Дарагі Айцец!
Штодня перада мною паўстаюць праблемы, якія часта застаюцца нявырашанымі, часта па прычыне ляноты – мне не хочацца пра іх думаць – перш за ўсё аднак таму, што я не магу сам знайсці іх вырашэнне. Самы ж вялікі клопат для мяне – гэта малітва, размова з нашым любімым Богам.
Напэўна, не хопіць толькі паступаць згодна з наказамі і пажаданнямі, карацей кажучы, з Божымі наказамі. Для іншых, для мяне і ўвогуле для жыцця, малітва з'яўляецца неабходнай часткай жыцця. Але часцей за ўсё ў мяне не атрымоўваецца адарвацца ад штодзённасці, ад вялікіх і малых клопатаў, каб паразмаўляць з Богам. Жахліва тое, што падчас вячэрняй малітвы ў мяне ўзнікаюць самыя розныя іншыя думкі, такім чынам, малітва часта расцягваецца дзесьці на паўгадзіны. З гэтага можа каля дзесяці хвілін я на самай справе ўдзяляю Богу. Я расчараваны гэтым, што паспрабаваў ужо шмат розных варыянтаў – я адмаўляў, напрыклад, карацейшыя малітвы. Але вельмі хутка мой ідэалізм зноў быў пераможаны нядбайнасцю, і зараз так, як было і раней.
Канешне, я ўдзячны Богу за шмат рэчаў, якія Ён ахвяраваў мне і іншым, і якія і зараз ахвяруе. Штодня я думаю аб Ім з удзячнасцю, як толькі знаходжу час, каб памаліцца, або калі сяджу ў касцёле, мяне перапаўняе вялікая ўдзячнасць Богу, але як толькі я хачу памаліцца, я губляюся ў словах без сэнсу. Напрыклад, я вельмі часта, несвядома, кажу: “Божа, дапамажы мне”, хаця нічога дрэннага не здарылася. Не ведаю, ці Бог задаволены такой маёй малітвай. Я ўпэўнены, што можна было б гэта рабіць лепей – але як? Як перамагчы нядбайнасць, ляноту, непаслядоўнасць? Як навучыцца “маліцца”?
Я ўяўляю, што для Бога малітва вельмі важная. У кожным сяброўстве найбольш улічваецца асабістая размова. Менавіта таму, мяне так прыгнятае тое, што я не магу маліцца належным чынам. Але глыбока ў душы я веру і давяраю Богу, што калісьці і я буду “асвячаны”.
Ад шчырага сэрца дзякую,
Гюнтэр
Дарагі Гюнтэр!
Увогуле тое, што ты пішаш пра сябе і пра сваё малітоўнае жыццё, з'яўляецца цудоўным і не заслугоўвае такога крытычнага асуджэння. Ты ж аднак молішся. Гэта не так важна, якой велічыні малітва. Нават калі проста гаворыцца: “Божа, дапамажы мне”, гэта ўжо цудоўна. Ты нават не павінен гаварыць, у чым менавіта Бог павінен табе дапамагчы, калі ў цябе ўсё добра. І калі самой малітве папярэднічае доўгі роздум, калі ты займаешся самім сабой, адбываецца тое, што людзі, якія вядуць духоўнае жыццё, адносяць да кантэпляцыі. Спачатку ідуць разважанні пра Бога, пра ўласныя абавязкі і заданні, пра турботы і клопаты, і дадзенае разважанне паступова пераходзіць у малітву. Гаворачы гэта, я не сцвярджаю, што ты не можаш навучыцца лепей маліцца. Ты можаш і павінен гэта рабіць. Ніхто, пакуль ён жыве, а яго жыццё не ператварылася яшчэ ў вечнае пакланенне Богу тварам да твару, не дасягнуў самага дасканалага і найлепшага спосабу малітвы. У дадзенай галіне мы заўсёды будзем вучнямі.
Існуе вялікая колькасць методык, згодна з якімі чалавек можа навучыцца лепей маліцца, таму што малітва – нягледзячы на тое, што яна з'яўляецца Божым дарам – мае таксама пэўную псіхалагічную абумоўленасць, якую неабходна браць пад увагу, калі мы хочам навучыцца маліцца. Так як і ў іншых духоўных практыках неабходна спачатку вучыцца канцэнтрацыі, большай схільнасці да такой рэчаіснасці, таксама трэба вучыцца засяроджанасці падчас малітвы. Пры гэтым неабходна, з аднаго боку, трымацца на пэўнай адлегласці ад павярхоўнай разнастайнасці жыцця, з іншага боку, навучыцца менавіта гэтую разнастайнасць думак, заданняў, турботаў, расчараванняў, радасці і іншае прадставіць перад Богам і там іх у пэўным сэнсе “сабраць”.
Акрамя таго, існуюць нават “прыёмы” – у добрым значэнні дадзенага слова - якія служаць таму, каб было лепей і лягчэй маліцца. Св. Ігнацій у сваіх “Духоўных практыкаваннях” пералічае некаторыя з іх. Прачытай сам! Паспрабуй калі-небудзь паразважаць над словамі якой-небудзь вядомай табе малітвы, разгарнуць яе і патлумачыць. Такая методыка павінна, канешне, перарасці ў правільную малітву да Бога. Хоць сёння гэта можа гучаць дзіўна, але я раю табе калі-небудзь паспрабаваць самастойна памаліцца на ружанцы. Спакойна, без напружання прагавораныя тыя самыя словы і выкліканы імі погляд на жыццё Езуса – калі мы не будзем нецярплівымі і паволі паспрабуем прывыкнуць – могуць прывесці да чалавека тую цішыню, у якой ён знаходзіцца падчас размовы з Богам.
Настаўнікі духоўнага жыцця дасканала ведаюць, што ў сапраўднай малітве галоўнае значэнне мае не паўната думак, якія мы пераказваем Богу, а таксама не разнастайнасць просьбаў і пажаданняў, якімі мы спрабуем заняць у пэўнай ступені Бога (нягледзячы на тое, што менавіта для нас, а не для Бога малітва “з'яўляецца вельмі важнай”), але ў пабудаванай цішыні (ці магчыма, лепей было б назваць гэта пустэчай?), у якой чалавек з даверам і любоўю даверыцца таямніцы Бога. Гэта пэўным чынам падобна да катання на лыжах, якому немагчыма навучыцца толькі дзякуючы тэарэтычным заняткам, трэба проста катацца. Так неабходна ўсё пачынаць спачатку, нават калі ты спачатку падаеш і трэба зноў уставаць, так і з малітвай. Навучыцца маліцца можна толькі тады, калі ты молішся.
З Твайго ліста бачна, што Ты молішся. Не трэба адмаўляцца ад гэтага. Увесь час пачынай спачатку! Калі Ты ўжо распачаў, то напэўна цярплівасць дапаможа Табе атрымоўваць штораз лепшы вынік. Калі кожны новы жыццёвы вопыт правільна інтэрпрэтаваць, то адразу гэты новы вопыт дае магчымасць звярнуцца да Бога па-новаму, невядомым да гэтага чынам. Яго (вопыт) неабходна заносіць да Бога, нягледзячы на тое, ці гэты вопыт радасны ці страшны, ці гэта адчутае бласлаўленне, ці горкае расчараванне ў самым сабе. Такім чынам усё ў жыцці можа стаць малітвай, а молячыся, мы будзем вучыцца маліцца.
Ты рэгулярна прысылаеш мне ваш маладзёжны часопіс. Гэта вельмі добра, што так бескарысна і з радасцю служыш сваёй супольнасці. Скіроўвай да Бога ў малітве таксама справы і патрэбы, пра якія вы пішаце на старонках вашага часопіса; магчыма, калі-небудзь нават Ты падумаеш пра таго, хто напісаў дадзены ліст.
З пажаданнем усяго найлепшага,
Карл Ранер