У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень настаўніка. З гэтай нагоды біскуп Юзаф Станеўскі прысвячае свой допіс прадстаўнікам гэтай незаменнай і высакароднай прафесіі.
Мае дарагія сябры, вітаю вас. Асаблівыя словы прывітання я скіроўваю да ўсіх, хто сёння дзякуе Богу за дар паклікання да вельмі адказнай прафесіі, місіяй якой з’яўляецца навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі: настаўнікаў, катэхэтаў, трэнераў і выхаваўцаў.
Са святам вас! Мы памятаем і молімся за вас і разам з вамі перажываем гэтыя нялёгкія восеньскія дні. Трымайцеся!
З нагоды настаўніцкага свята дазвольце падзяліцца асабістым успамінам. Магчыма, ён заахвоціць і іншых былых вучняў добрым словам узгадаць сваіх настаўнікаў, патэлефанаваць ім і яшчэ раз падзякаваць за дадзеную ў жыццё «пуцёўку» веры, культуры і ведаў.
Гэта адбылося падчас маёй вучобы ў семінарыі. Набажэнствы і малітвы для семінарыстаў у капліцы былі абавязковымі: гэта — і патрэба сэрца будучага святара, і прыдатная глеба для сяўбы Божага слова. У семінарыі з малітвы дзень распачынаецца раніцай, а таксама завяршаецца малітвай увечары, калі ўжо сцямнела і трэба ўключаць электрычнае святло.
Аднойчы ўвечары ў чацвер — дзень, калі малітвы ў семінарыі праводзіліся на «мове Касцёла», на лаціне, у капліцы раптам знікла светло. Тады мы акурат маліліся аб святарскіх пакліканнях, і малітву праводзіў ксёндз прафесар Тадэвуш Вышынскі, выкладчык дагматычнай тэалогіі і касцёльнага спеву.
Калі святло згасла, усе разгубіліся: як далей у цемры чытаць тэкст малітвы?
І раптам у змроку засвяціўся праменьчык.
Гэта быў не цуд: проста ксёндз Тадэвуш запаліў ліхтарык, які дастаў з кішэні сутаны, і працягнуў малітву. Нам, семінарыстам, было цікава, ці выпадкова святар меў пры сабе ліхтарых, і аказалася, што з гэтым звязана цэлая гісторыя, якую ён нам пазней распавёў.
Калі Тадэвуш Вышынскі быў яшчэ падлеткам, яго сям’ю саветы вывезлі ў Казахстан. Было вельмі цяжка прызвычаіцца да нялюдскіх умоў і суровага клімату. Хоць з часам снежныя дарогі сталі знаёмымі, але ў завею і ў цемры было лёгка збіцца са шляху і згубіцца ў бязмежным стэпе. Таму мама заўсёды казала Тадэвушу браць з сабою ліхтарык, каб у выпадку неабходнасці асвятляць сабе дарогу.
Аднак многія маладыя людзі не спяшаюцца прыслухоўвацца да парадаў бацькоў і старэйшых, і Тадэвуш не быў выключэннем. Ён не звяртаў асаблівай увагі на словы мамы, пакуль аднойчы ў дарозе яго не заспела ноч, а да таго ж пайшоў снег з мяцеліцай. На шчасце, матуля выйшла насустрач, і юнак паспяхова вярнуўся дадому.
«З таго часу я заўсёды нашу з сабой ліхтарык, — прызнаўся нам ужо немалады ксёндз прафесар. — І за гэтыя дзесяцігоддзі „бессэнсоўнага“, як часам здавалася, нашэння сёння ён мне акурат спатрэбіўся».
Мае дарагія сябры, ксёндз Тадэвуш Вышынскі вучыў нас, як не заблукаць і не згубіцца ў цемры бязвер’я, а калі спатрэбілася, менавіта ў яго ў кішэні знайшоўся ліхтарык.
Як жа важна вучыць і жыць у суладдзі з самім сабою: «чаму вучу — тым жыву».
Пра гэта ў свой час казаў святы Ян Павел II: «Малады чалавек адчувальны да праўды, справядлівасці, прыгажосці і іншых духоўных каштоўнасцяў. Малады чалавек хоча знайсці сябе, таму ён шукае, часам актыўна шукае, сапраўдныя каштоўнасці і цэніць тых людзей, якія ім вучаць і жывуць імі». (Улацлавак, 6 чэрвеня 1991 г.).
Дарагія настаўнікі, паслухайце, што яшчэ святы Ян Павел II раіў як вопытны выкладчык і выхаваўца:
«Я таксама звяртаюся да вас, паважаныя настаўнікі і выхаваўцы. Вы ўзялі на сябе вялікую задачу: перадаваць веды і адукацыю давераным вам дзецям і моладзі. Перад вамі — складанае і сур’ёзнае заданне.
Вы патрэбныя моладзі. Яны шукаюць прыкладаў, якія былі б для іх арыенцірам. Яны таксама чакаюць адказаў на многія фундаментальныя пытанні, якія непакояць іх розумы і сэрцы, і перш за ўсё яны патрабуюць ад вас прыкладу жыцця. Вы павінны быць для іх сябрамі, вернымі спадарожнікамі і саюзнікамі. Дапамажыце ім пабудаваць асновы для іх будучага жыцця» (Ловіч 14 чэрвеня 1999 г.).
Можа, хтосьці на гэта скажа: «Усе толькі павучаюць». Але багаты педагагічны вопыт Каталіцкага Касцёла, заснаванага самым вялікім Настаўнікам усіх часоў, пацвярджае, што гарманічнае выхаванне немагчымае без узаемадзеяння сям’і, Касцёла і навучальных устаноў.
Толькі разам можна выхаваць сапраўды сталую і адказную асобу, якая будзе адначасова добрым чалавекам, добрым хрысціянінам, добрым сем’янінам і добрым грамадзянінам.
Усіх вас, сённяшнія вучні, навучэнцы і студэнты, я разам са святым апосталаў Паўлам заахвочваю: Няхай трывае братняя любоў. Памятайце пра вашых настаўнікаў, якія абвяшчалі вам Божае слова. Не паддавайцеся розным чужым вучэнням. Не забывайце пра дабрачыннасць і еднасць. Слухайце вашых настаўнікаў. І хатняе заданне: маліцеся за нас (пар. Гбр 13, 1–18).
Ласка з усімі вамі!
Паводле catholic.by