Skip to main content

Repeat 50 разоў, або чаму варта маліца на ружанцы

Мы, людзі XXI стагоддзя жывём у часы, калі нам на ўсё вельмі часта не хапае часу. Не хапае часу на адпачынак, не хапае часу для сваіх блізкіх, не хапае часу на абед, на самаразвіццё і на многа чаго іншага. Мы ўвесь час знаходзімся ў руху. І здаецца з аднаго боку, што гэта добра, бо чалавек не звяртае ўвагі на непатрэбныя справы, якія не прыносяць яму карысці. Аднак можа здарыцца і так, што ў нас не будзе часу, каб жыць, жыць па-сапраўднаму.

Можна стаць падобным на робата, які будзе ўсё рабіць па ўжо вызначанай праграме і маршруту кожны дзень. І гэта часта з’яўляецца прычынай таго, што ў нас няма часу нават на найважнейшыя справы.

Адной з такіх найважнейшых спраў нашага хрысціянскага жыцця з’яўляецца малітва. Вельмі часта можна спаткацца з апраўданем з боку многіх хрысціян, якія гавораць, што штодзёнасць не застаўляе магчымасці на малітву, а нават калі яна і ёсць, то абмяжоўваецца да якой небудзь пабожнай формулы, або знаку крыжа на заканчэнне дня. Чаму так адбываецца ў нашым жыцці? Адна з прычан такая, што з самага пачатку штодзёная малітва не ўваходзіць у план нашага жыцця. Бо калі б я сапраўды хацеў бы маліцца кожны дзець прынамсі 10 хвілін, то напэўна знайшоў бы час на малітву.

 У кастрычніку Каталіцкі Касцёл перажывае асаблівы час, якім з’яўляецца супольная малітва на ружанцы. Але гэта не значыць, што трэба маліцца на ружанцы толькі ў гэтым месяцы. Да гэтай малітвы Касцёл заахвочвае сваіх вернікаў увесь час. Аднак вельмі часта можна спаткацца з такой тэорыяй, што ружанец, гэта малітва толькі для старэйшых людзей, якія не маюць што рабіць і таму могуць маліцца на ружанцы дома, альбо прыходзіць на ружанцовае набажэнства ў кастрычніку. Некаторыя кажуць, што гэта нудная малітва і яна толькі непатрэбна забірае ў нас наш каштоўны час. Але такі чалавек напэўна не вельмі часта трымаў у сваіх руках ружанец і яшчэ менш маліўся на ім. Аднойчы я прачытаў гісторыю з жыцця Луі Пастэра, французскага вучонага з XIX стагоддзя, які быў прафесарам універсітэту ў Страсбургу (хто добра ведае хімію і мікрабіялогію, то напэўна павінен ведаць аб навуковым даробку гэтага чалавека). Яго біяграфія ўспамінае адно здарэнне, якое здарылася, калі ён ехаў у цягніку і пачаў маліцца на ружанцы. Разам з ім сядзеў малады чалавек, які ўбачыўшы гэта пачаў смяяцца і гаварыць, што ружанец гэта малітва для цёмных і неадукаваных людзей. Гэты малады чалавек запрапанаваў яму дапамагчы выйсці з “цемры веры”, як ён гэта назваў, і папрасіў які-небудзь кантакт, каб прыслаць для Луі Пастэра антырэлігійныя кнігі і публікацыі. Але вельмі здзівіўся гэты малады чалавек, калі атрымаў візітку з напісам: “Луі Пастэр, прафесар хіміі, Страсбурскі ўніверсітэт”. Пасля гэтага малады чалавек не меў ужо аргументаў. Гэтая гісторыя, нягледзячы на тое, што адбылася ў XIX стагоддзі паказвае, што Ружанец, гэта малітва для кожнага. Для чалавека адукаванага і менш адукаванага, а таксама для старэйшага і малодшага, для жанчыны і мужчыны. Усё залежыць ад таго, ці разумее веруючы чалавек вартасць і сілу гэтай малітвы. Бо гісторыя ўспамінае розныя здарэнні, калі ружанцовая малітва магла ўсё змяніць. Адным з такіх здарэнняў з’яўляецца бітва пад Лепанто ў 1571 г., калі быў пераможаны турэцкі флот, які пагражаў Еўропе. Аднак не многія ведаюць і не многія хочуць гаварыць аб тым, што ў гэты дзень папа Пій V прызываў еўрапейскія народы маліцца на Ружанцы ў гэтай інтэнцыі. А трэба прыгадаць таксама, што турэцкі флот колькасна перавышаў еўрапейскія войскі. Гісторыя ўспамінае таксама здарэнне з 80-х гг. XX стагоддзя, калі на Філіпінах, падчас праўлення дыктатара Маркоса, 2 млн. людзей вышлі на вуліцу сталіцы з ружанцамі і маліліся аб змене ўлады. І ў цудоўны спосаб атрымалі тое, аб чым прасілі. Гэтае здарэнне атрымала назву “Ружанцовая рэвалюцыя”. Ніколі на Ружанцы не будзе маліцца той, хто не разумее сэнсу малітвы і хто абыякава адносіцца да розных сваіх патрэб і патрэб сваіх блізкіх. Бо так па-сапраўднаму, калі б чалавек моцна патрабаваў бы тое, аб чым просіць, то ўзяўшы ў рукі Ружанец рабіў бы repeat (паўтарэнне) гэтай малітвы не адзін раз. Я ніколі не веру таму, хто гаворыць, што не мае аб чым маліцца. Справа ў тым, ці чалавек верыць у моц і сілу гэтай малітвы. І таму, калі маеш розныя патрэбы, калі нечага патрабуеш, або перажываеш можа цяжкія хвіліны ў сваім жыцці, то зарызыкуй узяць у рукі Ружанец і павер, што не страціш свайго часу, але наадварот. Толькі трэба ў гэта моцна верыць, бо repeat 50 разоў (столькі раз паўтараецца ў Ружанцы малітва Вітай Марыя) можа так многа змяніць.

 Кс. Ян Раманоўскі

Рэдагавана: 08 Снежня 2015