Традыцыя падрыхтоўкі пальмаў на Пальмовую нядзелю існуе даўно і практыкуецца ў многіх касцёлах. Вельмі часта такія пальмы ў парафіях вырабляюць валанцёры, а ў Пальмовую нядзелю прадаюць. Сродкі ад продажу прызначаны на арганізацыю душпастырскіх акцый, якія адбываюцца ў парафіях.
У парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) таксама тры гады існуе традыцыя падрыхтоўкі пальмаў. Пры гэтай традыцыі вельмі важныя тры элементы: благаслаўленне пробашча, нарыхтоўкі і асоба, якая кіруе гэтым праектам.
Першы раз сабраныя ад продажу сродкі былі прызначаны на дзіцячую паездку. Апошнія два гады грошы скіраваны на будаўніцтва касцёла.
Як адзначаюць валанцёры, што прысвячаюць свой час на выраб пальмаў, сама ідэя гэтага мае вельмі глыбокі сэнс і ў гэтым працэсе галоўную ролю адыгрываюць не грошы, а пачуццё адказнасці за сваю парафію.
Сам працэс нарыхтовак і вырабу пальмаў паказвае, наколькі людзі бываюць адданыя Богу, а прабыванне разам з’ядноўвае людзей, адкрываючы ў іх тое, чаго ў сучасным свеце не хапае – ахвярнасць, пастаянства, вернасць і адказнасць за тое, што робяць.
На такую бясплатную і неперспектыўную працу згаджаюцца адзінкі, але яны дакладныя. У гродзенскай парафіі Святога Духа таксама сабралася група такіх вернікаў, якія рупліва прысвячаюць час гэтай справе. Галоўны ініцыятар акцыі – Крыстына Лісай, якая дае традыцыі энергію і жыццё. Іншыя жанчыны з лета робяць нарыхтоўкі: сеюць і сушаць сухацветы, каласы і розныя травы, усю зіму скручваюць кветкі з паперы. Затыя іншыя асобы рыхтуюць пальмовыя галінкі. У працэс уключаюцца памочнікі, якія па-свойму робяць унёсак у гэтую традыцыю, якая рыхтуе да галоўнай падзеі – Уваскрасення Хрыста.
Нядзеля Мукі Пана (Пальмовая) у гэтым годзе прыпадае на 25 сакавіка. Яна распачынае Вялікі тыдзень. У гэты дзень у касцёлах асвячаюцца пальмы, якія з’яўляюцца сімвалам трыумфу, але таксама мукі, і сімвалам несмяротнасці душы. Таму ў іканаграфіі святыя мучанікі прадстаўлены менавіта з пальмовымі галінамі. Па гэтай прычыне пальма часта з’яўляецца і на некралогах – як сімвал адкуплення і прадказанне раю пасля смерці.
У нашай традыцыі велікодныя пальмы рыхтуюцца з галінак вярбы, што таксама сімвалізуе жыццё, жыццёвыя сілы і прыроду, якая абуджаецца да жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч