Skip to main content

Якое імя выбраць для дзіцяці?

kids hands 01 1494135Даючы дзіцяці імя, мы не выдумляем мілагучную мянушку для новага члена сям’і, а распачынаем найважнейшую малітву яго жыцця. Як жа правільна выбраць гэтае імя?

Свята Хросту Пана сёлета адзначаецца ў Касцёле 12 студзеня.

У старажытнасці дзіця атрымлівала імя па сваіх бацьках ці дзядах. Некаторыя імёны мелі рэлігійны характар і адносіліся да пэўнага боства, а імёны нявольнікаў часта ўказвалі на тэрыторыю, з якой яны паходзілі.

Нярэдка імя акрэслівала нейкую пажаданую рысу характару, якую бацькі хацелі бачыць у свайго сына ці дачкі. Таксама не ўсе імёны даваліся пры нараджэнні. Бывалі імёны, якія даваліся за канкрэтныя заслугі, або такія, якія былі звязаны з дасягненнем важнага становішча ў грамадстве.

У Бібліі знаходзім шмат тэкстаў, якія гавораць пра значэнне імён, якімі бацькі называлі сваіх дзяцей. Таксама можам знайсці імёны, якімі Бог называў сваіх слуг з моманту іх паклікання. “Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас” (Ян 1, 42), значыць скала, “і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мц 16, 18).

У Старым Запавеце акт давання імя быў формай малітвы. Мы выразна бачым гэта ў многіх фрагментах, як і ў самім значэнні імён. Юзаф азначае “няхай памножыць Бог”. Імя Ян адносіцца да Божай ласкавасці, а Ерамія – да Бога, які ўзносіць і ўзвышае. Якуб тлумачыцца словамі “няхай Бог ахоўвае”, а Эзэхіэль – “няхай Бог зробіць моцным”.

Згодна са старадаўнім звычаем, само дзіця прыносіць сваё імя ў свет. Дзень, калі яно нарадзілася, ужо мае “сваё імя”, і гэта імя святога, успамін якога Касцёл у гэты дзень адзначае. Хтосьці ў такім выбары шукае больш арыгінальных натхненняў у назвах кветак (Ружа) і з’явах прыроды (Аўрора). Біблійны Лот – гэта “туман”, а Ёна – “дзікі голуб”.

Хацелася б выказаць пажаданне, каб бацькі заўсёды памяталі, што, выбіраючы свайму дзіцяці імя, яны не толькі выбіраюць яму апекуна, але і распачынаюць малітву да Бога, каб Ён зрабіў навароджанае дзіця тым, кім яно сапраўды з’яўляецца, і каб яно жыло не толькі для сябе, а было бласлаўленнем для іншых. Кожнае імя павінна паўсюль вымаўляцца з удзячнасцю Богу за яшчэ аднаго добрага чалавека на зямлі!

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 12 Студзеня 2025