Сакрамэнт паяднання патрабуе засяроджанасці і малітоўных разважанняў. Вось малітвы, якія дапамогуць добра падрыхтавацца да прымірэння з Богам.
Малітва перад іспытам сумлення
Нябесны Ойча! Вось я, Тваё грэшнае дзіця, набліжаюся да Цябе з усёй пакорай сэрца, каб вымаліць Тваё прабачэнне. Хачу ачысціць маю душу ад шматлікіх грахоў, якімі я Цябе пакрыўдзіў. Хачу, каб мая споведзь была праведзена добра і была святой, і з Тваёй дапамогай шчыра хачу выправіцца. Спашлі Духа Святога ў сэрца маё і падтрымай мяне сваёй ласкай. Прыйдзі, Дух Святы, асвяці мой розум, каб грахі свае я старанна пазнаў, зварушы маю волю, каб я за іх сардэчна шкадаваў, шчыра з іх паспавядаўся і рашуча выправіўся. Марыя, выратаванне грэшнікаў, заступайся за мяне! Святы Анёл-Ахоўнік, мой святы заступнік, выпрасі для мяне ласку добрай святой споведзі. Амэн.
Ойча наш ... Вітай, Марыя ...
Малітва перад споведдзю
Усемагутны і міласэрны Божа, асвяці мой розум, каб я распазнаў свае грахі, і змяні маё сэрца, каб я шчыра навярнуўся да Цябе. Няхай Твая любоў прымірыць мяне з усімі, каму я нанёс крыўду. Няхай Твая дабрыня вылечыць мае раны, умацуе маю слабасць. Хай Дух Святы адорыць мяне новым жыццём і адновіць ува мне любоў, каб у маіх учынках заззяў вобраз Твайго Сына, які з табой жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн.
Малітва пасля споведзі
Госпадзе мой і Божа, дзякую Табе за тое, што Ты паклікаў мяне да веры ў Езуса Хрыста, Сына Твайго і Збаўцу нашага. Ты спасылаеш нам Святога Духа, каб мы сталі Тваімі дзецьмі і нашчадкамі. Ты не пакідаеш грэшніка, а шукаеш яго з бацькоўскай любоўю. Ты пастаянна абнаўляеш нас у сакрамэнце Пакаяння і Паяднання, каб мы кожны раз усё больш упадабняліся да Твайго Сына. Дзякую Табе за цудоўную справу Тваёй Міласэрнасці і праслаўляю Цябе разам з усім Касцёлам за нашае збаўленне. Табе хай будзе слава ў Хрысце ў Духу Святым, цяпер і назаўсёды. Амэн.
Усемагутны міласэрны Божа, пакорна Цябе прашу ў імя Сына Твайго Езуса Хрыста: дай мне вытрваласць у добрым аж да смерці. Падтрымлівай мяне і не дазволь мне адысці ад Цябе. Амэн.
Малітва аб духу пакаяння
(Св. Вікенція Паллоцці)
Найсвяцейшая Багародзіца, Маці Бога і Прытулак усіх бедных грэшнікаў! Дзеля бясконцай міласэрнасці Божай, дзеля бясконцых заслуг Езуса Хрыста і дзеля заслуг усяго двара нябеснага, будзь ласкава пераняць з Найсвяцейшага Сэрца Езуса мукі, якія Ён пераносіў усё жыццё і якія прывялі Яго да пакут і крывавага поту ў Аліўным садзе. Будзь ласкава, змясці іх у нашае сэрца і ў сэрцы ўсіх людзей; для гэтых пакут мы хочам адрачыся ад усіх грахоў і пакутаваць за іх. Ахвяруем таксама Кроў Езуса Хрыста ў падзяку, як быццам Ты ўжо выпрасіла нам ласку, аб якой мы Цябе прасілі. Амэн.
Паводле stacja7