Абраз Уладзімірскай Маці Божай (першы злева) на паштовым блоку "Іканапіс Беларусі ХХІ стагоддзя"
Спрадвеку на нашай зямлі і сярод праваслаўных, і сярод католікаў асабліва ўшаноўваецца культ Багародзіцы. Маці Божая – Заступніца, Апякунка, Збавіцельніца, Міласэрная... Народ прыдумаў Ёй шмат тытулаў. У іх утоена непазбыўная надзея і самая шчырая вера. Можа, таму менавіта на Беларусі столькі прыгожых легенд аб Яе дзівосным з’яўленні, столькі цудатворных ікон?
Сусветная іканаграфія налічвае каля 700 назваў абразоў Багародзіцы. Я вырашыў расказаць аб найбольш шануемых іконах Маці Божай на беларускай зямлі, якія адлюстраваны на паштовых марках.
Самая вядомая выява Маці Божай у Беларусі, і ў прыватнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, – астрабрамская, якая ў цудадзейным абразе з’яўляецца асаблівай Заступніцай літоўскіх, беларускіх і польскіх зямель ужо больш за 300 гадоў. Прыгожае адлюстраванне Найсвяцейшай Марыі Панны са злёгку схіленай галавой у арэоле з 12-ці зорак і шматлікіх прамянёў запрашае да роздуму і малітвы. Далікатная стройная постаць Багародзіцы з прыадкрытымі вачыма і скрыжаванымі на грудзях далонямі абуджае ў чалавеку любоў і давер. Незвычайная лагоднасць, задуменнасць, асалода і адначасова глыбокая павага выпраменьваюцца з гэтай выявы. Пошта Літвы адлюстравала такі цудадзейны абраз на сваёй марцы ў 1990 годзе.
Славуты сваімі ласкамі абраз Маці Божай Чанстахоўскай ведаюць і шануюць не толькі ў Польшчы. Такія выявы Багародзіцы ёсць таксама ў святынях Беларусі і Літвы. Паводле падання, абраз быў напісаны яшчэ пры жыцці Найсвяцейшай Панны евангелістам Лукой на дошцы таго стала, за якім трапезнічалі Езус Хрыстус, Марыя і Юзаф. Калі Апостал прынёс малюнак да Багародзіцы, яна сказала: “Міласць Народжанага ад Мяне і Мая няхай будзе з абразом гэтым!”. Першай выяву Маці Божай Чанстахоўскай на сваёй марцы ў 1966 годзе змясціла пошта Ватыкана, у 1992 годзе марачны блок надрукавалі ў Польшчы. А ў 2000 годзе адбылося сумеснае выданне маркі з выявай Маці Божай Чанстахоўскай поштамі Ватыкана і Польшчы.
Адна з першых выяў Нябеснай Валадаркі – старажытная ікона Багародзіцы “Непарушная сцяна”. Яе арыгінал знаходзіцца ў алтары кіеўскага Сафійскага сабора. На працягу 9-ці стагоддзяў ікона заставалася непашкоджанай, таму атрымала такую назву. У самыя цяжкія часы Маці Божая ў цудадзейным абразе дапамагала беларускаму і ўкраінскаму народам. На вялікім паўкружжы вакол іконы знаходзіцца грэчаскі надпіс чорнай мазаікай: “Бог пасярод Яе і нішто не пераменіцца: дапаможа Ёй Бог раніцай і пасля таго”. У 2000 годзе рэпрадукцыя гэтай іконы была змешчана на адной з 3-ох марак блока да 2000-годдзя хрысціянства, які пошта Беларусі выпусціла сумесна з поштамі Украіны і Расіі.
Ікона Багародзіцы "Непарушная сцяна" (першая злева) на паштовым блоку "2000-годдзе хрысціянства"
У Беларусі таксама ўведзены ў паштовы зварот блок з 3-ох марак “Іканапіс Беларусі XXI стагоддзя”. Адна з марак – абраз Маці Божай Уладзімірскай. Належыць да іканаграфічнага тыпу Еляуса – Замілаванне. Іконы такога тыпу перадаюць любоў, якая яднае Маці з Сынам. У іх падкрэсліваецца чалавечая натура Хрыста. Марыя, прадстаўленая да паловы постаці, трымае на правай руцэ Дзіцятка, якое ласкава туліцца да Яе: шчакою да шчакі, абдымаючы Маці за шыю левай рукой, а правай дакранаючыся да Яе ключыцы. Марыя схіляе сваю галаву да Сына, паказваючы левай рукой на Езуса, як на прадказанага Збаўцу свету – адзіную Дарогу, Праўду і Жыццё. Твар Багародзіцы засяроджаны, сумны, з вялікімі аліўкавымі вачыма, якія глядзяць на поўны задумення тварык Езуса. На залаціста-вохрысты з белай аблямоўкай акруглы німб Маці Божай заходзіць меншы, крыжовы німб Дзіцятка, таксама залаціста-вохрыстага колеру з 2-ма грэчаскімі літарамі “I” (“ёта”, што азначае імя Езус) і “Н” (“эта”, можа азначаць слова “hegemon” – “правадыр”, “кароль”). Верагодна, гэтыя літары з’яўляюцца скарачэннем ІХЕН ад “Iesus Chrystos eleison hymas” (“Езус Хрыстус, змілуйся над намі”). Цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай на паштовым блоку, выдадзеным поштай Рэспублікі Беларусь Цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай на паштовым блоку, выдадзеным поштай Рэспублікі Беларусь
У 2013 годзе Белпошта выпусціла паштовы блок да 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай ў Будслаў. Абраз іканаграфічна належыць да заходне-еўрапейскага тыпу Адыгітрыі. Маці Божая намалявана да пояса, у чырвонай вопратцы, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавай аблямоўкай. Дзіцятка знаходзіцца на Яе левай руцэ ў вольнай паставе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Пухлыя ручкі працягнуты да Маці: правая бласлаўляе, а левай Езус нібы дае Марыі гранат – шматзначны сімвал вечнага жыцця, а таксама хрысціянства, шматлікіх вернікаў якога адлюстроўваюць зярняты садавіны.
Па словах хрысціянскага тэолага Грыгорыя Паламы, Божая Маці з’яўляецца акном, якое звязвае сусвет: “Яна – слава зямных, весялосць нябесных, упрыгожанне ўсяго створанага.
Яна – пачатак, крыніца, корань нашага спадзявання на Нябёсах, якое і дасягнём толькі Яе малітвамі за нас…”. Маці Божая, маліся за нас грэшных. Цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амэн.
Лявон Карповіч