Урачыстасць Уваскрасення Пана адзначаецца ў свеце па-рознаму. Некаторыя звычаі могуць нам падацца нават дзіўнымі, аднак кожны з іх здаўна ўкаранёны ў традыцыі асобнай краіны.
Адным з самых цікавых велікодных звычаяў у Еўропе можа ганарыцца Ірландыя. У Вялікую суботу ў гарадах гэтай краіны адбываецца марш, падчас якога людзі дэманструюць стомленасць з-за доўгага посту і жаданне хутчэй распачаць святкаванне. Марш узначальвае мясцовы мяснік. Ён нясе селядзец, падвешаны на кіі, які жыхары збіваюць дубінкамі або любымі іншымі прадметамі, што трапляюць ім у рукі. Збіты селядзец, які сімвалізуе пост, выкідваецца ў раку. Пасля чаго на той жа кій мяснік чапляе аздоблены кветкамі барановы кумпяк, што мае звеставаць час святкавання.
У ЗША існуе цікавы звычай насіць вялізныя святочна аздобленыя капелюшы. На іх могуць красавацца яйкі, зайчыкі, кураняты, курачкі і мноства іншых упрыгожанняў. Кожны год жанчыны і дзеці ўдзельнічаюць у конкурсах, падчас якіх выбіраюцца найпрыгажэй аздобленыя галаўныя ўборы.
У Велікодны панядзелак прэзідэнт Злучаных Штатаў штогод арганізуе катанне яек. Традыцыя сягае 1878 года, калі на газоне перад Белым домам упершыню адбыліся гэтыя спаборніцтвы па перакочванні пісанак.
У Афрыцы з нагоды Вялікадня касцёлы і дамы малітвы аздабляюць так званымі “вітэнгэ” і “канга”. Яны маюць форму матылькоў, а ствараюцца з кветак і лістоў бананавага дрэва. Жыхары Афрыкі спяваюць міжнародныя хрысціянскія гімны, дадаючы да іх элементы ўласнай культуры. Таму спевам і малітвам часта спадарожнічае біццё ў бубны, а жанчыны гучна крычаць, выдаючы гукі ў высокім рэгістры.
У Аўстраліі на велікодныя звычаі цікавым чынам паўплывала “кампанія супраць трусоў”, якія наносяць вялікую шкоду мясцовым палям. Папулярны, між іншым у Францыі, звычай хаваць ад дзяцей у садзе шакаладныя яйкі прыйшоў у краіну з пэўнымі зменамі: яйкі, што некалі “падкідваў” велікодны трус, пасля ўступлення ў сілу ўзгаданай кампаніі стаў “хаваць” трусіны бандыкут (звярок з сямейства сумчатых, які прыгадвае зайца сваімі непрапарцыянальна доўгімі вушамі).
У Арменіі да святочных звычаяў належыць выпяканне хлеба, які называецца “хэорэк”, бо жыхары краіны вераць, што Божая Маці, стоячы пад Хрыстовым крыжом, мела пры сабе хлеб, які стаў чырвоным з-за крыві Збаўцы.
У Грэцыі, Швецыі і Балгарыі яйкі фарбуюць у чырвоны колер, што з’яўляецца сімвалам новага жыцця і дабрабыту.
У Германіі і Аўстрыі распаўсюджана традыцыя “Ostereiertitschen” (біткі). Яна заключаецца ў біцці зваранымі ўкрутую яйкамі, пакуль адно з іх не трэсне.
У Фінляндыі Вялікдзень – свята свечак. У гэты дзень гарады асвячаюцца ззянем тысяч светачаў.
У Ліване вялікае значэнне надаецца касцёльным абрадам. Згодна з традыцыяй, кожны ліванец, каб належным чынам падрыхтавацца да Велікодных свят, павінен атрымаць бласлаўленне ў некалькіх касцёлах. Павінен таксама апрануцца на св. Імшу ў новую вопратку і абутак, што з’яўляецца своеасаблівым бачным сімвалам абнаўлення.
У Вялікабрытаніі нетыповы для нас звычай мае месца ў Велікодны панядзелак, калі хлопцы наведваюць дзяўчат, прыносячы з сабой прыгожа зроблены стул. Дзяўчаты сядаюць на яго, а маладзёны тройчы падымаюць іх у паветра. Узамен хлопцы атрымліваюць пацалунак ці грошы.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"