На працягу 25-ці гадоў у Сапоцкіне нясуць паслугу манахіні з Кангрэгацыі Дачок Маці Божай Балеснай (серафіткі). Яны клапоцяцца пра касцёл, праз катэхезу набліжаюць дзяцей і моладзь да Бога, апекуюцца і дапамагаюць адзінокім, убогім, патрабуючым людзям. Сёння гэтымі абавязкамі ў парафіі занятыя с. Эўхарыя Хульбуй, с. Гарэцці Міленкевіч і с. Юліта Пятрова. Сёстры серафіткі распавядаюць пра тое, як прыбылі ў Беларусь і што лічаць найважнейшым у рэалізацыі свайго паклікання.
Пачаткі служэння ў Беларусі
Яны былі складанымі. Мы прыехалі ўдзвёх у 1990 годзе і распачалі працу на Віцебшчыне, у Дуніловічах. Касцёл там быў зруйнаваны, вернікаў было зусім мала. Шукалі людзей, размаўлялі з імі ў парках, крамах, школе, на плошчах – і рэлігійнае жыццё паступова адраджалася. Трэба адзначыць, што ў той час асобы, якіх мы сустракалі, былі ўспрымальнымі, шукалі Бога і імкнуліся да Яго.
Праз 2,5 гады працы на Віцебшчыне мы прыехалі ў Гродзенскую дыяцэзію, у Сапоцкін. Тут было значна лягчэй. Аднак таксама трэба было шмат папрацаваць, каб заваяваць аўтарытэт сярод людзей. Спачатку “збіралі” дзяцей: хадзілі па дамах, тлумачылі абавязковасць сістэматычнага пазнання Бога на катэхезе. Трохі пазней арганізавалі малітоўныя групы. Некаторыя з іх існуюць да гэтага часу.
Кангрэгацыя Дачок Маці Божай Балеснай (серафіткі) узнікла ў 1881 годзе. Заснавана ў Закрочыме (Польшча) бл. а. Ганаратам Казмінскім OFMCap і бл. Малгажатай Шэўчык. Паслуга сясцёр скіравана на карысць несамастойных людзей, невылечна хворых, пажылых асоб і дзяцей-інвалідаў. Серафіткі таксама працуюць катэхеткамі, медсёстрамі, выхавацельніцамі ў дзіцячых садках, канцылярысткамі, арганісткамі, закрыстыянкамі. Манаская супольнасць мае свае місійныя пляцоўкі ў Габоне і Балівіі. Сёстры нясуць паслугу таксама ў ЗША, Францыі, Швецыі, Італіі, Беларусі і на Украіне.
Сапоцкін – горад нашай любові
Гэта невялікае маляўнічае мястэчка, якое размяшчаецца паміж пагоркамі, акружанае азёрамі і прыгожай зелянінай. Мы спяваем пра яго так: “Сапоцкін – горад маёй любові, Сапоцкін – слаўны сваёй гасціннасцю, Сапоцкін – гэта сэрца на далоні, раздаваемае ўсім навокал”. І ўсё сапраўды так.
Тут жывуць простыя, высакародныя, добрыя людзі. Жывуць небагата, але адкрываюцца на больш патрабуючых, чым яны самі, і спяшаюць ім на дапамогу, праяўляюць гасціннасць і ахвярнасць, любяць малітву. Шануюць традыцыі і берагуць культуру, кахаюць Бога, Касцёл. Клапоцяцца аб знешнім выглядзе святыні, прыбіраюць яе, рамантуюць, даглядаюць агародзік пры касцёле, прыносяць кветкі. Далучаюцца да кожнай парафіяльнай ініцыятывы. Вельмі любяць ездзіць у пілігрымкі, падчас якіх добра інтэгруюцца. Ахвотна прымаюць удзел у прадстаўленнях, падрыхтаваных сёстрамі, дзецьмі і моладдзю.
На сённяшні дзень наша парафія налічвае каля 3-ох тысяч вернікаў. Тут служаць 3-ое святароў і 3 манаскія сястры.
Харызма супольнасці
Паслуга серафітак усюды падобная – дзе ўбогія, адзінокія, згубленыя (тыя “меншыя”), там стараецца быць сястра з нашай супольнасці, каб занесці любоў Стварыцеля патрабуючым. “Працу сярод бедных і хворых лічым асаблівым дарам Божым для нашай супольнасці”, – гаворыцца ў Канстытуцыі Кангрэгацыі.
Для сястры серафіткі служэнне ўбогім знаходзіцца на першым месцы. Вельмі важнае значэнне таксама маюць яе асабістыя адносіны да патрабуючага чалавека. Па меры сваіх магчымасцей кожная сястра шукае спосабы, каб схіліцца над убогім. Не заўсёды яна выконвае гэтую канкрэтную паслугу, аднак заўжды мае магчымасць малітвы і ахвяравання свайго цярпення за патрабуючых.
Я нарадзілася ў Номіках, непадалёк ад Кузніцы Беластоцкай. Была старэйшай сярод дзяцей, мела 6 сясцёр і брата.
У нашай сям’і не было нядзелі без св. Імшы. Пасля Эўхарыстыі бацькі пыталіся, аб чым было Евангелле і што ксёндз гаварыў падчас казання. Кожную раніцу мы прачыналіся на спеў Гадзінак, а вечарам разам адгаворвалі Ружанец, які ўзначальваў тата. Ва ўзросце 3-ох гадоў падчас душпастырскага візіту я спявала Гадзінкі. У Вялікім посце мы адпраўлялі дома набажэнства Песняў жальбы, па пятніцах – Крыжовы шлях, на які прыходзілі суседзі. Мая сям’я не была надта заможнай, але бацькі стараліся зрабіць нас адчувальнымі да патрэб іншых і пацвярджалі гэта на ўласным прыкладзе, падтрымліваючы бяднейшых за сябе.
Я была складаным дзіцём, мела тысячы задум у хвіліну. Магла ўвесь клас сарваць з урока, каб пайсці на парафіяльны адпуст. Зімой знакам таго, што вярнулася школы, быў пакінуты на ганку рукзак, а сама я да вечара гойсала на катку на каньках або ў гарах на лыжах. Куртка была мокрай да наступнага дня, а чаравікаў хапала адно на 2 тыдні. Мама часта казала: “Што з цябе вырасце?”.
Ужо ў 5-ым класе я думала аб тым, каб пайсці ў кляштар. Але як з такой “стыхіяй” справяцца ў супольнасці? Калі расказала аб сваім намеры маме, яна адказала: “Дзіця, ты б гэты кляштар разнясла. Не, ты не падыходзіш для манаства”.
“Складана”, – падумала я тады, але пастанавіла, што буду прасіць Езуса, каб сфарміраваў мяне, змяніў, адарыў ласкай. Пачала таксама працаваць над сабой. Па вечарах закрывалася ў пакоі і горача малілася аб ласцы перамены і манаскага паклікання. Падчас кожнай св. Імшы ў момант пераісточання прасіла аб дары перамены і кожную малітву заканчвала просьбай, каб стаць сястрой, калі на гэта ёсць Божая воля.
Ва ўзросце 16-ці гадоў я накіравалася ў супольнасць серафітак, і была прынятая. Увесь час дзякую Пану, што паклікаў мяне, адарыў і нястомна адорвае ласкамі. Цяпер мне думаецца, што ў кляштары не павінны быць толькі самыя прыгожыя, самыя лепшыя і самыя спакойныя дзяўчаты. Доказам гэтаму з’яўляюся я. Пан Бог здольны пісаць роўна на крывых лініях. Яму хвала на вякі.
Служэнне хворым, церпячым і пакінутым, спадарожнічанне гэтым асобам у іх нялёгкай штодзённасці, падтрымка ў адзіноце, бездапаможнасці, уздыманне на духу, калі няма нікога, хто б іх выслухаў, выцер слёзы, прынёс надзею – вось, што з’яўляецца радасцю для мяне. Цешуся, калі бачу ў вачах адзінокай асобы іскрынку радасці з-за таго, што я наведала яе, а таксама калі мне дадзена быць побач з такімі людзьмі, нейкім чынам спадарожнічаць ім у апошнія моманты жыцця. Цешуся, калі людзі, якія згубіліся або жывуць у несакраментальных саюзах ці залежаць ад дрэнных звычак, вяртаюцца ці спрабуюць вярнуцца на правільны шлях, калі з Божай дапамогай прабачаюць даўнія траўмы. Цешуся, калі бачу сваіх былых вучняў, як яны, ужо будучы бацькамі, прыводзяць сваіх дзяцей да Бога, жывуць Евангеллем і даюць сапраўднае сведчанне хрысціянскага жыцця. Я ўдзячна Пану за кожнага чалавека, якога сустракаю, і малюся, каб мы разам былі калісьці ў Небе.
Цешуся таксама кожным перажытым днём, кожнай Эўхарыстыяй, падчас якой штодзённа вучуся разам з Хрыстом аддаваць сябе ў дары і быць у Яго распараджэнні. Езус – мая моц, любоў, матывацыя, Дарога, Праўда і Жыццё. Не аднойчы Бог – патрабавальны Айцец – вядзе вельмі цяжкай дарогай, але таксама падтрымлівае ў кожную хвіліну. У Ім, з Ім і праз Яго я моцная. “Усё магу ў Тым, хто мяне ўзмацняе!” (Філ 4, 13).
Кс. Юрый Марціновіч і Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"