Уступная малітва
Езу Хрысце, сёння мы ўглядаемся ў Твае Боскае Сэрца. У Тваім Сэрцы змешчана таямніца нашага збаўлення і мы хацелі б паразважаць над ёй, ідучы разам с Табой па Крыжоваму шляху.
Ты так палюбіў свет, што выдаў самога сябе, каб праз пакуты, смерць і ўваскрасенне адкрыць нам шлях да Айца. Будзь з намі, Госпадзе, у час нашага разважання над Тваімі пакутамі на Крыжовым шляху, каб мы навучыліся глядзець на гэты свет, на чалавека, на ўсё жыццё Тваімі вачыма. Езу, Ты дарога, праўда і жыццё. Табе ахвяруем нашыя разважанні Крыжовага шляху за нашыя супольнасці, у малітве аб духу пакаяння і навяртання грэшнікаў, каб нашыя сем'і былі моцнымі Тваёй прысутнасцю.
Боскае Сэрца Езуса, узмацняй нас.
Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа, – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя І: Езус асуджаны на смерць
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Езу, Ты стаяў перад чалавечым судом. Стаяў перад Пілатам, каб прыняць пакаранне. Цябе прысудзілі на смерць. Раней гэтае пакаранне вынеслі першасвятары - Ганна і Каяфа. У плане Твайго Айца было прадугледжана пакаранне, якое асуджае Цябе. Першы чалавек - Адам, супрацьстаяў волі Божай. Ты прыйшоў, каб выканаць волю Айца і выправіць памылкі, якія ўвайшлі ў гэты свет. Твае Сэрца, якое цалкам аддадзена Богу Айцу, хацела адкрыць зваротны шлях у дом Айца, каб чалавек зноў мог паяднацца з Творцам. Езу, з любоўю да чалавека Ты прыняў пакаранне, каб мы памяталі, што Твае Сэрца з’яўляецца шляхам да паяднання з Айцом.
Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, са Словам Божым істотна з’яднанае, – змілуйся над намі..
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя ІІ: Езус бярэ крыж
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Не павінен быў браць на сябе крыж, не павінен несці яго. Але Ты хацеў паказаць чалавеку, як моцна Ты яго любішь. Ты ўзяў цяжар нашых грахоў. Крыж на Тваіх руках як знак адданасці Айцу. Гледзячы скрозь прызму крыжа, мы адкрываем ў Тваім Сэрцы вялікую любоў да кожнага чалавека.
Сэрца Езуса, палымнеючае вогнішча міласці, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, справядлівасці і любові скарбніца, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя ІІІ: Езус падае першы раз
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Цяжар крыжа прыціснуў Тваё слабое цела да дарогі, па якой Ты ішоў. У гэты момант Твае Сэрца прытулілася да зямлі, як бы Ты, Госпадзе, хацеў абняць ўвесь свет. Шмат стагоддзяў таму, Бог стварыў свет з любові. З любові да чалавека паслаў Цябе, каб аднавіць першапачатковае шчасце, ад якога чалавек сам адрокся. Ты згадзіўся на гэты шлях, каб для ўсіх людзей, усіх пакаленняў, усіх моў і ўсіх часоў, адчыніць брамы да раю.
Сэрца Езуса, Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя ІV: Езус сустракае сваю Маці.
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Трыццаць тры гады назад, перш чым Тваё чалавечае Сэрца забілася пад Сэрцам Марыі, яна чакала Твайго прыходу на свет. Пасля лічыла дні, можа гадзіны перад Тваім нараджэннем. Тут, на крыжовым шляху, Вашыя Сэрцы зноў сустрэліся. Гэтым двум сэрцам не патрэбныя словы, каб выказаць тое, што яны адчуваюць. Каханне маці і сына разам пракладваюць шлях да Айца. Марыя, Твая Маці была з Табой з самага пачатку сваёй місіі на зямлі, ад нараджэння да Тваёй смерці на крыжы. Езус пакінуў нам сваю Маці для нас, каб яна вучыла нас, як выканаць волю Айца. Яна першая з людзей сказала сваё бездакорнае "Так. Хай будзе Воля Твая!" Да канца яна была верная свайму слову. Праз заступніцтва Тваёй Маці, молім Цябе, Езус, хай Божая любоў абудзіць у нас сапраўдную любоў да Бога. Езу, навучы з любоўю выконваць Тваю волю.
Сэрца Езуса, справядлівасці і любові скарбніца, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя V: Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Прымусілі Сымона несці Твой крыж. Яго сэрца было напоўнена бунтам і непаразуменнем. Толькі, калі ён стаў блізка Твайго Боскага сэрца, ён пачаў усё разумець. Магчыма, дзякуючы прымусовай дапамозе ў яго нарадзілася любоў да Цябе. Езус, Ты хочаш, каб мы ішлі разам з Табой і выратоўвалі сябе. Ты паказаў нам шлях да Айца. Ніхто з нас гэты шлях не можа прайсці ў адзіноце. Пройдзем яго, калі нашыя чалавечыя прагненні з'яднаюцца з прагненнямі Твайго Боскага Сэрца. Каб да канца іх зразумець, мы павінны дакрануцца Твайго крыжа, каб пры ім, як і Сымон, пачуць біццё Твайго Боскага Сэрца. Учыні, Госпадзе, каб рытм Твайго Сэрца змяніў нашыя сэрцы. Зрабі так, каб нашыя сэрцы біліся з рытмам Твайго Боскага Сэрца.
Сэрца Езуса, усялякай хвалы найдастойнейшае, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя VI: Cвятая Вераніка выцірае твар Езуса
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Яна выбегла з натоўпу, каб падыйсці да Цябе і абцерці Твой змучаны твар. На хусце засталося Тваё аблічча. Кожны з нас, Госпадзе, павінен вучыцца ад Веранікі бачыць Твае аблічча ў іншай асобе, блізкай, знаёмай або проста чужым чалавеку. Дапамажы нам, Езу, глядзець у вочы іншым людзям Тваімі вачыма і вачыма Вераніка.
Сэрца Езуса, у якім усе скарбы мудрасці і ўмеласці, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя VII: Езус падае другі раз
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Тваё другое падзенне, Пане… Яно з’яўляецца яшчэ адным прыцісненнем Твайго сэрца да зямлі. Твая любоў хоча, каб увесь свет быў ёю атулены. Езус, Ты хочаш, каб сваю любоў праяўлялі сёння ўсе хрысціяне, Твае вучні. Дай, Госпадзі, каб мы паступалі па законах Твайго Айца і ўнеслі свой уклад у перамяненне свету.
Сэрца Езуса, упадабанне Айца Нябеснага, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, з паўнаты якога мы ўсе атрымалі, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя VIII: Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
“Не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых.” (Лк. 23,28) Твае пакуты, Госпадзе, не зачынілі Твайго Сэрца на патрэбы іншых людзей. У глыбіні Твайго скатаванага Сэрца ёсць месца, з якога выплываюць суцяшэнні для іншых. Дай, Госпадзі, каб мы шукалі ў Тваім Сэрцы ласкі, неабходныя для выканання нашага паклікання ў жыцці на зямлі. Дай, Езу, каб мы ў глыбіні Твайго Сэрца шукалі сапраўднае суцяшэнне і аб'ядналіся з Табой ў сакрамэнце Эўхарыстыі. Навучы, як суцешыць пакрыўджаных і прыгнечаных, якіх мы сустракаем на дарозе жыцця. Езу, будзь для нас моцай у нашыя цяжкія моманты, каб мы ніколі не збіліся з шляху Тваёй любові.
Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, цярплівае і вялікай міласэрнасці, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя ІХ: Езус падае трэці раз
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Ужо ў трэці раз Ты падаеш, Езус. У трэці раз Ты трымаеш у сваім сэрцы ўсю зямлю з усімі яе жыхарамі. Сваім Сэрцам прытуляеш кожнага чалавека, кожнага з нас. Ты падымаешся і да канца выконваеш волю Айца, якому хочаш быць паслухмяным аж да смерці. Дай, Госпадзе, каб мы паўставалі з нашых грахоў і чыстым сэрцам выконвалі волю нашага Айца.
Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх, хто да Цябе звяртаецца, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, крыніца жыцця і святасці, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя Х: З Езуса здзіраюць адзенне
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Знялі з Цябе адзенне, але не могуць пазбавіць Цябе любові да чалавека. Твае чыстае Сэрца, любячае кожнага чалавека, хоча нагадаць нам, чым з’яўляецца чалавечае цела. Яно з’яўляецца святыняй, таму што ў глыбіні чалавечага сэрца жыве Бог. Стаючы прыніжаным перад людзьмі, моўчкі вучыш, каб мы не глядзелі на іншых людзей толькі на іх знешні выгляд, але каб глядзелі ў чалавечыя сэрцы.
Сэрца Езуса, крыніца жыцця і святасці, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя ХІ: Укрыжаванне Езуса
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Аддаючы Сябе волі Бога, Ты прымаеш яшчэ большую пакуту, якую надаюць цвікі, разрываючы Тваё цела і рукі. У гэтым вялікім болю Ты молішся: "Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць". У Тваім змучаным Сэрцы ёсць месца для міласэрнасці да людзей. Навучы нас уменню дараваць тым, хто ў розных выпадках нас абвінавачвае.
Сэрца Езуса, уміласціўленне за грахі нашыя, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, паслухмянае ажно да смерці, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя ХІІ: Езус памірае на крыжы
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Езус, аддаючы Свайго духа ў рукі Айца, нагадай нам, што мы таксама з'яўляемся дзецьмі Нябеснага Айца. Бог ёсць наш Айцец. Учыні, Езу, каб праз ахвяру, якую Ты за нас склаў, мы заўсёды былі дзецьмі Айца Нябеснага і былі Яму паслухмянымі.
Сэрца Езуса, дзідай прабітае, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, жывая ахвяра за грахі нашыя, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя ХІІІ : Езуса здымаюць з крыжа
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Нямногія з Тваіх вучняў сталі разам пад Твой крыж. Твой таемны вучань, Юзаф з Арыматэі, пачціва зняў з крыжа Твае цела, каб пахаваць яго ў магіле. Езу, Ты абяцаў тым, хто пройдзе крыжовы шлях да канца, выратаванне. Дай, Пане, каб мы даверыліся Твайму сэрцу і жылі ў з’яднанні з Табой.
Сэрца Езуса, збаўленне тых, хто на Цябе спадзяецца, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, надзея тых, хто ў Табе памірае, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя ХІV: Езуса кладуць у грабніцу
Кланяемся Табе Пане Езу Хрысце і благаслаўляем Цябе,
бо праз крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты.
Твая магіла для нас з’яўляецца знакам і месцам задумы. Твая магіла не хавае Твайго цела. Яно знаходзілася там толькі тры дні. Ты ўваскрос. Зрабі моцнай нашу веру ў нашае ўваскрашэнне. Гэтая вера знаходзіцца па-за межамі нашага чалавечага ўяўлення і мыслення. Госпадзе, зрабі моцнай нашу веру! Абудзі ў нас жаданне імкнуцца да вечнага жыцця ў еднасці з Табой. Дазволь, Госпадзі, каб мы тут, на зямлі знаходзіліся ў ласцы Божай, а праз частае выкарыстанне сакрамэнту пакаяння, якое з'яўляецца ўваскрашэннем ад нашых грахоў, мы напоўніліся Тваім супакоем.
Сэрца Езуса, жыццё і ўваскрашэнне нашае, – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, супакой і паяднанне нашае, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Малітва на заканчэнне
Езус Хрысце, дзякуем Табе за прысутнасць, за тое, што дазваляеш нам глядзець на Твае Боскае Сэрца. Дзякуем за тое, што разам з намі Ты прайшоў гэты крыжовы шлях. Мы хочам папрасіць у Цябе, каб Ты прыгарнуў нас да Свайго Боскага Сэрца.
Прыгарні нас Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – змілуйся над намі.
Які за нас цярпеў ад ран, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!