Маці Тэрэза часта казала: «Маліцеся на Ружанцы кожны дзень і вучыце гэтаму іншых». Сення мы прапануем вам ружанцовыя разважанні, складзеныя паводле лістоў благаслаўлёнай Маці Тэрэзы.
ТАЯМНІЦЫ РАДАСНЫЯ
І. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
Найцудоўнейшы этап у гісторыі Адкуплення распачаўся вельмі проста. Бог не паслаў Габрыэля ў палац якога-небудзь уладара, але да маладой дзяўчыны, Марыі, якая жыла ў сціплай хатцы ў Назарэце. Калі Анёл абвясціў Ёй, што будзе Маці Збаўцы, Яна запыталася ў яго толькі аб адным: «Як гэта будзе?» А калі ён гэта растлумачыў, Яна, поўная ласкі, аддала сябе Пану як служанка. (...) Яна дазволіла, каб Бог напоўніў Яе цалкам. (...) Марыя ў таямніцы звеставання дае нам прыгожы прыклад таго, як мы павінны жыць, калі Яна прымае Езуса з любоўю і вераю (...). Марыя сказала сваё «так» вуснамі і сэрцам.
ІІ. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
Найпрыгажэйшым момантам у жыцці Марыі была хвіліна, калі Яна згадзілася стаць Маці Езуса. (...) Яна паспяшалася ў сваёй годнай здзіўлення пакоры, у сапраўдным акце любові выканаць ролю служанкі для Альжбеты. Мы ведаем, як паўплывала гэтая пакора на ненароджанае яшчэ дзіця Альжбеты: яно ўзварушылася ў лоне сваёй маці. Гэта быў першы чалавек, які распазнаў надыход Хрыста. Потым Маці Пана заспявала з радасцю, падзякаю і праслаўленнем Magnifiсat (...). Марыя з’яўляецца для нас прыкладам таго, як мы павінны жыць. (...) Тое, што сама атрымала як дар, Яна хацела перадаць іншым.
ІІІ. Нараджэнне Езуса Хрыста
Езус прыйшоў на свет, каб збавіць чалавека, каб навучыць нас любові свайго Айца. (...) Мы дзякуем Богу за тое, што ахвяраваў нам свайго Сына Езуса, каб Ён нарадзіўся сярод нас і быў да нас падобны ва ўсім, за выключэннем граху. Бог, становячыся чалавекам, падкрэсліў веліч і прыгажосць жыцця чалавека (...). Ён прагне з радасцю і спакоем ахвяраваць сябе самога нашым сэрцам. Ён хоча, каб Яго прыйсце магло прынесці кожнаму з нас спакой і радасць. Молімся, каб атрымаць гэтую ласку.
IV. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
Маці Божая, ахвяруючы Езуса ў святыні Ерузалемскай, дзякуе Спрадвечнаму Айцу ад імя ўсіх людзей і ахвяруе Яго Яму. Так і мы павінны паступаць у нашым жыцці: пастаянна дзякаваць Богу за дар жыцця і веры, ахвяроўваць нашае жыццё для збаўлення свету. (...) Калі ў нас няма чаго ахвяраваць, аддадзім Богу гэтую нікчэмнасць. Станем усе настолькі пустымі, наколькі гэта магчыма, каб Бог мог нас напоўніць. Нават Бог не можа напоўніць тое, што ўжо поўнае. Бог не хоча ні да чаго нас змушаць. Гэта ты сам напаўняеш свет любоўю, якую Ён табе дае.
V. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
Калі Езуса знайшлі бацькі, Ён накіраваўся з імі ў Назарэт і быў паслухмяны ім. (...) Таксама і мы павінны шукаць Бога, калі згубімся ці аддалімся ад Яго. Якім чынам? Так, як зрабіла гэта Марыя: знайшла Яго ў святыні. Шукайма Яго ў цішыні, у малітве, на каленях, у Эўхарыстыі, у цярпеннях (...). Мы павінны гэтак, як і Марыя, шукаць нашых дзяцей, гэтак, як зрабіла Яна, калі згубіўся Езус. Нас павінна непакоіць думка пра тое, дзе знаходзяцца нашы дзеці. Сямейны агмень без дзяцей – гэта ўжо не сямейны агмень.
ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА
І. Хрост Пана Езуса ў Ярдане
Бог, апрача цялеснага жыцця, даў нам таксама духоўнае і звышнатуральнае жыццё праз сакрамэнт хросту, бо ўвёў нас у вялікую сям’ю Маці Касцёла (...). Якім жа прыгожым дарам з’яўляецца хрост, праз які мы сталі дзецьмі Божымі, членамі Яго містычнага Цела, Касцёла, дзецьмі вечнасці.
ІІ. Езус аб'яўляе сябе на вяселлі ў Кане
Марыя ў Кане Галілейскай сказала Езусу: «Няма больш віна». Будзем жа і мы такімі, як Яна, чулымі да патрэбаў людзей убогіх, незалежна ад таго, будуць гэта патрэбы духоўныя або матэрыяльныя, і гэтак, як Яна, будзем шчодра дзяліцца з іншымі любоўю і ласкаю, якімі самі былі адораныя. (...) Клопат пра іншых з’яўляецца пачаткам святасці. Калі навучышся мастацтву думаць пра бліжніх, будзеш усё больш падобным да Хрыста, таму што Яго сэрца было добрае і лагоднае, Ён заўсёды думаў аб патрэбах іншых. Наша пакліканне, калі мы хочам, каб яно было прыгожым, павінна быць напоўнена клопатам пра бліжніх.
ІІІ. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
Абвяшчайма спакой Хрыста так, як Ён яго абвяшчаў. Езус ішоў па жыцці, робячы дабро. Ён не перастаў спаўняць сваю місію міласэрнасці нават тады, калі фарысеі і іншыя праціўнікі ненавідзелі Яго, калі намагаліся знішчыць справу Яго Айца. Істотным у нашым жыцці ёсць не тое, што гаворым, але як мы верым, як жывём, як любім і сведчым пра Езуса Хрыста, нашага Збаўцу. (...) Найбольш эфектыўным сродкам у абвяшчэнні хрысціянства язычнікам з’яўляецца наша радасць, перакананне ва ўласным шчасці. (...) Гэта вельмі цяжкая справа, а часам зусім немагчымая – абвяшчаць Езуса іншым людзям, калі не маем Яго ў нашым сэрцы (...). «Навярнуць» – значыць давесці да Бога. «Асвячаць» – значыць напаўняць Богам...
IV. Перамяненне Езуса на гары Табор
Хрысціяне павінны быць святлом для іншых (...). Перадавай Езуса не словамі, але сваім прыкладам, любячы Яго, ззяючы Яго святлом і несучы любоў усюды, дзе толькі апынешся. Няхай радасць Езуса будзе тваёю сілаю. (...) Няхай Яго святло заўсёды ззяе ў тваім сэрцы, бо толькі Ён – Дарога, па якой можна ісці. Ён – Жыццё, якім можна жыць. Ён – Любоў, якой можна любіць.
V. Устанаўленне Эўхарыстыі
Эўхарыстыя азначае тое, што і любоў, якая разумее. Хрыстус разумеў нашу страшную прагу Бога. Ён разумеў, што мы былі створаныя для таго, каб быць любімымі, таму ўчыніў сябе Хлебам жыцця (...). Каб дзяліць з Езусам любоў, якая разумее, ты павінен спажываць гэты Хлеб (...). Святая Імша з’яўляецца нашаю дзённаю малітваю: мы складаем сябе ў ахвяры разам з Хрыстом, каб разам з Ім быць паламанымі і аддадзенымі найбяднейшым з бедных. Эўхарыстыя – гэта наша хвала і радасць, таямніца нашай еднасці з Хрыстом. (...) Святая Імша з’яўляецца духоўным пасілкам, які мяне падтрымлівае, без якога не здолела перажыць ніводнага дня ці гадзіны. (...) Наш удзел у Эўхарыстыі будзе няпоўным, калі ён не вядзе да служэння і любові ўбогім.
ТАЯМНІЦЫ БАЛЕСНЫЯ
І. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
Гэта былі для Езуса самыя цяжкія хвіліны ў жыцці. Лічыцца, што мука ў садзе Аліўным была больш пакутлівай, чым само ўкрыжаванне. Бо тады ўкрыжавалі Яго сэрца і душу, у той час як на крыжы – Яго цела... Аб тым, што ў тую гадзіну Езусу было вельмі цяжка, сведчаць словы, якія ён сказаў: «Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны не спаць са Мною?». Адсюль ведаем, што Яму патрабавалася суцяшэнне. (...) Езус наказвае: чувайце і маліцеся (...). Толькі ў чуванні і малітве мы можам застацца Яму вернымі.
ІІ. Бічаванне Езуса
Як жа цяжка Яму было, калі Ён мусіў цярпець бічаванне, калі плявалі Яму ў твар... Калі адчуваеш сябе прыгнечаным, паглядзі на Яго (...). Цярпенне, боль, смутак, прыніжэнне, пачуццё самотнасці з’яўляюцца пацалункам Езуса, знакам таго, што вы наблізіліся да Яго так блізка, што Ён можа вас пацалаваць. (...) Боль – гэта знак таго, што мы вельмі блізка наблізіліся да Езуса на крыжы. (...) Будзем жа вучыцца ад Марыі, якая, бачачы Езуса абражанага і бічаванага, не баялася прызнацца, што Яна — яго Маці. Молімся да Яе, (...) каб нішто не адлучыла нас ад любові Хрыста.
ІІІ. Укаранаванне Езуса цернем
Будзем прасіць нашу Пані, каб зрабіла нашы сэрцы такімі ціхімі і пакорнымі, якім было сэрца Яе Сына. Будзем вучыцца пакоры, спакойна прымаючы прыніжэнні. Не дазволь, каб цябе мінуў гэты шанец. Так лёгка быць ганарыстым, нячулым, капрызным і самалюбівым, але мы былі створаныя для большага. Таму навошта апускацца да справаў, якія знішчаюць прыгажосць нашых сэрцаў?..
IV. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
Сёння мы ўсюды сустракаем цярпенні душы і цела. У тваё ўласнае жыццё таксама ўвайшлі боль і цярпенне, але памятай, што твае боль, смутак і цярпенне з’яўляюцца нічым іншым як пацалункам Езуса. (...) Кожны з нас павінен паглыбіцца ў муку Хрыста з яшчэ большаю любоўю. Ён шукае кагосьці, хто б Яго суцешыў, падтрымаў на духу. Ці дастаткова моцна ты клапоцішся аб гэтым? Сёння Хрыстус церпіць па-рознаму ў людзях найбольш пагарджаных; прагнучы любові, Ён глядзіць у твой бок; патрабуючы дабрыні, Ён просіць яе ў цябе, сумуючы па табе, ускладаючы на цябе надзею. Хворы і ў вязніцы, Ён шукае твайго сяброўства. Бяздомны, просіць аб прытулку ў тваім сэрцы. Ты прымеш Яго?
V. Укрыжаванне і смерць Езуса
«Прагну», – сказаў Езус на крыжы. Ён гаварыў не аб празе вады, аб патрэбе любові. Ён, Творца сусвету, прасіў любові ў тых, хто з’яўляецца Яго стварэннем. Ён прагне нашай любові. Ці гучыць рэха гэтых слоў у нашых душах? (...) Паглядзі на крыж і ўбачыш галаву Езуса, схіленую, каб цябе пацалаваць; Яго рукі распрасцёртыя, каб цябе абняць; Яго сэрца адкрытае, каб цябе прыняць, каб прытуліць цябе ў сваёй любові. Паколькі мы ведаем, што крыж – гэта знак найбольшай любові Хрыста да цябе і да мяне, прымем Яго крыж з усім, што Ён захоча нам даць, і аддадзім Яму з радасцю ўсё, што захоча забраць. Калі мы будзем так паступаць, свет даведаецца, што мы з’яўляемся Яго вучнямі, што мы належым Езусу, што ўчынкі, якія робім, ты і я, і ўсе браты і сёстры, ёсць нічым іншым як нашаю любоўю, уцелаўлёнаю ў жыццё.
ТАЯМНІЦЫ ХВАЛЕБНЫЯ
І. Уваскрасенне Хрыста
Радасць уваскрасення Пана з’яўляецца бляскам любові Айца. Радасць Езуса – гэта надзея на вечнае шчасце, гэта гарачы прамень любові. Вялікдзень прыносіць гэтую радасць. Аднак трэба памятаць, што няма радасці без ахвяры. Менавіта дзеля гэтага Вялікая пятніца папярэднічае Вялікадню. (...) О Божа, (...) дай мне моцную волю, каб магла ісці туды, куды ісці найбольш баюся, і распальваць любоў там, адкуль мяне выганяюць; удзялі мне ласку, каб магла ў цемры ўбачыць знак веры, каб змагла захаваць яго ў самым вялікім адчаі.
ІІ. Унебаўшэсце Хрыста
Езус выбраў нас сабе так, як выбраў калісьці Апосталаў (...). Мы павінны жыць з перакананнем, што належым Яму, і не дазволіць, каб што-небудзь, нават найменшае, аддаліла нас ад гэтай прыналежнасці, ад Яго любові (...). Пасля ўнебаўшэсця Езуса Маці Божая асаблівым чынам апекавалася Апосталамі першага Касцёла. Таксама і сёння Маці Божая атуляе нас сваёю мацярынскаю апекаю.
ІІІ. Спасланне Духа Святога
Першыя хрысціяне паміралі дзеля Езуса, ведзеныя і ўмацаваныя Духам Святым. Іх пазнавалі па тым, што яны любілі адзін аднаго. Свет ніколі не патрабаваў любові так, як у сённяшні час. Таму нам вельмі патрэбная сіла Духа Святога, каб вучыць згодзе, жыццю і любові Езуса ў нашых бліжніх (...). Ён улівае ў нашыя сэрцы любоў, спакой і радасць у такой ступені, у якой мы пазбавіліся іх з-за паблажлівасці да саміх сябе, з-за бяздзейнасці, злосці і амбіцый, у такой ступені, у якой мы прагнем узяць на свае плечы крыж Хрыста (...).
«Прыйдзі, Дух Святы, і аднаві аблічча зямлі», аднаві нашыя сэрцы, нас саміх і ўвесь свет.
IV. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Просім Найсвяцейшую Маці, каб навучыла нас свайму маўчанню, сваёй дабрыні, сваёй пакоры. Тваё маўчанне, Марыя, прамаўляе да мяне, вучыць, як разам з Табою і гэтак, як Ты, я магу захаваць усе справы ў глыбіні сэрца, гэтак, як Ты рабіла, не адказваць, калі мяне абвінавачваюць альбо павучаюць, і заўсёды маліцца ў цішыні сэрца, так, як Ты гэта рабіла... Навучы мяне гэтак, як Ты вучыла Езуса, каб маё сэрца было ціхае і пакорнае і каб славіла нашага Айца. (...) Найсвяцейшая Панна Марыя (...) – наша сіла і наша падтрымка, Яна – прычына нашай радасці, мы імкнемся наследаваць Яе і адорваць радасцю іншых.
V. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
Марыя была выбрана Каралеваю неба і зямлі. (...) Людзі ва ўсім свеце складаюць Марыі, нашай Маці, прыгожыя воты і пакрываюць Яе алтары кветкамі. Мы не маем для Яе матэрыяльных падарункаў, але можам даць Ёй кветкі дабрыні, кветкі ўсмешкі. (...) Укарануем Яе духмянымі кветкамі любові, пяшчоты і пакоры, якія будзем мець адзін да аднаго. Паводле лістоў благаслаўлёнай Маці Тэрэзы.
Паводле часопісу ave-maria.by