Паблізу Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне раней знаходзілася школа для дзяцей з парушэннем слыху. Адзін клерык ля яе часта праходзіў і думаў: “А ці ведаюць глухія людзі пра Бога? А ці апекуецца імі хтосьці ў горадзе?”. Аднойчы ён задаў знаёмай сям’і, якая выхоўвала глухое дзіця, пытанне адносна таго, як яны збіраюцца падрыхтаваць таго да І Камуніі. І пачуў наступны адказ: “Бог прыме…”. Пасля клерыка стала непакоіць думка: не мусіць так быць. Гэтыя людзі заканчваюць школы, ідуць працаваць, ствараюць сем’і – з’яўляюцца паўнавартаснымі асобамі. Адрозненне толькі ў тым, што яны не чуюць. Такім чынам, людзі з парушэннем слыху маюць поўнае права на пазнанне Бога на адным узроўні з астатнімі. Але хто гатовы ўзяць на сябе гэтую адказнасць?
Пракласці мост зразумення
Тагачасным клерыкам быў кс. Валерый Лісоўскі, цяперашні пробашч парафіі Вярэйкі (дэканат Ваўкавыск). Ён пайшоў у школу для глухіх і вывучыў жэставую мову. Там пад яго кіраўніцтвам адбылася першая катэхеза для дзяцей.
Праз некаторы час у коле глухіх асоб стала вядома пра св. Імшу на рускай мове, на якой клерык робіць сурдапераклад. Людзі сталі з цікавасцю прыходзіць.
Пазней ён ужо як дыякан пачаў выступаць у якасці перакладчыка на споведзі. “Вядома, прысутнасць на сакраманце пакаяння пасрэдніка ў любога чалавека можа выклікаць дыскамфорт, – заўважае кс. Валерый. – Таму лічу, што калі святар вырашаецца на душпастырства людзей з парушэннем слыху, ён павінен ведаць жэставую мову. Да таго ж, калі вывучыў яе, людзі разумеюць, што зрабіў гэта дзеля іх. Дадзены момант мае для іх велізарнае значэнне”.
У канцы 1990-х гадоў кс. Валерый распачаў душпастырскую апеку над глухімі. Сталі збірацца групы на катэхезу. Шмат хто пасля доўгіх гадоў прымаў хрост, прыступаў да І Камуніі. “Добра памятаю 75-гадовую жанчыну з Ліды, якая ўпершыню прыняла Пана Езуса ў сваё сэрца. Ужо адышла з гэтага свету, але з Богам”, – успамінае святар. Душпастыр таксама рыхтаваў кандыдатаў да сакрамантаў канфірмацыі і шлюбу.
Добразычліва настроеныя
Паступова выпрацаваўся першы этап традыцыі: людзі прымалі рэгулярны ўдзел у св. Імшах, адзначалі касцёльныя святы, прыходзілі ў святыню на супольныя малітвы, на Дзень усіх памерлых пісалі “задушкі”. Калі нехта адыходзіў у вечнасць, развітацца прыходзілі амаль усе.
Глухія людзі прачынаюцца па вібрацыі будзільніка, адчыняюць дзверы госцю, калі па ўсёй кватэры пачынаюць міргаць лямпачкі. Глядзяць кінастужкі з субтытрамі, тэлефануюць пасродкам відэасувязі або пішуць адзін аднаму ў сацыяльных сетках. Як і ўсе, могуць вадзіць аўтамабіль, гуляць у футбол і нават танцаваць.
Дзякуючы намаганням душпастыра на працягу некалькіх гадоў для дзяцей ладзіўся інтэграцыйны адпачынак у лагеры ў Нецечы (дэканат Ліда). Удзельнікі супольнасці мелі магчымасць прымаць удзел у пілігрымках па святых месцах Беларусі і Польшчы. “Мы з жонкай стараемся ездзіць заўжды, калі ў душпастырстве штосьці арганізуецца, – распавядае Станіслаў Абуховіч. – Былі ў Чанстахове, у Тракелях… Шмат у якіх касцёлах! Пазнавалі іх гісторыю, разам маліліся. Я вельмі рады, што ў нас ёсць такая магчымасць павандраваць, убачыць свет”.
За гэты час людзі больш адкрыліся, пачулі сябе ў супольнасці вальней. “Сёння ўдзельнікі душпастырства ўсё часцей прыходзяць у закрыстыю з пытаннямі. Гэта для іх адзін са шматлікіх спосабаў вырашыць свае праблемы, якія датычаць не толькі духоўнага жыцця, але і нейкіх момантаў у працы, у сям’і, – распавядае кс. Валерый. – Вельмі важна, што ў душпастырстве добра дзейнічае апостальская місія. Пра ўсё тое, аб чым удзельнікі супольнасці даведваюцца падчас сустрэч, яны дзеляцца з іншымі”.
Несапсаваная шчырасць
На дадзены момант у Гродне пражывае каля тысячы асоб з парушэннем слыху (каталіцкага веравызнання). Усе яны ведаюць адзін аднаго ў твар. Як адзначае кс. Валерый, гэта замкнёная прастора, “асобная дзяржава, якая трымаецца разам”. “Да іншых людзей яны звычайна адносяцца насцярожана, – заўважае ксёндз. – Ведаюць, што іх могуць падмануць, бо не раз сутыкаліся з гэтым. Дарэчы, той, хто хоць аднойчы падмануў гэтых людзей, губляе іх давер назаўсёды. Затое калі яны давяраюць, то цалкам і да канца. Часта адзін аднаму перадаюць: «Гэтаму чалавеку можна давяраць»”.
У кожнай краіне існуе свая жэставая мова, і некаторыя паняцці могуць паміж сабой адрознівацца. Напрыклад, “любоў” на рускай жэставай мове перадаецца плаўным рухам ад вуснаў да сэрца, на польскай – скрыжаваннем кісцей, сціснутых у кулакі. Такім чынам, польскае “любоў” больш падобнае да рускага “нябожчык”.
Але глухія паміж сабой усё роўна знаходзяць агульную мову. Калі нешта не разумеюць, перапытваюць адзін аднаго.
Святар дзеліцца, што, з аднаго боку, у супольнасць такіх людзей цяжка ўваходзіць, бо прасцей усё ж разумееш таго, з кім размаўляеш на адной мове. З другога боку, як былы душпастыр ён хоча адзначыць іх амаль стоадсоткавую паслухмянасць. “Калі гаворыш, напрыклад, што трэба прыйсці да споведзі ў 3-юю нядзелю Вялікага посту, у гэты дзень усе будуць стаяць у чарзе да канфесіянала. Кагосьці не заўважаю ў касцёле – разумею, што чалавек, хутчэй за ўсё, захварэў, бо зазвычай маюць прывычку загадзя падысці і адпрасіцца, – гаворыць кс. Валерый. – Калі хтосьці мяркуе, што з-за пэўных абмежаванняў вера такіх людзей павярхоўная, то ён моцна памыляецца. Мне здаецца, яны вераць вельмі глыбока. Сёння мы можам арганізоўваць усяночныя канцэрты праслаўлення, але нам цяжка выседзець цэлую ноч у цішыні, каб сустрэцца з Богам сам-насам. А яны папросту жывуць у гэтай цішыні…”.
Цікавасць да жэставай мовы
Святар распавядае, што сёння дзецям усё часцей ужыўляюць слухавы імплант, які адкрывае ім свет гукаў. Па гэтай прычыне колькасць удзельнікаў у душпастырстве не расце. Дзеці адаптуюцца да новага жыцця і ўжо духоўна развіваюцца пры сваіх парафіях. У супольнасці застаюцца толькі глухія. “Яны могуць жыць у розных канцах горада, а разам збірацца на сустрэчах душпастырства. Гэта выдатная магчымасць для камунікацыі, чаго ім зазвычай так не стае, – гаворыць ксёндз. – Сустракаюцца ўдзельнікі супольнасці рэгулярна, па нядзелях”.
Гарантыяй таго, што душпастырства не прыпыніць сваю дзейнасць, з’яўляецца клопат пра будучыню прафесійных кадраў. На працягу некалькіх гадоў у гродзенскай семінарыі праводзіцца факультатыў па вывучэнні жэставай мовы. Некаторыя клерыкі цікавяцца ёй і наведваюць заняткі, а пасля прымяняюць свае веды падчас св. Імшы для глухіх.
Кс. Валерый, які выкладае факультатыў, падкрэслівае, што жэставая мова патрабуе неадкладнай практыкі: “Няма сэнсу ў адной толькі тэорыі. Паўгады, год – і ўсё забудзецца”.
Сёння ў Гродзенскай дыяцэзіі жэставай мовай валодаюць кс. Валерый Лісоўскі, кс. Віталій Дабраловіч, кс. Ян Кузюк. З нядаўняга часу душпастырствам глухіх у Гродне апекуецца кс. Ян Кузюк, які змяніў на пасадзе шматгадовага душпастыра супольнасці кс. Валерыя Лісоўскага.
Сёлета дыяцэзіяльнаму душпастырству глухіх у Гродне – першаму на тэрыторыі Беларусі – споўнілася 20 гадоў.
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"