Адным з Божых дароў, дадзеных чалавеку, з’яўляюцца кветкі, якія прыносяць радасць і задавальненне, надзею і любоў, а таксама становяцца знакам павагі, памяці і ўдзячнасці. Часам не трэба шмат слоў, бо кветка ўжо сама па сабе можа многае сказаць.
Кветкі суправаджаюць чалавека праз усё жыццё. Іх мы прыносім у касцёл для ўпрыгожвання алтара, складаем падзяку Богу ля фігур ці абразоў, дорым жанчыне ці мужчыне на розныя святы, а таксама з кветкамі прыходзім на магілы блізкіх людзей.
Аб дасканалай прыгажосці кветак ў Святым Пісанні гаворыцца ў “Песні песняў”: для маладога яго нявеста адрозніваецца сваёй прывабнасцю ад іншых дзяўчат, “як лілея паміж калючкамі”. У Новым Запавеце таксама сустракаем сімвалічны вобраз кветак. Так, лілея абазначае нявіннасць, боскі клопат пра абранага: “Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх” (Мц 6, 28–29).
У сусветнай літаратуры кожная кветка мае сваё асабістае значэнне: верас сімвалізуе Радзіму, пралеска – вясну, валошкі – мір, прыгажосць і г. д. У творах Адама Міцкевіча чытаем: “Расці высока, кветка, як Пан ляжыць глыбока”. Уільям Шэкспір пісаў: “Апусціце яе ў магілу. Няхай з тых прыгожых, бессмяротных рэшткаў зацвітуць!”. А Максім Багдановіч адзначаў, што “добра быць коласам, але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком”.
Звычай дарэння кветак вядомы з далёкага Сярэднявечча. У тыя часы гэта быў адзіны дапушчальны публічны спосаб выказаць свае пачуцці. Звычайна мужчыны ўручалі іх сімпатызуючым жанчынам праз пасланца. Кветкі былі своеасаблівым “інфарматарам”: знакавую ролю адыгрывалі колер, памер і колькасць кветак, сама кампазіцыя, а таксама спосаб дарэння і прыняцця.
Час рыцарства адышоў у небыццё, і сёння многія традыцыі і тагачасныя значэнні ў адносінах да кветак забыліся. Але, нягледзячы на гэта, яны ўсё роўна засталіся каштоўным, значным падарункам.
Да цяперашняга дня ў некаторых краінах Еўропы адзначаецца “свята ружы”, г. зв. Rosalia ў гонар св. Ружы Лімскай (1586–1617 гг.). Гэта першая абвешчаная каталіцкая святая ў Лацінскай Амерыцы, якая ўшаноўваецца ва ўсім свеце. Такім чынам, на працягу гісторыі чалавецтва кветкі працягваюць адыгрываць важную ролю ў культуры народаў.
Сваё месца кветкі знайшлі таксама і ў літургіі касцёла. Мы бачым іх у святынях ля алтара. Літургічнае права заахвочвае да захавання адпаведнага стылю ў касцёльных дэкарацыях. Асаблівая ўвага звяртаецца на перыяд Адвэнту і Вялікага посту (выключна нядзелі Laetare), свят і ўрачыстасцей.
У гісторыі касцёла алтары мелі пэўную сувязь з магіламі мучанікаў (confessio). Традыцыйна труну памерлага і яго магілу ўпрыгожвалі кветкамі. Яшчэ св. Іеранім (345–419 гг.) сцвярджаў, што ў часы яго жыцця гэты звычай быў вельмі распаўсюджаны. Мінуцый Фелікс называў кампазіцыі з кветак на магілах памерлых “кветкамі раю”, якія маюць розныя матывы. Гэта знайшло сваё адлюстраванне і на фрэсках.
У хрысціянстве самым яскравым кветкавым вобразам заўсёды была ружа, якая звязана з мукаю Хрыста. Ружавыя калючкі нагадваюць аб 5-ці ранах Хрыста і Яго цярпеннях.
Ружа таксама цесна звязана з культам Найсвяцейшай Панны Марыі. У Ларэтанскай літаніі ёсць параўнанне Маці Божай з Ружай Містычнай (лац. Rosa Mystica). Беззаганная Марыя з’яўляецца “ружай сярод калючак”. Да найстарэйшых сведчанняў такой сімволікі варта аднесці верш Кармэна Пашэйлы, паэта Садулія (каля 430 г.). У Касцёле ружа з’яўляецца таксама сімвалам Ружанца.
Кожны з нас не раз атрымліваў кветкі ці сам дарыў іх. Але ці заўсёды мы ўсведамляем вартасць такога падарунка? Асабіста я не раз чуў ад іншых, што “кветкі – гэта выкідванне грошай на вецер”, “можна палюбавацца кветкамі на клумбе – і гэтага будзе дастаткова”. Ведаю, што некаторыя мужчыны не могуць зразумець, чаму жанчыны так любяць кветкі, а жаночую размову з кветкамі наогул лічаць нейкім дзівацтвам. Шчыра прызнаюся, што калісьці і сам так думаў. Але пераканаў мяне ў адваротным старэйшы мужчына, які на кожнае маё свята з самай раніцы прыходзіў з кветкамі. І я паволі пачаў прыходзіць да думкі, што адчуваю вялікае задавальненне і радасць, а мой старэйшы сябар тым самым выказвае сваё шанаванне.
Кветкі – гэта не проста расліна, а сродак і спосаб падняць дух чалавека, узняць настрой, дадаць моцы і прынесці асалоду. З пачаткам вясны, калі прырода абуджаецца, заахвочваю ўсіх памятаць аб сваіх матулях, жонках і дочках, бо кожная з іх – гэта кветка, якая распускае пялёсткі, каб прыняць і адбіць цяпло сонца, як гаварыў папа рымскі Пій XII. Няхай ваша малітва і вясеннія кветкі падкрэсляць у іх прастату і клопаты. Маленькі жэст, а колькі ён можа даць новых сіл і цяпла! Кветкі дораць адчуванне таго, што цябе цэняць і пра цябе памятаюць. Праз кветкі людзі яднаюцца паміж сабою.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. канонік Юрый Бяганскі