Ірына Жарнасек, галоўны рэдактар часопіса "Маленькі рыцар Беззаганнай"
У чым яна, мая крыніца натхнення? Найперш, у Божым слове. Адно што, дзеля таго, каб мець з яго натхненне для творчай працы, для таго, каб асэнсоўваць яго, бачыць, як яно можа дзейнічаць у жыцці сучаснага чалавека, трэба найперш яго чытаць, насычацца ім, разважаць над ім. Стараюся гэта рабіць. Імкнуся шукаць у ім адказы на тыя пытанні, якія ўзнікаюць і ў маім асабістым жыцці, і ў жыцці тых, з кім сустракаюся. І ўсё больш і больш разумею, як гэта важна – навучыцца глядзець на свет праз прызму Святога Пісання. Наколькі важна самой жыць Евангеллем.
Ёсць шмат каментарыяў да Святога Пісання. Але і ў іх можна часам загубіцца. Таму я вельмі палюбіла біблійны курс “Эмаўс”, які час ад часу збірае нас, закаханых у Божае слова, на сустрэчы. Яны адбываюцца ў рэкалекцыйным доме ў Оршы. На гэтых занятках можна занурыцца на глыбіню Божага слова і з дапамогаю багаслова знайсці шмат нечаканых адказаў на многія пытанні сучаснага жыцця, якія хвалююць не толькі мяне асабіста, але і тых, хто становіцца героем маіх тэкстаў для каталіцкіх выданняў.
Мінулым летам выйшла ў свет мая кніга хрысціянскіх апавяданняў для дзяцей “Незабудкі”. Здавалася б, дзеці яшчэ не ўмеюць глядзець на свет праз прызму Божага слова, але мы, дарослыя, мусім дапамагчы ім у гэтым. І таму я да кожнага апавядання падабрала кароценькі фрагмент з Бібліі. Нам трэба вучыцца бачыць ва ўсім, што з намі адбываецца, руку нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Ну то і навучымся ж разам!
Крыстына Лялько, галоўны рэдактар часопіса "Наша вера", рэдактар часопіса "Ave Maria"
"Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню” (Мк 16, 15). Думаю, што гэты наказ, які даў уваскрослы Збаўца сваім вучням, застаецца ўвесь час актуальны для кожнага хрысціяніна, а тым больш для хрысціянскай журналістыкі, у тым ліку і сённяшняй, бо “гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля” (1 Кар 9, 16).
Сёння няма патрэбы “выходзіць на дахі дамоў” для абвяшчэння Добрай Навіны, бо тэхналогіі дазваляюць рабіць гэта не пераступаючы парога ўласнага пакоя. Але, як вядома, тэхнічны прагрэс спарадзіў і цэлы шэраг адмоўных з’яў, такіх, напрыклад, як фальшывыя, фэйкавыя навіны. Таму адна з найважнейшых функцый хрысціянскай журналістыкі – несці людзям Божую праўду: “Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас” (Ян 8, 32). Сёння вельмі актуальна дапамагаць людзям “адсейваць” зерне праўды ад мякіны маны, бо “нават нязначнае скажэнне праўды можа мець небяспечныя вынікі”, – слушна папярэджвае папа Францішак.
Асабіста мне вельмі імпануе думка Бенедыкта XVI пра тое, што, каб навучыцца камунікацыі, трэба навучыцца слухаць і сузіраць, а не толькі прамаўляць: “Гэта асабліва важна для тых, хто працуе ў сферы евангелізацыі, – кажа Папа, – бо гэтаксама маўчанне, як і слова, з’яўляецца істотным і абавязковым элементам дзейнасці Касцёла ў галіне СМІ, каб па-новаму абвяшчаць Хрыста ў сучасным свеце”.
Такім чынам, функцыя засяроджанасці, уважлівасці, немітуслівасці сёння, у гэтым сучасным жыццёвым галопе, у гэтай непамернай пагоні за сенсацыямі (на жаль, часам і ў хрысціянскіх СМІ таксама), вельмі важная і неабходная.
Не адкрыю нічога новага, калі скажу, што супрацоўнік хрысціянскіх СМІ павінен кіравацца найперш прынцыпамі сумленнасці і праўдзівасці, пра якую я ўжо казала. А яшчэ павінен быць сведкам Хрыста, бо нішто так не прамаўляе да сённяшніх людзей, як уласнае сведчанне, тое “лагоднае святло веры”, пра якое казаў калісьці кардынал Джон Генры Ньюмэн і якое мы павінны несці ў сваіх сэрцах і сваім словам.
Калі казаць пра крыніцы натхнення, то часам знаходжу іх у садзе на родным хутары пад Лідаю, часам – слухаючы старажытны арган у сваім парафіяльным белагрудскім касцёле, а часам – чытаючы псалмы ў Брэвіярыі, калі малюся Ютрань, або гартаючы паэтычную “Літургію гадзін” Томаса Мэртана, а іншы раз, зусім нечакана – у скупым сонечным промні на заснежанай лапцы яліны, калі яна заіскрыцца, заззяе ўсімі магчымымі дыяментамі, акурат як у маленстве, і ты раптам усвядоміш сабе, што крыніцаю ўсяе гэтай прыгажосці і твайго натхнення ў тым ліку з’яўляецца Адзіны і Найвялікшы Творца… Хвала Яму за ўсё!
Кс. Юрый Жэгарын, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла з Навагрудку і галоўны рэдактар парафіяльнай газеты "Каталіцкі Навагрудак"
У маі 2018 года выйшаў першы нумар нашай парафіяльнай газеты. Стараемся асвячаць духоўнае і культурнае жыццё супольнасці вернікаў у Навагрудку і дапамагаць ёй прымаць у ім актыўны ўдзел. Аднак найважнейшай мэтай з’яўляецца Евангелізацыя, інтэграцыя і духоўная фармацыя праз асвячэнне каталіцкага веравучэння.
Мы прытрымліваемся думкі, што хрысціянская журналістыка павінна спрыяць яднанню людзей на аснове евангельскай весткі. Калі вернікі больш пазнаюць адзін аднаго, становяцца бліжэйшымі, усталёўваецца дыялог і разуменне, паўстае сям’я дзяцей Божых – Касцёл. Нездарама ў дакументах Каталіцкага Касцёла падкрэсліваецца, што слова “communio”, ад якога паходзіць слова “камунікацыя”, азначае паяднанне.
Асноўным, універсальным прынцыпам, якім у першую чаргу кіруемся ў сваёй працы, з’яўляецца любоў да Бога і да бліжняга, як да самога сябе. На гэтай падставе іншыя прынцыпы фарміруюцца самі ў працэсе працы і дыялогу. Зыходзячы з пазіцыі любові, перад хрысціянскім журналістам адкрываюцца новыя і вельмі шырокія далягляды.
Вельмі цешыць, што вернікі, сувязь з парафіяй якіх дастаткова слабая, калі даведваюцца больш аб жыцці супольнасці, стараюцца быць актыўнейшымі, ахвотней уключаюцца ў парафіяльнае жыццё, бліжэй знаёмяцца паміж сабой, пачынаюць сябраваць і перастаюць насцярожана адносіцца адзін да аднаго. Так сувязь паміж людзьмі паглыбляецца і супольнасць вернікаў набліжаецца да ідэалу і мэты кожнай парафіі – адысці ад ананімнасці і станаць сям’ёй Божых дзяцей.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"