно дрэннае слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае, што можа ў неабходнасці павучыць, і каб гэта выйшла на карысць тым, якія чуюць яго" (Эф 4, 29), што азначае: перапрасіць за словы, якія мы маглі сказаць і не сказалі, за словы падзякі, хвалы, падтрымкі, тлумачэня, прызнанні ў каханні, пратэсту супраць зла і т. д. - мы таксама будзем судзімыя.
- Учынкам:
верагодна, не трэба спецыяльных тлумачэнняў, магу паўтарыць сказанае вышэй: "усё, што вы зрабілі ..."(варта перачытаць Мц 25, 31-46).
- Занядбаннем:
для людзей, якія імкнуцца жыць прыстойна ці больш духоўна, у гэтай катэгорыі можа ўтрымлівацца больш спраў для раскрыцця і тлумачэнняў. Як Хрыста, так і хрысціяніна больш павінна цікавіць дабро, а не толькі пазбягаанне зла, таму фармулёўка "не забіў", "не ўкраў", "не чужаложыў" яшчэ ні пра што не сведчыць. Бо мы павінны запытацца ў сябе, ці выкарысталі магчымасці дапамагчы або ці дзяліліся тым, што маем: часам, верай, ведамі. Ці я развіваюся? Ці развіваю свае магчымасці, веды, адносіны з іншымі, сваю веру, любоў? Ці я далучаюся да хатніх спраў,спраў у сям'і, суполцы, на працы, у касцёле?
4. "Маю супраць цябе" або апакаліптычны рахунак
Для больш патрабавальных выдатным дапаможнікам у рахунку сумлення будуць "Лісты да сямі касцёлаў" з Кнігі Адкрыцця.
"Але маю я супраць цябе, што пакінуў ты сваю першую любоў" (Ап 2, 4).
Гэта можа проста азначаць нявернасць - Богу, мужу і жонцы, у выпадку святара або манахіні - нявернасць складзеным абяцанням і іншым абавязкам, якія выцякаюць з прынятага ладу жыцця. Але гэта можа азначаць таксама адыход ад той першапачатковай любові, давядзення сваёй любові да "анеміі", недахопу клопату пра каханне праз занядбанне часу на яго, увагі, неслухання, адсутнасць супольнага дыялогу, непрыняцце ўдзелу, што прыносіць "добры і злы лёс".
"Нічога не бойся з таго, што трэба табе перанесці" (Ап 2, 10).
Калі для нас найважнейшым з'яўляецца любоў, то страх - гэта вораг любові, таму ён можа быць грахом. Ім можа быць страх перад цярпеннямі (хтосьці сказаў: 2Калі любіш - не пытайся, ці будзеш цярпець, а пытай, калі і як моцна"). Страх перад стратай незалежнасці, перад непрыняццем, паражэннем, страх перад прыняццем важнага рашэння, перад адказнасцю.
Усе гэтыя страхі цалкам рэальныя і з імі варта лічыцца, яны маюць у сабе нешта асцерагаючае і пазітыўнае; але калі яны залішнія, калі яны пачынаюць кіраваць намі, то выклікаюць жыццёвы параліч.
Мы павінны прымаць іх да ўвагі, але ў той жа час моцна верыць абяцанню, што "любоў усё вытрымае", што лекам ад пакутаў з'яўляецца церпялівасць, ад страху паражэння - тое, што любоў "не шукае свайго" і "не ўзносіцца гонарам", ад страху адкідвання - што "любоў заўсёды спадзяецца".(гл. 1 Кар 13, 1-13).
"Аднак трохі маю супраць цябе, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Балаама, які вучыў Балака пасылаць згаршэнне на сыноў Ізраэлевых, каб елі ахвяры складаныя ідалам і займаліся распустай" (Ап 2, 14).
Распусту тут можна разумець даслоўна; аднак, у біблейскай мове "ідалы", "нечыстасць", або "распуста", азначаюць жыццё такім чынам, як бы Бога не было. Таму варта задаць сабе пытанне: ці, наколькі, як і калі Бог прысутнічае ў маім жыцці. Ці я будую сваё жыццё, улічваючы Яго словы, кіруюся Яго запаветамі, ці я малюся або пытаюся, чаго Ён ад мяне чакае, чаго Ён ад мяне і для мяне хоча?
Гэты папрок, напісаны ў Адкрыцці, можа азначаць уваходжанне ў фальшывую рэлігію. Гэта можа быць нават культ самога сябе, што дастаткова лёгка дыягнаставаць па частаце з'яўлення ў мысленні і размовах словаў "я", "мяне", "мне", "для мяне", "маё меркаванне". Гэта можа быць культ розуму (тое, што не месціцца ў маёй галаве, - не існуе), культ перфекцыянізму і "святога спакою2, культ працы, інтэрнэту, добрага самаадчування, прыгожага цела, інтэлекту, грошай, быцця "сучасным" і многае іншае.
"Аднак маю супраць цябе, што дапускаеш жанчыне Ізабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць паслугачоў Маіх, каб распуснічалі і спажывалі ахвяры для ідалаў. І даў Я ёй час навярнуцца, але яна не хоча за сваю распусту пакаяцца"(Адкр 2, 20-21).
Тут папрокі падобныя, як і ў папярэднім лісце, але дададзена яшчэ нешта: час, каб навярнуцца - і нежаданне навярнуцца. Гэта частае адкладванне на потым, на заўтра, на святы, на старасць. Нярэдка гэта тычыцца споведзі, прымірэння з Богам і Касцёлам, але таксама і прымірэння з людзьмі, а таксама абавязкі ўзяцца за ўрокі, за напісанне курсавой або доктарскай, за выкананне розных абавязкаў, якія, пакуль вісяць над намі, уносяць у нашае жыццё замяшанне, стрэс, жаданне ўцячы, раздражненне, прэтэнзіі і абвінавачванні іншых.
"Імя ты носіш, як жывы, а мёртвы ты. Чувай і ўмацоўвай рэшту, якая мелася загінуць,бо не знаходжу ўчынкаў тваіх выкананымі перад Богам Маім. Дык памятай, як ты атрымаў і чуў, і захавай,і навярніся…"(Ап 3, 1-3).
Ты жывы або памёр? Ты жывеш або толькі "існуеш", як гародніна? Гэтае пытанне аб якасці жыцця, пра тое, што ты робіш са сваім патэнцыялам, уменнямі, натхненнямі, ці ты развіваешся духоўна, інтэлектуальна, эмацыйна, у адносінах з людзьмі. Проста кажучы, развіваешся ты як чалавек і хрысціянін, ці тваё жыццё творчае, плённае, ці яно не пустое і дарэмнае?
Але тут ёсць нешта таксама важнае: "умацоўвай іншых". Спытай сябе, ці сваім спосабам жыцця, паводзінамі, словамі, добразычлівасцю, сяброўствам ты ўмацоўваеш іншых, дадаеш ім адвагі, радасці, надзеі, ці ўсё наадварот - можа, атручваеш іх, даеш дрэнны прыклад, аслабляеш, знеахвочваеш?
І яшчэ адно: "успомні, як прыняў і слухаў" - гэта значыць "як атрымаў". Гэтае пытанне аб ласцы падзякі: ці бачыш добрае ў сваім жыцці, умееш цешыцца гэтым, шанаваць атрыманае? Ці ўсведамляеш, наколькі ты адораны Богам? - А можа, няўдачы, непрыемнасці, стомленасць, пакуты закрылі табе цэлы свет?
Трымай тое, што маеш, каб ніхто не скраў вянца твайго (Ап 3, 11).
Можа, у гэтых словах - пытанне аб сапраўднасці і вернасці сабе, сваім перакананням, свайму сумленню, каб яны не змяняліся ў залежнасці ад сітуацый, кампаніі, ад таго, што падабаецца іншым, ад моды. Ты пад усё падладжваешся, як хамелеон. Калі ты шчыры, калі ты - гэта ты сам, то можаш на самой справе сустрэць Бога, іншага чалавека, можаш асэнсавана жыць, можаш сапраўдна любіць, можаш адрозніваць каштоўнае ад нявартаснага, праўду ад ілюзіі, дабро ад зла.
"Ведаю ўчынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы.(…) бо кажаш ты: "Багаты я і забяспечаны, і нічога мне не трэба, і не ведаеш, што ты бедны, і самы нешчаслівы, і ўбогі , і сляпы, і голы" (Адкр 3, 15.17).
Тут ёсць папрок у летнясці, г.зн. абыякавасці і згодзе на такі стан, калі думаеш: можа, мае справы і не лепшыя, але і не такія дрэнныя, ёсць горшыя за мяне... Гэта на самой справе небяспечны стан, які не дае шанцаў на развіццё. А правільным з'яўляецца прынцып, што калі хто не ідзе наперад, то ён ідзе ў зваротным кірунку. Гэта тычыцца веры, любові, дружбы, таксама працы і кожнай сферы нашага жыцця. Гэта стан усыплення ўспрымання і адчування, адмовы ад большага развіцця, ад стаўлення сабе патрабаванняў. І тут сапраўды можна не заўважыць, што ты і бедны, і сляпы, і голы, і няшчасны, і мізэрны.
Між тым вера адкрывае перад намі перспектыву максімалізму, выяўленую хоць бы такімі словамі: "Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёй тваёй душой і ўсім разуменнем тваім" (Мц 22, 37). Немагчыма ні верыць, ні кахаць, ні рабіць нешта на самой справе якасна, калі робіш "сяк-так", таму што вядзе гэта да змяншэння чалавечнасці. А для Бога важна, каб мы былі вялікімі, каб мы імкнуліся да Яго ўзроўню.
Цыпрыян Клахс OP
Паводле dominikanie.pl