Skip to main content

Біскуп Станеўскі: Дзень моладзі — гэта свята тых, хто адчувае сябе маладым

20190328143439 5092У апошнюю нядзелю чэрвеня, якая сёлета прыпадае на 27 чэрвеня, у Беларусі адзначаецца Дзень моладзі. З гэтай нагоды біскуп Юзаф Станеўскі, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце з’яўляецца адказным за моладзь, кіруе ў сваім блогу кароткае слова да ўсіх, хто адчувае сябе маладым.

Любая моладзь!

Дазвольце звярнуцца да вас з пажаданнямі з нагоды Дня моладзі які адзначаецца ў Беларусі ў апошнюю нядзелю чэрвеня з нагоды заканчэння навучальнага года і пачаткам летніх канікул у студэнтаў і навучэнцаў.

Дзень моладзі — гэта свята маладых, тых, хто адчувае сябе маладым, імкнецца да будучыні і ўвасабляе ў жыццё свае мары.

Маладосць — гэта час творчасці і натхнення, энергіі і запалу, пазнання і рамантыкі.

Маладосць — выдатная пара, калі ў чалавеку раскрываюцца ўсе тыя таленты, якія былі закладзеныя ў яго ад моманту зачацця. Аднак кожны сам вырашае як распарадзіцца гэтымі талентамі, развіць іх і памножыць. Таму жадаю, каб моладзь нашай краіны імкнулася да таго, каб развіць ўсё самае добрае, чым валодае, каб з любоўю паслужыць Касцёлу, свайму народу і Бацькаўшчыне.

Мае дарагія сябры! З нагоды заканчэння навучальнага і катэхетычнага года я хацеў бы падзякаваць усім выкладчыкам і катэхетам за іх працу, студэнтам і вучням — за настойлівасць, бацькам і апекунам — за цярплівасць.

Я жадаю ўсім вам спакойнага адпачынку, поўнага надзеі на будучыню. Каб нас не турбавала ўжо больш пандэмія, страх за здароўе і жыццё. Каб кожны з вас мог адпачыць фізічна і ўмацавацца духоўна.

Любая моладзь! Дазвольце таксама нагадаць вам, што ў гэты час мы павінны не толькі захапляцца прыгажосцю прыроды нашай сінявокай радзімы, сустрэчам з сябрамі, але і мець магчымасць славіць Бога і не забывацца пра нядзельную Эўхарыстыю.

Няхай сустрэча з Панам «у ламанні хлеба» і сустрэча з сябрамі будзе крыніцай міру ў сэрцы кожнага з вас.

На час адпачынку я благаслаўляю кожнага з вас у імя Айца і Сына і Духа Святога.

Ваш сябра

Біскуп Юзаф

 Паводле Catholic.by

 

Рэдагавана: 26 Чэрвеня 2021