Пасля доўгага чакання настаў момант, жаданы для кожнага семінарыста. Трое навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі перажылі адзін з найважнейшых дзён на шляху семінарыйнай фармацыі – дзень атрымання сутаны.
Сутана заўсёды робіць відавочным, што тыя, хто вучыцца ў семінарыі, рыхтуюцца быць бачным знакам Бога ў свеце. Апрананне сутаны – знешняе пацвярджэнне гэтага. З гэтага часу тыя, хто яе апранае, будуць бачным знакам жывой супольнаці Касцёла, як тыя, хто належыць да духавенства. Пра тое, як яны падрыхтаваліся да гэтай узнёслай падзеі і чым для іх з’яўляецца духоўная вопратка, распавялі нашы семінарысты.
Сутана – заклік, каб прыпадобніцца да Хрыста
Семінарыст Андрэй Юхнік:
“Прыняцце сутанны – важная падзея для кожнага семінарыста, і для мяне не выключэнне. Радасць, якую я перажыў, перапаўняе мяне. Я ўдзячны Богу за гэты цудоўны дар – дар паклікання да святарства. Кожны год вучобы ў семінарыі заклікае да новых перажыванняў і духоўных дасягненняў. Але прыняцце сутаны – нешта асаблівае. Гэта заклік не толькі змяніць знешні выгляд, але ў першую чаргу засяродзіцца над сваім пакліканем і з усіх сіл старацца прыпадобніцца да Хрыста Добрага Пастыра, а таксама ўсталяваць цесны кантакт з Ім.
Дзеля гэтага семінарысты перад кожным новым навучальным годам перажываюць рэкалекцыі, каб умацаваць сваю веру і сувязь з Езусам. Для мяне гэтыя рэкалекцыі былі магчымасцю добра падрыхтавацца да сваёй маленькай урачыстасці. Штодзённая святая Імша, канферэнцыі, разважанні над Святым Пісаннем, Ружанец, Вяночак, адарацыі, Крыжовы шлях і, вядома, споведзь – усё гэта добра спрыяла таму, каб умацаваць сваю сувязь з Хрыстом.
Час рэкалекцый праляцеў нібыта хутка, але апошняя ноч перад “аблучынамі”, мне здавалася, доўжылася вечнасць. Але прыйшоў час. Адчыніліся дзверы сакрыстыі, уся капліца паварочваецца, каб паглядзець на нас. У гэты момант эмоцыі перапаўняюць цябе. Ты бачыш слёзы радасці сваёй маці, падтрымку ў вачах бацькі, зацікаўленыя вочы сяброў і ўсмешку на вуснах святароў і старэйшых братоў. Такое трэба перажыць!
У гэты момант ты адчуваеш адказнасць як за сябе, так і за тых, хто за цябе хвалюецца. Цяпер ты нясеш адказнаць за свае паводзіны і словы, бо на цябе глядзяць, як на сведка прыналежнасці да вучняў Хрыста. Але, як сказаў наш рэктар ксёндз Віталій Вайцяхоўскі на заканчэнне св. Імшы ў дзень “аблучын”: “Духоўная вопратка перарастае нас усіх, і мы павінны старацца дарасці да яе”, – гэта нялёгкая мэта, але дасягальная. Дасягальная з дапамогаю Божай ласкі, малітвы і падтрымкі святой Багародзіцы, Маці ўсіх святароў”.
Сутана – добры сродак для евангелізацыі
Семінарыст Віталій Гурэц:
“Сутана для мяне з’яўляецца вялікім дарам, дарам, які немагчыма заслужыць. Перад святой Імшой я вельмі хваляваўся, але ўсе хваляванні зніклі пасля таго, як я ўжо апрануў сутану і далей удзельнічаў у Імшы. Падчас яе я дзякаваў Пану Богу за дар паклікання і папрасіў благаслаўлення на далейшую вучобу.
Гэтым летам я быў на рэкалекцыях у кляштары камедулаў у Бенешаве (Польшча). Камедулы вядуць суровы лад жыцця, дзе спалучаецца элемент самотнага, пустэльнага жыцця і супольнага. Гэта былі для мяне сапраўдныя рэкалекцыі! Праграма кожнага іх дня вельмі падобная да рэкалекцый: малітва, праца, маўчанне… Там я прасіў Пана Бога аб дарах Святога Духа, прасіў Маці Божую, каб Яна дапамагла мне, каб Яна была са мной у дзень, калі я буду апранаць сутану, і прасіў прабачэння за свае грахі і дрэнныя ўчынкі, прасіў Яе, каб я заставаўся Ёй верным і далей.
Лічу, што сутана – вельмі добры сродак для евангелізацыі, тут нічога не трэба выдумваць, проста апрануць і прайсціся па горадзе. Сутана мне нагадвае, што я з’яўляюся вучнем Езуса Хрыста. Нагадвае мне, што Ён мяне выбраў з тысячы і я павінен насіць сутану годна.
Маючы права нашэння сутаны, я ўпэўнены, што павінен сведчыць пра Бога, і прыкладам можа быць звычайная прагулка па горадзе”.
Духоўная вопратка – “скачок” да вялікай мэты
Семінарыст Артур Вільнеўчыц:
“Перш за ўсё хацелася б сказаць, што духоўная вопратка для мяне – велізарны крок, “скачок”, да вялікай мэты, да якой я імкнуся, – святасць у святарстве.
Натуральна, падрыхтоўка да такой падзеі суправаджалася малітвай і, прызнаюся, бяссоннымі начамі. Яшчэ нават не атрымаўшы духоўнае адзенне, я адчуваў, якая вялікая адказнасць на мяне ўпадзе, якое намаганне трэба будзе прыкласці і прыкладваць, каб потым хоць на 15% я быў гатовы да нашэння гэтай вопраткі.
І, натуральна, у такія моманты незаменнымі лекамі з’яўляецца падтрымка сабратоў: бясконцыя разважанні і дыскусіі на гэтую тэму, сказаныя на дарогу словы, раздзяленне бясцэннага вопыту старэйшых сабратоў.
Атрымаўшы духоўную вопратку, я дзякаваў Пану, а асабліва нашай Маці Марыі (бо адбылося гэта ў вельмі сімвалічны дзень – Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі), якая падтрымлівала мяне і падтрымлівае на працягу гэтага шляху да святарства.
Ну, а ўвогуле, “мора па калена”, калі ты з Богам!”
***
Богу няхай будзе хвала за чарговых сведкаў нашай веры, якія на шляху да мэты семінарыйнай фармацыі змянілі свой выгляд і з гэтай хвіліны будуць адназначна атаясамлівацца са святарскім пасланніцтвам Езуса.
Яны нібы ўсё яшчэ застаюцца тыя самыя, аднак ужо іншыя. Іх новая вопратка – не крык моды: ужо шмат гадоў менавіта такія простыя і сціплыя сутаны сімвалізуюць Хрыста. Праз іх штодзённае нашэнне яны будуць сведчыць пра Хрыста, але не толькі гэтым адзеннем, а найперш сваім жыццём.
Апрануўшы сутану, яны мусяць найперш апрануцца ў любоў і дабрыню. Бо з сутанай у людзей найчасцей асацыюецца дабро, любоў, лагоднасць і цярплівасць. “Аблучыны” – гэта не толькі адзенне. Гэта новая ментальнасць. Духоўнай павінна быць не толькі вопратка, а перш за ўсё сэрца, размовы, жэсты і паводзіны.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Тамаш Мікалайчык, семінарыст