Езуіт айцец Пуціган пачаў навэнну да Святой Тэрэскі Дзіцятка Езус 3 снежня 1925 г., просячы Святую аб вялікай міласці. На працягу дзевяці дзён ён чытаў "Хвала Айцу" дваццаць чатыры разы на дзень, дзякуючы Святой Тройцы за міласці, праяўленыя ў жыцці Святой Тэрэскі за 24 гады яе зямнога жыцця. Святар прасіў Святую Тэрэску, каб у якасці знаку на тое, што яго малітвы пачутыя, ён атрымаў ад каго-небудзь свежазрэзаную ружу. На трэці дзень навэнны нейкі незнаёмец знайшоў айца Пуцігана і падарыў яму прыгожую ружу.
Езуіт пачаў другую навэнну 24 снежня таго ж года, і ў якасці знака папрасіў белую ружу. На чацвёрты дзень яго навэнны сястра міласэрнасці паднесла яму белую ружу са словамі "Святая Тэрэска пасылае яе вам". Здзіўлены святар спытаў: "Дзе вы яе ўзялі?". "Я была ў капліцы", - адказала сястра, "І калі сабралася выходзіць, прайшла міма алтара, над якім вісіць цудоўны абраз Святой Тэрэскі. Гэтая ружа ўпала да маіх ног. Я хацела вярнуць яе ў букет, але мне прыйшло ў галаву, што лепш прынесці яе вам".
Айцец Пуціган атрымаў ласкі, аб якіх прасіў Кветачку Езуса, і паабяцаў распаўсюджваць гэтую навэнну, каб павялічыць кола прыхільнікаў і праславіць яе імя.
Таму, з 9 па 17 чысла кожнага месяца, тыя, хто хоча прыняць удзел у навэнне з 24 "Хвала Айцу", павінны злучыць свае намеры з думкамі ўсіх, хто ў той жа час адпраўляе навэнну, ствараючы адзіны габелен малітвы на Зямлі. Можна таксама адправіць навэнну і ў любы больш спрыяльны для вас час.
Навэнна
"Хвала Айцу" - праслаўленне Святой Тройцы - чытаецца 24 разы кожны з 9 дзён, у якасці падзякі за бласлаўленне і ласкі, падараваныя Святой Тэрэсцы Дзіцятка Езус на працягу яе 24-гадовага жыццёвага шляху. У якасці дадатку можа выкарыстоўваць наступную (або падобную да яе) малітву: Святая Троіца, Бог Айцец, Бог Сын, і Бог Дух Святы, я дзякую вам за ўсе бласлаўленні і ласкі, якія Вы даравалі душы служкі вашай Тэрэсцы Дзіцятка Езус, падчас дваццаці чатырох гадоў, праведзеных ёй на Зямлі, і дзеля добрых дзеяў гэтай святой, я малю Вас дараваць мне ласку.., калі яна згодная з Вашай Святой Воляй, і не з'яўляецца перашкодай для майго збаўлення.
Пасля гэтай малітвы, прачытайце "Хвала Айцу" 24 разы, за кожным разам паўтараючы кароткую малітву: "Святая Тэрэска Дзіцятка Езус, маліся за нас".