Любая рэцэнзія – гэта вельмі суб’ектыўная з’ява. Яна з’яўляецца асабістым меркаваннем, эмоцыямі, пачуццямі і інш. Ад прачытання кнігі, прагляду фільма, творчасці мастака, праслухоўвання музыкі і г. д. У дадзеным выпадку я хачу падзяліцца думкамі, якія маюць форму своеасаблівай рэфлексіі на кнігу класіка сусветнай літаратуры, а менавіта Рэя Брэдберы “451 градус па Фарэнгейту”.
Не буду спыняцца на асобе аўтара, таму што даведацца пра яго нескладана, калі ўсё ж хтосьці зацікавіцца. Спынімся на рамане. Гэта раман-антыўтопія, якая лічыцца адной з найлепшых і адначасова жахлівых варыянтаў нашай будучыні. Сам аўтар не лічыў сябе прарокам, калі прапанаваў нам такі свет, а казаў, што напісаў, каб такое проста не адбылося. Што адбылося? Зараз крыху па сюжэту.
Падзеі адбываюцца ў Амерыцы недалёкай будучыні. Перамаглі тэхналогіі, а эра кніг скончылася. Пажарныя не прызначаныя на тое, каб тушыць агонь, а якраз наадварот. Але спальваюць яны папяровыя кнігі і дзесьці нават з іх уладальнікамі. Галоўны герой, Монтэг, таксама працуе карнікам. Аднойчы ўвечары ён сустракае сваю 17-гадовую суседку, якая сваёй жыццярадаснасцю здзіўляе яго і прымушае перагледзець уласнае жыццё. На чарговым выкліку ён вырашаецца на тое, каб даведацца, што яны ўсё ж паляць. Монтэг скраў кнігу, якой была Біблія, і пасля высвятляецца, што гэта адзін з апошніх экземпляраў. Яго здае жонка, пасля чаго той уцякае, забіўшы перад гэтым свайго начальніка. Пераследуемы механічным сабакам, ён на мяжы жыцця і смерці, але першае перамагло. Монтэг далучаецца да кагорты вартаўнікоў ведаў, якія на памяць завучылі кнігі, а галоўнай іх задачай з’яўляецца захаванне і перадача ведаў наступным пакаленням. Ён жа ў сваёй галаве трымаў Біблію.
Паліць кнігі – гэта не самае вялікае злачынства. Большым з’яўляецца не чытаць іх. Брэдберы ставіць пытанні, якія і зараз актуальныя, асабліва для эпохі постмадэрну, дзе масавая культура перамагае індывідуальнасць чалавека і стварае “universal Soldier”. Свет усё больш і больш ідзе да паліткарэктнасці, што дазваляе хаваць праўду. Праблематыка даволі маштабная, але галоўным пытаннем ёсць усё ж той самы чалавек, які проста задумаўся і зрабіў выбар. У нас так шмат часу, але ці ёсць час у нас падумаць? Монтэг не падпарадкаваўся сістэме. Сістэма захацела яго знішчыць, і ў яе нічога не атрымалася. Нават калі Монтэг адзін хацеў бы жыць на гэтай планеце – гэта не азначае, што ён вар’ят. І адзін у полі воін, калі стаіць да канца. Таму не трэба чакаць выратавання ад кагосьці, а вымагаць большага ад сябе. І падаючы ўніз, адрошчваць сабе крылы. Мы проста павінны пазбавіцца грыфу папяровай сурвэткі, у якую плююць і смаркаюцца, пасля чаго выкідваюць і бяруць новую. У нас ёсць усё для таго, каб быць шчаслівымі, але мы нешчаслівыя.
Чытайце файныя кнігі і піце больш гарбаты.
Падрыхтаваў Сяргей Герман