Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне аднаму дыякану і дыяканскае пасвячэнне 5-ці семінарыстам. Урачыстасць адбылася ў катэдральнай базіліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Чым для новых працаўнікоў Божай нівы з’яўляецца момант пасвячэнняў? У чым яны бачаць сваю місію? Хто з’яўляецца для іх прыкладам святарскага жыцця?
Кс. Віталій Валюк, нарадзіўся 26 чэрвеня 1991 г., паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (дэканат Ваўкавыск)
Аналізуючы падзеі з жыцця, я прыйшоў да высновы, што святарскае пакліканне для мяне вымаліў дзядуля. Ён першым заклаў зерне веры ў маім сэрцы, быў прыкладам любові да Бога. У дзяцінстве, калі дзядуля не хацеў браць мяне з сабой, я з крыўдай пытаўся: “Чаму?”. Яго адказ быў просты: “Ксёндз не павінен нідзе ездзіць”. Тады я гэтага не зразумеў – узгадаў пра той выпадак ужо будучы ў семінарыі.
Пасля смерці дзядулі пра ўмацаванне маёй веры клапаціліся хросная, сёстры кацярынкі і святары, а таксама таварышы са школы, з якімі разам хадзілі ў касцёл і на заняткі рэлігіі. Прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям я цвёрда пастанавіў падчас рэкалекцый распазнання паклікання.
Прыклад веры нястомна чэрпаю з жыццярысаў святых.
Але ёсць таксама людзі, якія, знаходзячыся побач, з’яўляюцца для мяне ўзорам для пераймання. Перш за ўсё, гэта святары, якіх пазнаў у сваёй парафіі: кс. Кшыштаф Янас, чалавек малітвы і працы, кс. Юрый Свіслоцкі, які ўмеў знайсці час для кожнага, выслухаць і параіць, а таксама цяперашні кс. пробашч Аляксандр Баклажэц, ветлівы і адкрыты чалавек, які з дабрынёй, усмешкай і клопатам падыходзіць да людзей. Як трэба аддана і верна служыць Богу, сваім жыццём таксама паказваюць кс. Андрэй Стапыра, кс. Юрый Канапелька, кс. Андрэй Радзевіч і многія іншыя.
Прыняцце пасвячэнняў з’яўляецца для мяне крокам у самастойнае жыццё. Гэта вялікая адказнасць за Паўсюдны Касцёл, магчымасць супрацоўніцтва з кожным чалавекам. Лічу, што служба святара – унікальная служба. Ведаю, што буду пасланы да розных людзей. Але больш за ўсё мне падабаецца праца са старэйшымі асобамі, бо, на жаль, сёння часта імі пагарджаюць, не разумеюць. Таксама лічу актуальнай і востра неабходнай паслугу сярод моладзі.
Дк. Томаш Мікалайчык, нарадзіўся 1 красавікa 1996 г., паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе
Цяжка гаварыць пра пакліканне, бо невядома, калі яно выспела. Я рос у каталіцкім асяроддзі і з дзяцінства меў думкі аб святарстве. Часам гэтае жаданне было вельмі выразнае, часам менш, але ніколі мяне не пакідала. Калі старэйшы брат пайшоў у семінарыю, нарадзіліся пэўныя сумненні. Але я стараўся шукаць Божую волю ў жыцці, і праз нейкі час таксама апынуўся за мурамі семінарыі.
Што да вытокаў… Вера, як гавораць, была мне перададзена з малаком матулі. Глыбокі ўплыў аказалі сустрэчы са святарамі, іх добры прыклад. Мне заўсёды падабалася сачыць за паводзінамі старэйшых ксяндзоў, асабліва тых, якія скончылі семінарыю ў Рызе, і размаўляць з імі, бо яны наследавалі вельмі цікавыя традыцыі святарскага жыцця. З цеплынёй узгадваю светлай памяці кс. Тадэвуша Вышынскага, які стаў для мяне ўзорам спалучэння адукаванасці і інтэлігентнасці з верай і чалавечнасцю. Удзячны таксама выхаваўцам семінарыі.
Ад кожнага можна пераняць нейкую добрую якасць.
Дзякую родным і парафіяльнай супольнасці за малітоўную падтрымку! Яе я адчуваю вельмі выразна. Пасвячэнні – гэта канкрэтны крок у прысвячэнні сябе на службу Богу ў Касцёле. Адчуваецца некаторы страх, бо значна больш усведамляецца адказнасць, якая на цябе неўзабаве будзе ўскладзена. Але адчуваецца і радасць, бо хутка надыдзе момант, да якога столькі рыхтаваўся. У будучым прагну прысвяціць свае здольнасці і магчымасці евангелізацыйнай місіі, да якой заклікае Касцёл. А гэта можа адбывацца рознымі шляхамі: як праз звычайныя формы душпастырства, так і, напрыклад, праз музыку, літаратуру…
Дк. Павел Шэмет, нарадзіўся 12 ліпеня 1997 г., паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы (дэканат Гродна-Захад)
Напэўна, як большасць маладых людзей, пра сваю будучыню я пачаў сур’ёзна задумвацца дзесьці напрыканцы 8 класа. Але на той момант яшчэ не думаў пра святарства. Праз некаторы час пробашч роднай парафіі прапанаваў мне як міністранту паехаць у семінарыю на рэкалекцыі распазнання паклікання. Разважанні, малітва і дыялог з самім сабой… З часам я пачаў цікавіцца святарствам, маліцца, просячы Бога аб тым, каб даў знак, што гэта мой жыццёвы шлях. Нарэшце пасля размовы з пробашчам вырашыў паступаць у семінарыю.
Прыняцце пасвячэнняў з’яўляецца для мяне вялікай ласкай, дарам ад Бога.
Спадзяюся, што буду добра выконваць місію дыякана. Маю надзею, што гэтая паслуга, якая заключаецца найперш у службе Касцёлу ў літургіі, справах міласці і, безумоўна, падтрымцы святара, яшчэ больш прыблізіць мяне да Хрыста. Менавіта Ён, добры Пастыр, з’яўляецца дасканалым узорам святарства.
Пры нагодзе дзякую пробашчу кс. Міхалу Ластоўскаму за яго душпастырскі прыклад, парады і словы, што падтрымлівалі мяне на духу, а таксама ўсім тым, каго сустрэў падчас сваёй фармацыі ў семінарыі: кансэкраваным асобам і свецкім вернікам – за ўвагу і памяць у малітве.
Дк. Aндрэй Струкель, нарадзіўся 19 лістападa 1993 г., паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе
Сваё пакліканне я адчуў у 9 класе, але не мог даць Богу адказ, бо не быў упэўнены. Праз год паведаміў бацькам аб тым, што хачу стаць святаром. На маё рашэнне яны адрэагавалі добра, але было бачна, што да канца не згаджаюцца з ім. Прайшло некалькі дзён і маці прапанавала мне спачатку паступіць у каледж, а пасля, калі не змяню свайго рашэння, яны з татам дадуць бацькоўскае бласлаўленне на гэты нялёгкі шлях.
Падчас вучобы ў каледжы думкі аб святарстве то перапаўнялі мяне, то знікалі. Урэшце рэшт я ўжо не мог адназначна адказаць, хачу стаць святаром ці не. Тады на адной з адарацый я звярнуўся да Езуса з пытаннем: “Што мне рабіць?”. Адказу не прыйшлося доўга чакаць. Манахіня, якая служыла ў нашай парафіі, падышла да нас, маладых людзей, і сказала: “Бог камусьці з вас кажа: «Калі хочаш ісці за Мною, адрачыся самога сябе, вазьмі свой крыж і ідзі»”. Пасля гэтых слоў я здабыў упэўненасць у сваім рашэнні стаць святаром.
Пасвячэнні – адзін з найважнейшых момантаў майго жыцця.
Гэта прыняцце на сябе вялікай адказнасці не толькі за ўласнае жыццё, але і за жыццё іншых людзей, якіх Бог паставіць на маім шляху. Сваю місію бачу ў тым, каб быць сведкам уваскрослага Хрыста, абвяшчаць Божае слова і несці людзям любоў, якой Стварыцель хоча агарнуць кожнага чалавека. Прыкладам для мяне з’яўляюцца святары, якія дасягнулі галоўнай мэты свайго жыцця і цяпер праслаўляюць Бога ў Яго Валадарстве: св. Ян Павел ІІ і святары-мучанікі з Ліды.
Я вельмі ўдзячны пробашчу роднай парафіі кс. каноніку Уладзіміру Гуляю. Ён сваім служэннем паказвае, якім павінен быць святар і як трэба адносіцца да іншага чалавека. Ад усяго сэрца дзякую бацькам, якія падчас хросту ўзялі на сябе абавязак выхаваць мяне ў каталіцкай веры і споўнілі яго, а таксама бабулі і дзядулі, што навучылі першым малітвам.
Дк. Яўген Амасёнак, нарадзіўся 8 сакавікa 1987 г., паходзіць з парафіі св. апостала Андрэя ў Слоніме
Пакліканне для мяне – гэта адказ на тую невымоўную любоў, якой так шчодра і нястомна адорвае Бог. Іншымі словамі, гэта адчуванне моцнага прагнення дзяліцца тым, што калісьці асабіста атрымаў ад Пана. Прыняцце пасвячэнняў азначае, перш за ўсё, запрашэнне да новых, больш глыбокіх адносін з Богам. Яны, між іншым, будуюцца на ўсведамленні ўскладзенай на мяне адказнасці і даверу, які буду ўсімі сіламі старацца апраўдаць.
Сваю місію ў Касцёле бачу ў тым, каб заўсёды, нягледзячы на розныя жыццёвыя абставіны і цяжкасці, заставацца адлюстраваннем бязмернай Божай любові ў свеце. Гэта значыць, што я павінен зрабіць усё магчымае, каб ніколі не пакінуць чалавека сам-насам з яго праблемамі, сумненнямі ці роспаччу, а “пасяліць” у яго сэрцы пачуццё супакою, радасці і блізкасці Езуса. Аднак, на маю думку, гэтая місія можа здзяйсняцца толькі ў тым выпадку, калі ўсе твае дзеянні прасякнуты моцным прагненнем наследаваць Хрыста, бескарысліва і паслухмяна выконваючы заданні, якія вызначае Касцёл.
Шчыра веру, што кожны чалавек, з якім я быў знаёмы, нейкім чынам паўплываў на маё духоўнае станаўленне.
Аднак не магу не вылучыць сярод іх сваіх бацькоў, якія стылем уласнага жыцця і паводзінамі спрабавалі прывіць мне неабходныя, лічу, для сучаснага святара якасці. Маю надзею, што на працягу жыцця атрымаецца ўвасобіць хаця б нейкую частку з гэтых каштоўнасцей.
Я вельмі ўдзячны Богу за тое, што ставіць на маім шляху святароў, на якіх хочацца раўняцца. Большасць з іх – простыя людзі, верныя свайму пакліканню і адкрытыя на дзейнасць Бога ў сваім жыцці. Адным з такіх адданых святароў з’яўляецца а. Вітольд Жэльветра, які дапамагаў мне і маім родным рабіць першыя свядомыя крокі ў пазнанні Створцы і Яго любові. Прыклад яго служэння назаўсёды застанецца ў маёй памяці і сэрцы!
Дк. Дзмітрый Малец, нарадзіўся 18 чэрвеня 1996 г., паходзіць з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе
Падчас вучобы ў 8 класе я атрымаў прапанову дапамагаць ксяндзу падчас св. Імшы. З таго часу, як стаў міністрантам, мяне не пакідалі думкі аб тым, каб пайсці за Хрыстом, абраўшы святарскі шлях жыцця. Я прасіў, каб Езус вывеў на тую сцежку, якую Ён з любоўю выбраў для мяне. Некалькі разоў удзельнічаў у рэкалекцыях распазнання паклікання, дзе святары і семінарысты дапамагалі нам, маладым хлопцам, разважаць над святарствам. У 10 класе канчаткова вырашыў, што буду паступаць у гродзенскую семінарыю.
Узрастаць у веры, перш за ўсё, мне дапамагалі бацькі: спачатку, калі прынеслі ў касцёл і пахрысцілі, і потым, калі мы кожны дзень збіраліся ўсёй сям’ёй на супольную малітву, калі разам у нядзелю і святы хадзілі ў святыню. Умацоўвацца ў веры мне таксама дапамагала бабуля, якая праводзіла першыя “заняткі рэлігіі”. Яна вучыла малітвам і расказвала пра Пана Бога. Да прыняцця сакрамантаў споведзі і Першай св. Камуніі, а пазней да сакраманту канфірмацыі мяне, як і многіх іншых, прывялі манаскія сёстры.
У сваім пакліканні я ўзрастаў дзякуючы святарам, якіх сустрэў на жыццёвым шляху.
У першую чаргу, маю на ўвазе пробашча роднай парафіі і вікарыяў, якія былі некалі і якія служаць у дадзены момант. Вялікую ролю адыгралі і ўсе людзі, якія маліліся ў маёй інтэнцыі.
Прыняць дыяканскія пасвячэнні – значыць у чарговы раз адказаць “так” на заклік Хрыста “Ідзі за Мной”; значыць прыняць заданне Езуса, а менавіта службу пры алтары Пана і абвяшчэнне Божага слова. Інакш кажучы, ахвяраваць сваё жыццё на служэнне Богу і людзям. У перспектыве кожнае заданне, даверанае біскупам, буду прымаць як волю Найвышэйшага. Я бачу сябе ў парафіяльным душпастырстве. Хачу дапамагаць людзям пазнаваць Пана Бога, асабліва тым, хто найбольш гэтага патрабуе.
Паводле "Слова Жыцця"