У першыя стагоддзі хрысціянства грабніцы апосталаў Пятра і Паўла ў прававой, кананічнай мове называліся “limina Apostolorum”, што даслоўна азначае “парогі Апосталаў”, дзе парогі належыць разумець як уваход у базылікі, у якіх гэтыя грабніцы знаходзіліся.
Пачаткі візіту
След першага візіту ad limina знаходзім ужо ў Новым Запавеце, у Пасланні св. Паўла да Галатаў, дзе чытаем: “Праз чатырнаццаць гадоў я зноў пайшоў у Ерузалем (…). І Евангелле, якое прапаведую язычнікам, я выклаў сам-насам паважаным асобам, каб не аказалася, што я бегаю ці бегаў дарэмна” (Гал 2, 1-2).
Абавязак цыклічнага наведвання біскупамі грабніц апосталаў Пятра і Паўла і сустрэчы з гэтай нагоды з Папам, з мэтай братэрскай размовы на тэму служэння ў давераных ім дыяцэзіях, старажытны і бярэ пачатак у часах Папы Захарыі. Дэкрэтам ад 743 г. ён усклаў такі абавязак на біскупаў.
У ранейшыя часы біскупы здзяйснялі візіты ad limina кожныя тры гады. З цягам часу, калі колькасць дыяцэзій у свеце павялічвалася, біскупы еўрапейскіх краін былі абавязаны да такога візіту кожныя пяць гадоў, а з іншых кантынентаў – кожныя 10 гадоў. Сёння такія візіты павінны адбывацца кожныя пяць гадоў, што рэгулюе Кодэкс Кананічнага Права ў канонах 399 i 400.
Кодэкс Кананічнага Права (кан. 399) абавязвае кожнага дыяцэзіяльнага біскупа здаваць справаздачу Папу з даверанай яму дыяцэзіі. Таму візіт ad limina Apostolorum (“Візіт да апостальскіх парогаў”) павінен адбывацца кожныя пяць гадоў, хоць гэта не правіла, з якога няма выключэнняў. Апошні візіт ad limina біскупаў Беларусі праходзіў у 2009 г.
Мэты візіту
Мэты візіту ad limina Apostolorum прадстаўляе Апостальская канстытуцыя Яна Паўла ІІ “Pastor Bonus” 1988 г., якая падае тры галоўныя пункты гэтага: пілігрымка і ўшанаванне грабніц святых апосталаў Пятра і Паўла, сустрэча з Біскупам Рыма, сустрэчы і размовы ў дыкастэрыях Рымскай Курыі на тэмы, што датычаць дыяцэзіі.
З 2017 г. падчас ad limina няма сустрэч Папы з асобнымі біскупамі і яго афіцыйных прамоў. Пантыфік прымае епіскапат у поўным складзе і размаўляе з іерархамі спантанна за зачыненымі дзвярыма.
Падчас візіту ad limina, акрамя наведвання базылікі св. Пятра і св. Паўла за Мурамі, існуе таксама звычай цэлебрацыі святых Імшаў у дзвюх іншых Вялікіх базыліках – св. Яна на Латэране і святой Марыі Вялікай (Санта-Марыя-Маджорэ).
Падрыхтоўка да візіту
Kожная дыяцэзія папярэдне мусіць пераслаць у Апостальскую Сталіцу спецыяльную справаздачу з жыцця дыяцэзіі, перакладзеную на італьянскую мову, якая ў сваёй структуры адпавядае зацікаўленасцям асобных ватыканскіх дыкастэрый.
Апостальскую Сталіцу цікавіць рэлігійная сітуацыя дыяцэзіі, арганізацыя дыяцэзіі, служэнне біскупа, хрысціянскае і літургічнае жыццё, каталіцкае выхаванне, катэхеза, духавенства, манаскія супольнасці, місіянерства, сям’я, фармацыя вернікаў і іх удзел у грамадскім жыцці, культура, грамадскія справы, служба аховы здароўя, экуменізм, іншыя рэлігіі і праблема сектаў, медыя, “Карытас” і дапамога бедным, імігранты і душпастырства для іншаземцаў, мастацкія і гістарычныя каштоўнасці Касцёла, эканамічная сітуацыя дыяцэзіі, а таксама перспектывы на будучыню.
Дакумент рыхтуецца такім чынам, што асобныя пытанні ў ім падзелены і папярэдне апрацаваны тымі асобамі ў дыяцэзіі, якія адказныя за дадзеную праблематыку: напр., рэктар духоўнай семінарыі – за падрыхтоўку кандыдатаў да святарства, прэс-сакратар дыяцэзіі – за медыя, дырэктар дыяцэзіяльнага “Карытас” за праблематыку клопату аб бедных і г.д.
Кс. Юрый Марціновіч