Kаляндарны год, які падыходзіць да заканчэння, заўсёды з’яўляецца нагодай зрабіць падсумаванне таго, што ўдалося здзейсніць на працягу гэтых 365 дзён. Канец года – заўсёды таксама нагода падзякаваць Пану Богу за ўсё тое дабро, якое стала нашым удзелам. А ў нас, безумоўна, ёсць за што дзякаваць!
Мы перажылі столькі радасных хвілін і момантаў. Столькі дабра атрымала кожная сям’я і кожны з нас асабіста. Каталіцкі Касцёл на Гродзеншчыне мае таксама шмат прычын для радасці і ўдзячнасці Богу. Гэта быў выключна год насычаных падзей. Гродзенская дыяцэзія адкрыла ў гэты час шмат новых будынкаў. Быў гэта час і на разнастайныя юбілеі і гадавіны, незабыўныя візіты і сустрэчы, якія ўпісаліся назаўсёды ў гісторыю мясцовага Касцёла.
Дзякуючы Пану Богу за ўсе гэтыя падзеі, хочам нагадаць некаторыя з іх.
НАБЫТКІ ГОДА
1. Тэалагічны каледж
Напрыканцы жніўня Гродзенская дыяцэзія атрымала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі “Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра” Гродзенскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. Галоўнай задачай духоўнай навучальнай установы з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі.
2. Дом для маці ў цяжкіх жыццёвых абставінах
17 мая ў Гродне адкрыўся першы ў Беларусі дом для маці, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, пад назвай “Дом для мамы – Назарэт”. Заснавалі яго сёстры Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта.
3. Інфармацыйна-турыстычны цэнтр Гродзенскай дыяцэзіі
14 красавіка ў Гродне асвяцілі Інфармацыйна-турыстычны цэнтр Гродзенскай дыяцэзіі, які знаходзіцца пры пабрыгіцкім кляштары. Пасля афіцыйнага ўвядзення ў эксплуатацыю цэнтр будзе актыўна папулярызаваць турыстычны патэнцыял Гродзенскай дыяцэзіі.
4. Дом міласэрнасці
22 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў благаслаўленне чарговага Дома міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), які ўдалося адрамантаваць і абсталяваць адпаведнай мэбляй дзякуючы прыязнасці мясцовых уладаў, а таксама людзей з шырокім сэрцам. Домам апякуецца Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).
5. Санктуарый благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка
29 ліпеня фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку быў абвешчаны санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка.
ЮБІЛЕІ ГОДА
1. 75-годдзе мучаніцтва бл. Мар’яны Бярнацкай і благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка
У ліпені адзначалася 75-годдзе смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай і благаслаўлёных Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка, якія былі расстраляны падчас ІІ Сусветнай вайны на тэрыторыі сённяшняй Гродзенскай дыяцэзіі.
2. 400-годдзе найстарэйшай святыні Гродна
13 чэрвеня адбыліся ўрачыстасці 400-годдзя кансэкрацыі касцёла Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) у Гродне. Гэта найстарэйшая святыня ў горадзе над Нёманам пасля знішчэння ў 1961 г. Фары Вітаўта.
3. 400-годдзе касцёла і кляштара ў Гальшанах
23 чэрвеня ў Гальшанах адзначылі 400-годдзе касцёла і кляштара айцоў францішканаў, уфундаваных дзякуючы Паўлу Стэфану Сапегу, стайніку Вялікага княства Літоўскага і ашмянскаму старасту, а пазней літоўскаму падканцлеру.
4. 550-годдзе парафіі ў Астраўцы
30 верасня ў Астраўцы святкавалі 550-годдзе ўтварэння парафіі, 200-годдзе святыні, 100-годдзе вяртання католікам касцёла свв. Космы і Дам’яна. Парафія была паклікана да існавання ў 1458 годзе. Сённяшняй святыні ў 2016 г. Пастановай Савета Міністраў РБ нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі рэгіянальнага значэння.
5. 300 гадоў прысутнасці на шчучынскай зямлі айцоў піяраў
13 кастрычніка Ордэн Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў (айцы піяры) адзначыў юбілей – 300-годдзе з дня прыбыцця членаў Ордэна ў Шчучын. Айцоў піяраў запрасіў у Шчучын у 1718 г. Юрый Юзафовіч-Глябіцкі, звязаны сямейнымі вузамі са славутым родам Сцыпіёнаў.
***
Гэта толькі некаторыя важныя падзеі, якія мелі месца ў Касцёле на Гродзешчыне ў 2018 г. Увагі таксама заслугоўвае Агульнабеларуская сустрэча моладзі, якая прайшла ў Гродне і галоўным госцем якой стаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Было і шмат іншых падзей, якія, безумоўна, упісаліся ў гісторыю дыяцэзіі і прынеслі плён узрастання веры ў сэрцах людзей.
Богу няхай будзе падзяка за ўсё дабро, якое атрымаў наш Касцёл і нашы вернікі!
Kс. Юрый Марціновіч