Лунаючыя пуці, задуменныя вочы святых на абразах, змучаная постаць Хрыста ў скульптурах Крыжовага шляху… Адным словам, мастацтва з’яўляецца адным з тых элементаў, якія напаўняюць святыню “боскай” атмасферай. “Готыка імкне чалавека ўверх, да Бога, а барока здольна закруціць у малітоўным віхуры”, – упэўнены Алесь Ступень. На працягу апошніх 10-ці гадоў мужчына малюе велікапосныя дэкарацыі для гродзенскага фарнага касцёла.
Манахіня, якая адказвае за афармленне святыні ў розныя літургічныя перыяды, прапаноўвае мастаку паштоўкі з адпаведнымі выявамі, а спадар Алесь іх перамалёўвае. “У картках часта мала мастацтва. Колеры не гармануюць, зморшчыны на вопратцы там, дзе іх не павінна быць – усё гэта рассейвае ўвагу гледача. Я перш за ўсё стаўлю перад сабой задачу прыцягнуць увагу вернікаў да эмоцый, «напісаных» на твары Хрыста, прымусіць іх перажываць разам са Збаўцам”, – падкрэслівае мастак.
Здараецца, мужчыне даюць раздрукоўку з інтэрнэту, а на ёй – выява Хрыста, напісаная вядомым мастаком. У такіх выпадках спадар Алесь робіць копію з асаблівым задавальненнем, а парафіяне пазней цешацца рэпрадукцыяй Карла Брулова ці Пітэра Рубенса. “У святыні чалавек узрастае не толькі духоўна, але і культурна”, – дадае з усмешкай мужчына.
Звычайна спадар Алесь “уваскрашае” Езуса на працягу тыдня. У кожную працу ўкладвае часціцу сябе. “Зразумела, што маёй творчасці тут мала. Але ручная работа ў любым выпадку лепш, чым камп’ютарная. Рукі чалавека ўдыхаюць жыццё ў тое, што яны майструюць”, – адзначае мужчына.
Працу над дэкарацыямі спадар Алесь выконвае за сімвалічную плату: маляваць яму падабалася яшчэ з дзяцінства.
Мужчына скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. “Падчас студэнцкай практыкі мне давялося прымаць удзел у рэстаўрацыі полацкага Сафійскага сабора, – узгадвае спадар Алесь. – У той час набажэнствы там ужо не праводзіліся. Святыня функцыянавала як музей і пляцоўка для канцэртаў арганнай музыкі. Інструмент размяшчаўся ў задняй частцы сабора, а тэматычныя мерапрыемствы праходзілі ў пярэдняй. Каб людзям было зручна сядзець і глядзець у абодва бакі, я запраектаваў ў лаўках рухомыя спінкі”.
Пасля навучання мастак займаўся роспісам музейных інтэр’ераў. На працягу жыцця ён стварыў і выканаў каля 20-ці праектаў, часам прысвячаючы працы над адным каля 5-ці гадоў. Паміж іншым, мужчына распісаў Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі.
Сёння спадар Алесь знаходзіцца ў заслужаным адпачынку, піша дзеля ўласнай асалоды. Ловіць інспірацыю ў самых нечаканых месцах, што дазволіла яму выстаўляцца ў гродзенскай галерэі "Крыга". “Здараецца, ідэі падказвае чарнавік з фарбамі або бліскучая паверхня вады, у якой скажона адлюстроўваецца навакольны свет”, – распавядае мастак.
Сярод беспарадку і тытунёвага дыму ў творчай майстэрні спадара Алеся нараджаюцца і ўзнёслыя вобразы. Паміж карцінамі з кідкімі вобразамі жанчын і абстрактнымі прадметамі можна заўважыць аскетычную фігуру манахіні і згорблены сілуэт Анёла Ахоўніка. Яны нібы нагадваюць: чым бы не было запоўнена жыццё чалавекаe, глыбока ў яго падсвядомасці заўсёды тоіцца туга па Небу.
Ангеліна Марцішэўская