Алтары, пакрытыя разводамі сажы, чорная столь, разбітыя вокны і цалкам знішчаная закрыстыя – такое сумнае відовішча адкрылася вачам мясцовых вернікаў, якія ўвайшлі ўвечары 14 жніўня ў гожскі касцёл свсв. апосталаў Пятра і Паўла пасля пажару. Ужо больш за месяц пробашч кс. Павел Шанчук разам з парафіянамі ліквідуюць яго наступствы: кожны дзень збіраюцца і наводзяць парадак, адмываюць закураную святыню, аднаўляюць пашкоджанае агнём памяшканне і рыхтуюць касцёл да касметычнага рамонту. Нягледзячы на сумныя падзеі святару ды вернікам нельга апускаць рукі: трэба рупліва працаваць, каб вярнуць належны выгляд святыні, якая ў наступным годзе адзначыць 150-гадовы юбілей.
Наступствы пажару
Як устанавіла спецыяльная следчая група, прычынай пажару ў касцёле ў Гожы стаў удар маланкі. Узгаранне адбылося ў электрашчытавой у закрыстыі, у выніку службовае памяшканне цалкам выгарала.
“Пажар заўважылі не адразу, – распавядае кс. Павел. – Толькі калі касцёл цалкам запоўніўся дымам і шэрыя клубы пачалі вырывацца з касцёльных вежаў, людзі заўважылі страшнае. Падумалі нават, што гараць самі вежы. Тушыць агонь прыехалі 6 пажарных разлікаў. Дзякуючы прафесійным і зладжаным дзеянням супрацоўнікаў пажарнай службы ўдалося ўратаваць святыню. Невядома, якую б шкоду мог нанесці агонь, калі б яго своечасова не апанавалі”.
Пробашч гаворыць, што ў закрыстыі, якая найбольш пацярпела, захоўваліся архіўныя дакументы ад 1991 года – метрыкі хростаў, шлюбаў і пахаванняў, а таксама літургічныя кнігі і адзенне. Усё было знішчана агнём.
Пажар у касцёле стаў вялікім ударам для гожскай парафіі. Зусім нядаўна святыня была цалкам адрэстаўравана. Зараз давядзецца прыкласці шмат намаганняў, каб скончыць рамонтныя працы да юбілею 150-годдзя. Азнаёміцца з інфармацыяй аб праведзеных працах і сачыць за падзеямі з жыцця парафіі можна на стронцы nashaparafia.com.
“Я вельмі перажываў, што ў выніку пажару мы страцілі арнат канца XIX стагоддзя – каштоўнае гістарычнае святарскае адзенне, вышытае срэбнымі ніткамі, – дзеліцца святар. – Але, на шчасце, ён уцалеў. Моладзь выкарыстоўвала арнат падчас каляднага прадстаўлення, пасля забылася пакласці яго на месца ды пакінула ў іншым памяшканні, да якога не дабраўся агонь. Таксама вельмі шкада стогадовага аргана, у якім ад высокай тэмпературы паплавіліся металічныя трубкі. Інструмент доўгі час стаяў мёртвым грузам на хорах, нават у думках не было, што ён можа загучаць. 7 гадоў таму арган удалося аднавіць. Ён быў нашай разынкай, упрыгожваў богаслужэнні, але так мала паслужыў. Зараз інструмент трэба нанова разбіраць, чысціць. Дзякуй Богу, знайшоў таго майстра, які некалі аднаўляў арган. Ён абнадзеіў, што зоймецца інструментам і, нягледзячы на пашкоджанні, той зноў загучыць”.
Кс. Павел таксама адзначае, што пад уздзеяннем высокай тэмпературы патрэскаліся некаторыя драўляныя элементы ў цэнтральнай частцы касцёла, была нязначна пашкоджана падлога ў прэзбітэрыі. Але гэта дробязі – на шчасце, агонь не пайшоў далей, інакш магла б загарэцца галоўная частка храма. “Гэта сапраўдны цуд, – гаворыць святар. – Напэўна, Маці Божая Суцяшэння, абраз якой знаходзіцца ў цэнтральным алтары, уратавала наш касцёл”.
Аднаўленчыя працы
Пасля пажару кс. Павел заўважыў вялікую салідарнасць людзей. Вернікі прыходзілі ў святыню цэлымі сем’ямі з дзецьмі: кожны хацеў дапамагчы. Варта адзначыць, што сярод тых, хто не застаўся абыякавым, былі не толькі мясцовыя католікі, але і праваслаўныя.
“Выпрабаванне, якое нам выпала, вельмі моцна з’яднала жыхароў Гожы. У першыя дні было столькі добраахвотнікаў, што, шчыра кажучы, было складана кожнаму знайсці працу, – гаворыць пробашч. – Паколькі ўвесь касцёл ад падлогі да столі быў задымлены і закопчаны сажай, трэба было павыносіць тое, што магчыма, на вуліцу, адмыць і вычысціць. Стараліся працаваць хутка, пакуль шызае курава не ўелася ў алтары, абразы і лаўкі. Таксама давялося мыць усе сцены, інакш іх немагчыма было б перафарбаваць”.
Кс. Павел распавядае, што мусілі шмат напрацавацца з вялікімі вокнамі. Іх у касцёле 12. Частка была разбіта пры тушэнні пажару. Мужчыны вынімалі вокны, мянялі, дзе патрэбна, шкло, перафарбоўвалі рамы, пасля ўстаўлялі назад. Затым кожнае акно закрывалі плёнкай, каб не пашкодзіць падчас фарбавання сцен.
Касцёл свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы перажываў пажар падчас вайны ў 1942 годзе. Тады ў вежу святыні трапіў снарад і касцёл цалкам выгараў унутры.
“Спачатку пры ўваходзе ў касцёл у вочы кідалася паўсюдная сажа, – гаворыць святар. – Зараз святыню часткова адмылі, выветрылі страшэнна непрыемны, рэзкі пах дыму. Вернікі кожны дзень прыходзяць сюды пасля працы, працягваюць прыводзіць касцёл у парадак. Асабліва мяне ўражвае пастава старэйшых людзей, якія, нягледзячы на свой узрост, стараюцца хоць нечым дапамагчы. Зараз магу з упэўненасцю сказаць, што гэтая бяда нас з’яднала. Першыя дні былі вельмі цяжкімі, з негатыўнымі эмоцыямі. Я нават не ведаў, за што брацца. А зараз ужо больш пазітыву. Я не адчуваю разгубленасці, бо бачу, што не адзін, што гэты касцёл патрэбны не толькі мне, святару, але і ўсім парафіянам, якія ахвяруюць свой час і сілы.
За гэта я кожнаму з іх бязмерна ўдзячны. Асобную падзяку выказваю святарам і вернікам шматлікіх парафій Гродзенскай дыяцэзіі, якія не пакінулі нас сам на сам з няшчасцем і падтрымалі матэрыяльна”.
Святыня жыве
Кс. Павел Шанчук дзеліцца, што першая св. Імша, якая адбылася пасля пажару, была вельмі цяжкай як для святара, так і для прысутных вернікаў.
Немагчыма было стрымаць слёзы, гледзячы на пашкоджаную святыню. Цешыў толькі факт, што, не зважаючы на сумныя абставіны, набажэнствы ў гожскім касцёле не адмяняюцца і будуць праходзіць па звычайным раскладзе.
“Праз 3 дні пасля пажару бацькі прынеслі ў святыню дзіцятка, каб ахрысціць. Затым адбылася чарговая ўзнёслая падзея: маладая пара пабралася шлюбам. Пасля адбыўся яшчэ адзін хрост… І нічога страшнага, што сцены касцёла ў гэты момант былі чорныя, затое душы людзей былі светлыя”, – гаворыць святар.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"