У Пальмовую нядзелю вернікі збіраюцца на ўспамін уваходу Хрыста ў Іерусалім і, згодна з традыцыяй, ідуць вулічнай працэсіяй. Вербніца для католікаў – адна з найважнейшых і найбольш любімых урачыстасцей, якая не толькі адкрывае выключны час Вялікага тыдня, але таксама атаясамліваецца з духоўным адраджэннем і, перш за ўсё, з пальмамі – сімвалам ўваскрасення і неўміручасці чалавечай душы.
Майстрыхі Дамінікаўны
Менавіта так па-сяброўску клічуць 4-ох сясцёр – Дамініку, Ванду, Дануту і Чаславу (у дзявоцтве Сарасек), якія з’яўляюцца носьбітамі рамяства стварэння велікодных вербаў. Сёння без іх пальм – сапраўднага твора мастацтва – не абыходзіцца ніводная Вербная нядзеля ў Гродне.
“Творчы фундамент у нас, напэўна, заклалі бацькі, якія былі добрымі рамеснікамі, – гаворыць Дамініка Дамінікаўна. – Тата мог пашыць абутак, скаваць нешта з жалеза, а мама вельмі добра шыла і ткала дываны. Бацькам даводзілася цяжка працаваць, бо мелі вялікую гаспадарку. Ды і нас, дзяцей, трэба было выхоўваць. Але, нягледзячы на гэта, мама знаходзіла час, каб пасадзіць каля дома кветкі. Мы разам за імі даглядалі. Адсюль, хіба, і пачалося наша захапленне фларыстыкай”.
Дамініка Дамінікаўна ўзгадвае, што раней галінкі вярбы проста перавязвалі ніткамі. Пазней пачалі ўпрыгожваць барвінкам, аспарагусам, ядлоўцам. Затым у якасці дэкора сталі выкарыстоўваць папяровыя кветкі. “Яшчэ ў савецкія часы я пачала ствараць самыя разнастайныя варыянты ўпрыгожання вярбовых галінак. Але гэта быў перыяд атэізму, калі пераследавалі за веру. Таму нельга было выйсці на вуліцу і паказаць шырокаму колу людзей велікодныя пальмы, аздобленыя каляровымі засушанымі кветкамі і травамі, – дзеліцца ўспамінамі жанчына. – Калі пачалася «адліга», прыгожыя вербы паступова здабылі папулярнасць. Да цікавай справы далучыліся мае сёстры. Кожная стала прапаноўваць свае варыянты ўпрыгожання, прыдумляць цікавыя элементы. Дзякуючы фантазіі і творчаму падыходу велікодныя пальмы зрабіліся нашай візітоўкай. З тых часоў мы не страцілі энтузіязму, з якім узяліся некалі за справу. Наадварот, з гадамі захапіліся яшчэ больш”.
Каб аздобіць вярбу, трэба працаваць увесь год
Створаныя велікодныя вербы па сваёй форме нагадваюць лісце паўднёвай пальмы, якім высцілалі шлях Хрыста падчас Яго ўваходу ў Іерусалім. Прамы ствол з пышнай верхавінай з’яўляецца сімвалам ўзыходжання і адраджэння, а праз рознакаляровасць перадаецца сутнасць райскіх вобразаў.
“Нашы вербы часта параўноўваюць з «віленскімі», якія папулярны ў Літве і Польшчы, – адзначае Дамініка Дамінікаўна. – Але ў іх ёсць прынцыповае адрозненне: «віленскія» нагадваюць сапраўдныя букеты, «гродзенскія» – не аб’ёмныя. Маюць плоскую форму, якая прадыктавана традыцыяй захоўваць вербы за абразамі”.
Майстрыха падкрэслівае, што неад’емны элемент «гродзенскай» пальмы – гэта 3 галінкі вярбы вышынёй каля 50-ці см, якія сімвалізуюць Святую Тройцу. Менавіта яны з’яўляюцца асновай, якая пазней упрыгожваецца. “Кампазіцыі могуць быць самымі рознымі, усё залежыць ад фантазіі і настрою, – гаворыць Дамініка Дамінікаўна. – Я ўпрыгожваю вярбу сухавейкамі, жытнімі і аўсянымі каласкамі, барвінкам, ядлоўцам, галінкамі самшыту, цімафееўкай, мятлікам, рознымі зёлкамі і травамі, якія збіраю на лугах, палях, у лесе. Таксама выкарыстоўваю кукурузнае лісце, з якога раблю рознакаляровыя кветкі”.
Жанчына распавядае, што каб упрыгожыць вярбу, трэба быць не толькі добрым фларыстам, але батанікам і нават хімікам: “На сваім лецішчы я адмыслова вырошчваю сухавейкі. Пасля з дапамогай анілінавых фарбавальнікаў надаю ім розныя колеры: чырвоны, жоўты, аранжавы, фіялетавы, зялёны. Ды і з тымі раслінамі, каторыя збіраю ў дзікай прыродзе, не ўсё проста. Трэба ведаць, калі найлепш іх збіраць, як сушыць, у якіх умовах захоўваць. Нарыхтоўка матэрыялу забірае шмат часу. Вось і атрымліваецца, што ўпрыгожыць вярбовыя галінкі можна за гадзіну, а рыхтаваць для гэтага матэрыялы трэба ледзь не цэлы год”.
Рамяство не для бізнесу, а для душы
Дамініка Дамінікаўна зазначае, што яе сэрца перапаўняе радасць ад таго, што людзі захапляюцца вырабамі. “Кожная мая праца – гэта не толькі прыгожая кампазіцыя. У яе закладаю глыбокі сэнс і ўсю сваю душу, – прызнаецца Дамініка Дамінікаўна. – Некалькі гадоў таму ў мяне атрымалася вельмі незвычайная вярба – філасофская. Тры яе галінкі – гэта дарога, па якой мы ідзём да Бога. Сэрца са скручанага каласка сімвалізуе любоў да Госпада, да людзей і да сябе. Круглыя кветачкі, размешчаныя ў выглядзе светлафора, азначаюць прыпынкі на нашым жыццёвым шляху. А на самым версе вярбы – вясёлка з каласоў: мы ідзём у яе бок, шукаючы 8-мы колер – сэнс жыцця”.
Жанчына падкрэслівае, што «гродзенскія» вербы цешацца папулярнасцю не толькі ў нашым рэгіёне, але таксама ў розных кутках Беларусі і за яе межамі. На працягу 7-мі гадоў Дамініка Дамінікаўна прымала ўдзел у Фестывалі крэсовай культуры ў Мрангове (Польшча). Госці мерапрыемства вельмі ахвотна набывалі велікодныя вербы, хоць фестываль праходзіў улетку і, здавалася б, зусім не сезон. Пальмы даехалі да Лондана, Парыжа, Кітая, Нью-Ёрка.
“«Гродзенскім» вербам прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, – ганарыцца Дамініка Дамінікаўна. – Цешыць той факт, што гэтым рамяством цікавіцца маладое пакаленне. У Гродне ўжо маем сваіх прадаўжальнікаў, якія ствараюць уласныя арыгінальныя вырабы. Таксама да мяне прыязджалі рамеснікі з Брэшчыны і Гомельшчыны, хацелі пазнаёміцца з нашай тэхнікай упрыгожання вербаў. Дзякуй Богу, ахвочых не бракуе. Таму спадзяёмся, што, засвоіўшы азы, яны будуць развіваць майстэрства і передаваць яго далей”.
Кінга Красіцкая