Айцоў паўлінаў можна пазнаць па белым хабіце, які ўказвае на суровасць манаскага жыцця, прысвечанага Пану Богу. Айцы вядуць душпастырскую дзейнасць у Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, многіх краінах Еўропы: Венгрыі, Польшчы, Харватыі, Украіне, Латвіі, Славакіі, Чэхіі, Германіі, Францыі, Англіі, Іспаніі, Румыніі. З 1993 года яны служаць таксама ў Беларусі. На працягу 25-ці гадоў нясуць паслугу ў парафіях Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і св. Ганны ў Варончы (дэканат Навагрудак).
Сёння а. Юрый Саковіч OSPPE распавядае пра пачаткі паўстання Ордэна Святога Паўла – Першага Пустэльніка (паўлінаў), яго харызму і ікону “Чорнай Мадонны”, якая моцна паўплывала на марыйную форму духоўнасці як саміх айцоў ордэна, так і шматлікіх вернікаў цэнтральнай і ўсходняй Еўропы.
– А. Юрый, як паўстаў ордэн айцоў паўлінаў? З якога часу вядзецца яго гісторыя?
– Зараджэнне ордэна цесна звязана з вянгерскай зямлёй і адносіцца да ХІІІ стагоддзя. Праводзячы аднойчы візітацыю ў сваёй дыяцэзіі, біскуп Барталамей сустрэў шмат пустэльнікаў. Ён быў моцна ўражаны суровым і цнатлівым жыццём манахаў. У 1225 годзе сабраў разам разрозненых пустэльнікаў і склаў для іх першы часовы збор правіл, які акрэсліваў жыццё ў кляштары накшталт статута бенедыкцінцаў: фізічная праца, малітва, абмежаванае апостальства.
У 1308 годзе кардынал Генціліс, легат папы Клімента V, афіцыйна зацвердзіў Ордэн Святога Паўла – Першага Пустэльніка. Праз год былі зацверджаны першыя манаскія статуты. Ордэн распаўсюдзіўся ў Венгрыі і на Балканскім паўвостраве, у Польшчы, Аўстрыі і Германіі, быў вядомы таксама ў Італіі, Францыі, Іспаніі і Партугаліі, адкуль трапіў у Паўночную Амерыку разам з першымі піянерамі хрысціянства.
З Венгрыіі ордэн паўлінаў распаўсюдзіўся на тэрыторыю Харватыі, дзе ўзнікла каля 50-ці кляштараў, а ў Рэметэ паўстаў першы марыйны санктуарый ордэна. У Харватыі ўпершыню быў уведзены паўлінскі брэвіярый і Імшал. Паўліны арганізоўвалі ўласныя школы і ўніверсітэт. З ордэна выходзілі біскупы і нават 1 кардынал – мучанік. Піку развіцця ордэн паўлінаў дасягнуў у XVI стагоддзі, калі ў краінах Еўропы, а таксама ў Палестыне і Егіпце ў 8-мі правінцыях існавала 300 кляштараў. Сёння ордэн налічвае больш за 70 кляштараў і 600 членаў манаскай супольнасці.
– На чым палягае харызма ордэна айцоў паўлінаў?
– Асаблівай харызмай ордэна з’яўляецца культ Багародзіцы, які выражаецца галоўным чынам у Яе перайманні ў справе ўласнага асвячэння і ў апостальскай дзейнасці. Яшчэ першыя паўлінскія айцы пустэльнікі паглыбляліся ў жыццё Пана Езуса разам з Марыяй, Яго Маці, бо лічылі, што значна лепш можна ўспрыняць Хрыста, Яго словы, учынкі і жэсты “ў супрацоўніцтве” з Тою, якая найлепш і найбольш поўна прыняла Збаўцу. Молячыся да Маці Божай, мы праходзім катэхізацыю Найсвяцейшай Панны Марыі, якая вучыць не апускаць рукі, працягнутыя да Нябеснага Айца.
– Самым вядомым кляштарам і духоўным цэнтрам ордэна айцоў паўлінаў з’яўляецца Яснагорскі санктуарый у Польшчы. Ён вядомы на ўвесь свет тым, што на гэтых землях захоўваецца адна з найвялікшых хрысціянскіх святынь – ікона “Чорнай Мадонны”…
– Так, Яснагорскі санктуарый Маці Божай Чанстахоўскай у Польшчы аказаў вялікі ўплыў на марыйную форму духоўнасці як саміх айцоў ордэна, так і вернікаў цэнтральнай і ўсходняй Еўропы. Св. папа Ян Павел ІІ у адным з казанняў перад цудоўным абразом зазначыў, што “ласка Яснай Гары стала агульнай харызмай усяго ордэна”. Можам назіраць, што не спыняюцца і шматлікія пілігрымкі вернікаў з розных куткоў свету да іконы Маці Божай, каб выпрасіць у Яе неабходныя ласкі. Людзі шчыра вераць у заступніцтва “Чорнай Мадонны”. Дарэчы, айцы паўліны, якія служаць у Беларусі, маюць звычай, куды б яны не накіроўваліся, браць з сабою чанстахоўскую ікону, каб Маці Божая з Яснай Гары заўсёды была з імі побач.
– Хто з’яўляецца для айцоў паўлінаў годным пераймання прыкладам манаскай святасці?
– Першы хрысціянскі манах св. Павел з Тэба, які жыў на памежжы далёкіх ІІІ–ІV стагоддзяў. Са 113-ці гадоў жыцця 91 год ён правёў у пустэльніцтве, у малітве, пакаянні і адзіноце. “Сам-насам з Богам” – гэтыя словы па прыкладзе св. Паўла сталі дэвізам і заклікам для кожнага белага манаха. Хоць святы і не з’яўляецца фармальным заснавальнікам нашага ордэна і яго фундатарам, шмат звязваем з яго асобай. Перадусім, трэба зазначыць, што сам ордэн носіць назву на ўзор яго імені – паўліны, Ордэн Святога Паўла – Першага Пустэльніка (Ordo Sancti Pauli Primi Eremitae).
У біяграфіі святога гаворыцца, што ён штодзённа атрымліваў ад Бога паўбохана хлеба, які прыносіў таму воран. Гэтае сілкаванне “нябеснай” ежай заахвочвае айцоў паўлінаў да асаблівай адарацыі Езуса Эўхарыстычнага. Адсюль вынікае і наступная рыса харызмы нашага ордэна – жыць Эўхарыстыяй.
Да характарыстык харызмы ордэна айцоў паўлінаў таксама адносяцца сузіранне Бога ў адзіноце, любоў да літургічнай малітвы і пакаяння, душпастырская дзейнасць як служэнне пілігрымуючаму Божаму люду.
– Распавядзіце, калі ласка, пра пачаткі дзейнасці айцоў у Беларусі. Дзе былі закладзены першыя пляцоўкі для іх служэння? Што прыемна ўразіла ў Касцёле ў Беларусі?
- Першыя на тэрыторыі Беларусі айцы паўліны непрацяглы час служылі пры гродзенскай катэдры, а таксама ў парафіях у Ваўкавыску і Новым Двары. На працягу 25-ці гадоў айцы нясуць паслугу ў Карэлічах і Варончы. Тут сёння заняты душпастырскай дзейнасцю 3 манахі: а. Леанард Адушкевіч, а. Ануфрый Альховік і я.
Канкрэтна я прыехаў у Беларусь 13 гадоў таму. Увесь гэты час захапляюся жывой верай тутэйшых людзей. Яны актыўныя, адгукаюцца на чужую бяду, дапамагаюць адзін аднаму. Мы разам адчуваем сябе як адна сям’я! Парафіі ў нас невялікія (у Карэлічах – 140 парафіян, у Варончы – 109), але амаль усіх вернікаў заўсёды можна ўбачыць у касцёле. Называем нашу святыню “санктуарыем жыцця”, бо бачым, што Бог ніколі не пакідае. Неаднаразова ўпэўніваліся, што Найвышэйшы падтрымлівае нас сваёй ласкай. Мелі шчасце, напрыклад, вымаліць дзіця для сям’і, якая доўга не магла зачаць. Дарэчы, амаль палова парафіян задзейнічана ў акцыі “Духоўнае ўсынаўленне”. Лічу гэта вялікім дасягненнем і нават цудам для парафіі! Малюся і прашу Бога, каб гэтая вера жыла, каб людзі ніколі не здраджвалі Хрысту. А мы, айцы паўліны, будзем імкнуцца і надалей рабіць усё магчымае, каб наталяць голад вернікаў па Богу.
З нагоды ўрачыстасці 25-годдзя прысутнасці ордэна паўлінаў у Беларусі ў Карэлічах і Варончы айцы дзякуюць Пану Богу і Багародзіцы, Маці і Каралеве, св. патрыярху Паўлу і ўсім святым ордэна за тое, што пустыня манаскага жыцця, якую па волі Нябеснага Айца яны маюць удабраць праз сузіранне і жыццё ў самотнасці, праз працу і адрачэнні, праз абвяшчэнне Евангелля і даванне сведчання веры і новага жыцця ў Хрысце па ўсім свеце, прыносіць плён.
Святкаванне ўрачыстасці 25-годдзя прысутнасці ордэна паўлінаў у Беларусі адбудзецца:
28 чэрвеня ў Карэлічах (у свята Маці Божай Нястомнай Дапамогі, галоўнай заступніцы парафіі), 26 ліпеня ў Варончы (у дзень успаміну св. Ганны, галоўнай заступніцы парафіі), 26 жніўня ў Карэлічах (у свята Маці Божай Чанстахоўскай, заступніцы і асаблівай апякункі ордэна).
Айцы паўліны сардэчна запрашаюць вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі наведаць паўлінскую пустэльню ў любы зручны час.
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"