Skip to main content

Чаго жадаюць дыяцэзіяне свайму біскупу ў дзень юбілею?

kaszkewicz publ 9Напярэдадні юбілею 70-годдзя біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча рэдакцыя grodnensis.by звярнулася да некаторых вернікаў і духоўных асобаў дыяцэзіі з пытаннем, чаго яны хацелі б пажадаць свайму біскупу ў гэты радасны для яго дзень. Вось некаторыя словы, поўныя цеплыні, шчырасці і вялікай любові, якія яны скіроўваюць у адрас свайго пастыра.

Елізавета Богуш, парафія Адшукання Святога Крыжа ў Гродне

Папа Францішак пастаянна кажа нам, маладым людзям што мы сённяшні дзень Касцёла, але няма сённяшняга без мінулага, таму хацела б у першую чаргу падзякаваць за ўсю тую нялёгкую працу, якую біскуп разам са святарамі і сёстрамі зрабіў дзеля адараджэння Касцёла пасля нялёгкіх часоў Савецкага Саюза.

Дзякую і за той Касцёл, які мы зараз маем.

kaszkewicz publ 7

Хацела б пажадаць нашаму біскупу Аляксандру радасці на кожны дзень жыцця, каб агонь Божай любові разгараўся ў сэрцы ўсё больш з кожным днём. І хацела б Вас запэўніць у тым, што моладзь памятае пра Вас у сваіх малітвах.

А. Аляксандр Стока ОСD, парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці ў Гродне (зараз служыць у Мінску)

Ваша Эксцэленцыя! Дарагі біскуп Аляксандр! Віншую Вас з днём нараджэння! 70 гадоў – гэта дастойны ўзрост. Дзякую Пану Богу за дар Вашага жыцця і пастырскую паслугу ў Гродзенскай дыяцэзіі! Для мяне асабіста Вы з'яўляецеся прыкладам святарскага і адданага служэння Божаму народу.

Жадаю Вам моцнага здароўя, апекі Маці Божай Шкаплернай. Няхай Марыя вядзе Вас па шляху біскупскага служэння да свайго Сына Езуса, які выбраў і паклікаў Вас несці Добрую Навіну і даваць надзею кожнаму чалавеку, які шукае Бога ў сваім штодзённым жыцці!

Заставайцеся заўсёды такім добрым, адкрытым, зычлівым і вялікім сэрцам Пастырам для свайго народу.

kaszkewicz publ 12

З малітвай!

С. Вераніка Огар FMA, парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы (зараз нясе місіянерскае служэнне ў Грузіі)

Святарства – гэта каштоўны дар. Дар для самога святара і для людзей. На маю думку, у быце, пабожнасці, мысленні, штодзённым жыцці вернікаў адлюстроўваецца сэрца і душа пастыра. Сёння, яднаючыся ў малітве з усім гродзенскім Касцёлам, дзякую Богу за дар Вашага жыцця, паважаны біскуп Аляксандр, за Ваша служэнне на нашай зямлі. І ўпэўнена, што моцныя Богам сем'і, справядлівыя і адказныя грамадзяне краіны, вернікі, якія ўсведамляюць прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла, выхаваная і поўная жадання служыць моладзь – гэта сведчанне Вашай ахвярнай працы са святарамі і з даручанай Вам паствай.

Каця Ненартовіч, парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці

У гэты святочны дзень мы шчыра дзякуем біскупу Аляксандру за плённую працу і клопат аб развіцці Касцёла на гродзенскай зямлі. Хочацца пажадаць здароўя, сілы і вытрымкі ў штодзённым пастырскім служэнні. Няхай Дух Святы апраменьвае святлом спакою і любові, а Марыя, якая ахінае мацярынскім плашчом Касцёл, атачае біскупа сваёй апекай. Асаблівая падзяка ад моладзі нашай дыяцэзіі, якая дзякуючы вашай святарскай паслузе можа смела ісці да Бога. Але найлепей мы можам выразіць сваю ўдзячнасць праз малітву і паставу, годную хрысціяніна.

Крыстына Труханоўская, парафія Найсвяцейшага Імя Марыі ў Рэплі

Дарагі біскуп, з нагоды Вашага дня нараджэння перасылаю моц найлепшых віншаванняў, найперш здароўя, сілы духу, каб Дух Святы адорваў сваімі дарамі.

Шматлікіх Божых ласкаў у кіраванні нашай дыяцэзіяй. Няхай Маці Божая атачае сваёй любоўю.

kaszkewicz publ 11

Праца змагання са штодзённасцю няхай акрыліць Вас і дазволіць бачыць прыгажосць і глыбіню жыцця, каб яно было жывым голасам Евангелля.

Дзяніс Паўловіч, парафія св. Ліна ў Пелясе (зараз вучыцца ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Вільні)

З нагоды 70-годдзя нараджэння жадаю выказаць Яго Эксцэленцыі самыя сардэчныя віншаванні. Юбілей – цудоўная нагода, каб падзякаваць біскупу за трывалае і годнае служэнне ў абвяшчэнні Божага Валадарства на зямлі. Дзякуючы старанням Яго Эксцэленцыі гродзенскі Касцёл паўстаў да новага жыцця, таму жадаю, каб словы з Евангелля паводле Мацвея: “Добра, слуга добры і верны” (Мц 25, 14-30) сёння гучалі асаблівым чынам і былі пэўным дэвізам да спаўнення Божай волі. Прашу ў малітве, каб Дух Святы дапамагаў Яго Эксцэленцыі ў рэалізацыі найвышэйшага святарства, каб з любоўю і мудрасцю апосталаў далейшыя гады мог служыць для дабра Касцёла і Божага народу на ўсёй Гродзеншчыне.

Рая Мароз, парафія Св. Міхала Арханёла ў Міхалішках

Эксцэленцыя! Усюды і ва ўсім… ніхто з нас не асмеліцца засумнявацца ў гэтым… Столькі гадоў Вы з намі і ў нашых радасцях, і ў нашых смутках…

Памяць гартае старонкі жыцця, а там толькі станоўчыя рысы Вашай душы і Вашага сэрца…

kaszkewicz publ 6

Заўсёды адкрытая ўсмешка на твары, з іскрынкамі пяшчоты Вашы вочы, і ў кожнай жыццёвай сітуацыі мудрая парада Вашага сэрца… Дэвізам Вашага біскупскага служэння Касцёла нездарма былі абраны словы; “Езу, давяраю Табе”. На працягу Вашага кіравання Касцёлам на Гродзеншчыне Вашымі намаганнямі з нуля было распачата мноства добрых Божых справаў, якія маюць працяг і набіраюць моц з году ў год. Таму дазвольце пажадаць, каб чароўная лічба 70 напоўніла Ваша далейшае жыццё моцным здароўем, дарамі Духа Святога, апекай Езуса Міласэрнага і Маці Божай на доўгія гады!

Няхай шчырыя словы вішаванняў дабягаюць у пакой Вашых сэрца і душы не толькі сёння, але і на працягу ўсяго года, няхай ён будзе юбілейным для Вас усе 365 дзён! Дабрыні, павагі і Божай любові ад кожнага!

Maксім Хаванскі, парафія Святой Сям’і ў Лідзе

Шаноўны біскуп Аляксандр! Ад імя літургічнай службы алтара нашай Гродзенскай дыяцэзіі ў Ваш юбілей хочацца падзякаваць за Вашу адданасць Касцёлу на Гродзеншчыне. Хачу пажадаць моцы Святога Духа, які вядзе ўвесь Касцёл. Няхай Марыя атуляе Вас сваёй мацярынскай апекай.

Мы, як жаўнеры Езуса Хрыста, хочам паабяцаць, што і далей з вялікім прысвячэннем будзем служыць у нашых парафіях.

Жадаем сваімі малітвамі падтрымліваць біскупа ў нашым мясцовым Касцёле.

kaszkewicz publ 3

Будзем маліцца, каб з нас біскуп у будучыні атрымаў добрых супрацоўнікаў – святароў!

Данута Катушонак, парафія Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне

Біскуп Аляксандр, з нагоды дня нараджэння жадаю шматлікіх Божых ласкаў, апекі Маці Божай і святога апекуна, здароўя і патрэбных сіл у выкананні пастырскага і біскупскага пасланніцтва. Няхай Дух Святы кіруе Вамі, а Добрая Навіна, якую Вы абвяшчаеце, напаўняе людзей жывой верай, надзеяй і любоўю. Памятаю ў малітве.

Яўгеній Дудкін, парафія Духа Святога ў Гродне

Ваша Эксцэленцыя, віншую Вас з юбілеем 70-годдзя! Жадаю Вам Божых ласкаў і апекі Панны Марыі на жыццёвым шляху, моцы ў пастырскай службе, трываласці перад выпрабаваннямі, спаўнення Божых планаў і гарачай любові ў сэрцы.

Здароўя і добрага настрою, сіл у вырашэнні касцёльных справаў і пашырэнні Евангелля.

kaszkewicz publ 10

Біскуп Аляксандр Кашкевіч нарадзіўся 23 верасня 1949 г. у в. Падгайдзі, у парафіі Эйшышкі Віленскай архідыяцэзіі.

Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Каўнасе. 30 мая 1976 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

У 1976–1981 гг. працаваў у Панявежы севікарыем. З 1981 г. – пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні.

13 красавіка 1991 г. Святы Айцец прызначыў кс. Аляксандра Кашкевіча біскупам новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі. Пасвячэнне адбылося 23 мая 1991 г.

З 2006 па 2015 гг. з’яўляўся Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. З 2015 года – намеснік Старшыні ККББ.

 

Рэдагавана: 23 Верасня 2019