Паталагічна суб’ектыўны, а ў гэтым якраз мая аб’ектыўнасць.
На гэты раз я прапаную кнігу Дэніэла Кіза “Кветкі для Элджэрнона”. Наўрадці гэтае імя на слыху, у адрозненне ад якіх-небудзь Пушкіна, Гюго, Талстога, Дзюма і інш. Прадстаўнік амерыканскай прозы другой паловы 20 стагоддзя прадставіў свету, на мой погляд, нешта чулае і незвычайнае. Асоба аўтара таксама заўсёды важная, але на гэтым спыняцца ня варта, і таму адразу прайдуся па сюжэту, але не раскрыю канцоўкі і адразу буду рабіць акцэнты на тое, чаму ўсё ж варта прачытаць дадзены твор.
Гісторыя чалавека з цяжкім захворваннем, які адрозніваецца ад іншых, і гэтым паказвае прыкрасць людзей, што навокал яго. А ў рэшце рэшт кожны знойдзе ў іх часцінку сябе. Дэніэла Кіза лічаць навуковым фантастам, і на гэта свае прычыны, але, ведаючы неахвоту ў айчыннага чытача да гэтага жанру, агаваруся, што ад фантастыкі там не вельмі шмат. Уцягнуты ў эксперымент, Чарлі Гордан пазбаўляецца сваёй хваробы і набывае неверагодныя разумовыя здольнасці. Яшчэ творца Эклезіяста казаў пра небяспечнасць гэтага, акцэнтуючы, што губляецца радасць да жыцця. Штосьці здарылася і з ім. Але гэта адна з праблем.
У выданні, якое чытаў я, квінтэсэнцыя твора знаходзіцца на старонцы 111, што мне запомнілася адразу і надоўга. Па меры таго, як Чарлі разумнеў, яму казалі, што ён “эвалюцыяніраваў да чалавека”. Зраблю рэмарку. Пісьменнік у сваёй творчасці спрабуе праз герояў паказаць грамадства, у якім знаходзіцца. Вось і Кіз зрабіў тое ж. Але не трэба думаць, што толькі амерыканскі соцыум такі. Мы не лепшыя. Дык вось. Да аперацыі ён таксама быў чалавекам і будзе яшчэ доўга доўга.
Тэма любові. Тое, што не дало згаснуць яшчэ гэтаму свету. Я – чалавек. Я павінен любіць. Такая наша прырода, і складана ісці супраць яе. Паратунак роду чалавечага ў гэтым пачуцці, эмоцыі, рэакцыі арганізма. Хто захоча, той працягне і знойдзе для сябе свой варыянт. Па вялікаму рахунку, шмат можна пісаць, а яшчэ больш размаўляць. Я толькі раю прачытаць і атрымаць асалоду. Гэта можна зрабіць за адзін вечар, адкінуўшы дробныя бытавыя рэчы ўбок. Посуд пачакае, а малако не ўцячэ, калі яго не паставіць на агонь.
Псуем зрок чытаннем кніг. Не забываемся пра гарбату.
Падрыхтаваў Сяргей Герман