Кожны год застаецца ў памяці асаблівым чынам. У сэрцы пакідаюць след розныя падзеі: як кароткачасовыя, так і доўгатэрміновыя, як радасныя, так і сумныя. Усе яны маюць разнастайны ўплыў на жыццё, але збіраюцца ў адзін вялікі багаж, з якім крочым далей у будучыню. Давайце разам узгадаем, як гэты год адбіўся на жыцці дыяцэзіяльнай супольнасці.
Прапануем вашай увазе рэйтынг на аснове самых значных для Гродзенскай дыяцэзіі падзей, якія мелі месца ў 2017 годзе. Галоўныя здарэнні каментуе Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч.
ЧАЛАВЕК ГОДА: светлай памяці кс. Леанід Нясцюк
24 сакавіка адышоў у вечнасць пробашч парафіі ў Гервятах (дэканат Астравец) кс. Леанід Нясцюк. Гэта дзякуючы яго намаганням велічная мясцовая святыня была адноўлена, а вакол яе паўстаў унікальны ландшафтны дызайн. Сёння ён прыцягвае ўвагу шматлікіх айчынных і замежных турыстаў. З-за адметнай прыгажосці госці мястэчка празвалі Гервяты “жамчужынай Беларусі”, параўноваючы іх з маленькай Швейцарыяй ці французскім Версалем, а непасрэдна сам касцёл – “беларускім Нотр-Дамам”.
Даведка
Кс. Леанід Нясцюк нарадзіўся 24 мая 1955 года. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў з рук біскупа Людвікаса Павілоніса 22 мая 1982 года ў Каўнасе (Літва). З 1996 года служыў пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах. Памёр 24 сакавіка 2017 года. Цела спачылага святара пахавана каля мясцовага касцёла.
Смерць святара для дыяцэзіяльнай, а асабліва парафіяльнай супольнасці – гэта заўсёды вялікі боль. Але жыццё ідзе далей. Прыходзіць іншы душпастыр, які працягвае справу евангелізацыі. Трэба шчыра маліцца, каб у святарскія шэрагі ўступалі новыя асобы, якія праз некаторы час будуць годна працягваць распачатую справу. Вялікае шчасце, што Гродзенская дыяцэзія ў 2017 годзе ўзбагацілася яшчэ 3-ма святарамі. Імі сталі кс. Анджэй Ганчар з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, кс. Андрэй Бялаблоцкі з парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне і кс. Яўген Ціхан з парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе.
Смерць святара для дыяцэзіяльнай, а асабліва парафіяльнай супольнасці – гэта заўсёды вялікі боль. Але жыццё ідзе далей. Прыходзіць іншы душпастыр, які працягвае справу евангелізацыі. Трэба шчыра маліцца, каб у святарскія шэрагі ўступалі новыя асобы, якія праз некаторы час будуць годна працягваць распачатую справу. Вялікае шчасце, што Гродзенская дыяцэзія ў 2017 годзе ўзбагацілася яшчэ 3-ма святарамі. Імі сталі кс. Анджэй Ганчар з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, кс. Андрэй Бялаблоцкі з парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне і кс. Яўген Ціхан з парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе.
ВІЗІТ ГОДА: наведванне Гродна Апостальскім нунцыем у Беларусі
4–6 сакавіка гродзенцы ўпершыню віталі ватыканскага дыпламата арцыбіскупа Габара Пінтэра. Іерарх прыбыў з жаданнем пазнаёміцца з партыкулярным Касцёлам на Гродзеншчыне. У рамках візіту Апостальскі нунцый сустрэўся з каталіцкім і праваслаўным духавенствам, гарадскімі ўладамі, а таксама наведаў парафіяльныя супольнасці і пагутарыў з мясцовымі вернікамі.
10 лістапада, за дзень да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Беларуссю, папа Францішак прыняў на аўдыенцыі арцыбіскупа Габара Пінтэра. Маем надзею, што Апостальскі нунцый падзяліўся са Святым Айцом добрымі ўражаннямі аб Касцёле ў Беларусі і, у прыватнасці, на Гродзеншчыне.
Візіт арцыбіскупа Габара Пінтэра ў Гродна быў успрыняты нашымі вернікамі з вялікай зычлівасцю і энтузіязмам. У асобе прадстаўніка Ватыкана дыяцэзіяне нібыта віталі самаго Святога Айца Францішка. Падчас візіту арцыбіскуп Габар запэўніў, што робіць усё, каб доўгачаканы прыезд Папы ў Беларусь стаў фактам. Нам застаецца толькі маліцца ў гэтай інтэнцыі і цярпліва чакаць!
Візіт арцыбіскупа Габара Пінтэра ў Гродна быў успрыняты нашымі вернікамі з вялікай зычлівасцю і энтузіязмам. У асобе прадстаўніка Ватыкана дыяцэзіяне нібыта віталі самаго Святога Айца Францішка. Падчас візіту арцыбіскуп Габар запэўніў, што робіць усё, каб доўгачаканы прыезд Папы ў Беларусь стаў фактам. Нам застаецца толькі маліцца ў гэтай інтэнцыі і цярпліва чакаць!
СТРАТА ГОДА: знішчаны касцёл у Клюшчанах
Раніцай 6 чэрвеня ў Клюшчанах (дэканат Астравец) падчас пажару згарэла святыня амаль з 300-гадовай гісторыяй. Па афіцыйнай версіі, адбылося кароткае замыканне ў электраправодцы. Цяпер мясцовыя вернікі збіраюцца на малітве ў старой плябаніі, якая знаходзіцца каля касцёла. Там жа вырашана адбудаваць капліцу. Па словах пробашча парафіі кс. Анатолія Захарэўскага, ужо ўстаўлены новыя вокны, дзверы, плануецца закуп лаў і абразоў для святыні. Дзякуючы ахвярнасці дыяцэзіян і людзей добрай волі, значная частка рамонту ўжо зроблена.
Кожная святыня – святое месца, дзе людзі могуць сустрэцца з Богам. Знікненне старажытнага касцёла ў Клюшчанах з’яўляецца вялікай стратай для ўсёй дыяцэзіі, бо ўсе мы складаем адну вялікую супольнасць у Хрысце. З-за няшчаднага пажару вернікі засталіся без месца малітвы. Аднак важна тое, што яны надалей збіраюцца кожную нядзелю, бо насамрэч менавіта яны самі ствараюць гэты духоўны Касцёл. Я веру, што дзякуючы ахвярнасці нашых дыяцэзіян, якія аказалі матэрыяльную падтрымку, а таксама іншых ахвяравальнікаў у бліжэйшы час тут паўстане новы дом малітвы.
Кожная святыня – святое месца, дзе людзі могуць сустрэцца з Богам. Знікненне старажытнага касцёла ў Клюшчанах з’яўляецца вялікай стратай для ўсёй дыяцэзіі, бо ўсе мы складаем адну вялікую супольнасць у Хрысце. З-за няшчаднага пажару вернікі засталіся без месца малітвы. Аднак важна тое, што яны надалей збіраюцца кожную нядзелю, бо насамрэч менавіта яны самі ствараюць гэты духоўны Касцёл. Я веру, што дзякуючы ахвярнасці нашых дыяцэзіян, якія аказалі матэрыяльную падтрымку, а таксама іншых ахвяравальнікаў у бліжэйшы час тут паўстане новы дом малітвы.
ЛІЧБА ГОДА: 163
Менавіта столькі дзён (з 13 мая па 22 лістапада) працягвалася дыяцэзіяльная перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай, прымеркаваная да 100-годдзя аб’яўленняў Марыі ў Партугаліі. Дыяцэзіяне мелі магчымасць адкрыць для сябе фацімскае пасланне нанова.
Амаль на працягу паўгода Маці Божая ў фацімскай фігуры вандравала па нашых вёсках і гарадах. Гэта былі своеасаблівыя рэкалекцыі, якія ўзрушылі не адно сэрца, запрашаючы ўвайсці на шлях малітвы, пакаяння і навяртання, выключны час, каб нанова ўслухацца ў голас Марыі, які 100 гадоў таму пачулі 3-ое маленькіх пастушкоў і які цяпер гучаў для вернага люду нашай зямлі.
ДАСЯГНЕННЕ ГОДА: дзяржаўная рэгістрацыя парафіі ў Пагаранах
15 кастрычніка на ўездзе ў мікрараён Пагараны ў Гродне быў асвечаны каталіцкі крыж. Урачыстую падзею здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у прысутнасці шматлікіх вернікаў, якія жадаюць, каб у будучыні для Пагаранаў і Кашэўнікаў паўстала святыня. Дэкрэтам ардынарыя тут ужо заснавана парафія св. Яна Паўла ІІ. На наступны дзень пасля літургічнага ўспаміну св. заступніка, 23 кастрычніка, парафія атрымала дзяржаўную рэгістрацыю. Мясцовыя вернікі перажылі вялікую радасць ад таго, што крок за крокам набліжаюцца да вялікай мэты. Як падкрэслівае арганізатар парафіі кс. Генрых Яблоньскі, “мы давяраем усе свае намаганні Богу і верым: усё адбываецца згодна з Яго планам”. На дадзены момант святар заклапочаны будаўніцтвам падмурка, якім з’яўляюцца самі вернікі: ад гэтага фундаменту залежыць, наколькі трывалым будзе Касцёл.
Рэгістрацыя новай парафіі заўсёды з’яўляецца вялікай радасцю. У выпадку Пагаранаў гэтая радасць яшчэ большая, паколькі парафія выбрала сваім заступнікам св. Яна Паўла ІІ, Святога Айца, які так моцна паспрыяў аднаўленню касцёльных структур у нашай краіне. Я ўпэўнены, што – як гэта прыгожа сказаў у гаміліі падчас пахавання Яна Паўла ІІ кардынал Ёзаф Ратцынгер – “наш любімы Папа стаіць у акне дома Айца, пазірае на нас і бласлаўляе”.
НАБЫЦЦЁ ГОДА: адкрыццё рэкалекцыйнага дома ў Росі
29 верасня, у свята св. Міхала Арханёла, ардынарый Аляксандр Кашкевіч асвяціў капліцу ў рэкалекцыйным доме “Міласэрнасць” пры дыяцэзіяльным санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (дэканат Ваўкавыск). Узвядзенне такога тыпу будынка стала магчымым дзякуючы матэрыяльнай і духоўнай падтрымцы шматлікіх вернікаў, нераўнадушных дыяцэзіян. І, такім чынам, праз 5 гадоў, у лістападзе, рэкалекцыйны дом ужо прыняў першых пастаяльцаў. З гэтага часу ён служыць для ўсіх ахвотных, якія жадаюць прыняць удзел у рэкалекцыях і іншых фармацыйных сустрэчах, што адбываюцца ў Росі.
Касцёлу неабходны разнастайныя сустрэчы і месцы, якія спрыяюць развіццю духоўнага жыцця вернікаў. Бясспрэчна, гэтаму служаць катэхетычныя класы, парафіяльныя бібліятэкі, рэкалекцыйныя дамы. Гэта там праводзіцца фармацыйная дзейнасць, здзяйсняецца аднаўленне і паглыбленне малітвы.
ПАДЗЕЯ ГОДА: распачацце І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі
16 лістапада, ва ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай, адбылося адкрыццё І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі. Ардынарый Аляксандр Кашкевіч блаславіў яго на плённую працу, зазначыўшы, што “нашаму Касцёлу неабходны новы дух, а рэалізуемаму ў ім душпастырству – новыя спосабы, каб дайсці да вернікаў, асабліва да маладых людзей”.
Ужо адбылася першая сустрэча галоўных камісій і старшыняў сінадальных камісій. У хуткім часе будуць скліканы групы, у якіх распачнуцца дыскусіі па пэўных вызначаных пытаннях. Па выніках абмеркавання паўстануць працоўныя дакументы, якія будуць уважліва разглядацца дыяцэзіяльным Касцёлам.
У цэнтр дадзенай падзеі пастаўлена Божае слова, таму дэвізам абраны словы “Жыць Евангеллем”. Найважнейшай задачай Касцёла ў кожную эпоху, у любым месцы і часе з’яўляецца евангелізацыя, г. зн. абвяшчэнне Езуса Хрыста, Збаўцы свету. Прагну, каб мы як супольнасць Гродзенскага Касцёла зрабілі евангелізацыйную місію яшчэ больш плённай і здолелі дайсці з радасным пасланнем Евангелля да сэрца кожнага чалавека.
НАВІНА ГОДА: у дыяцэзіі распачалі служэнне сёстры ядзвіжанкі
З верасня ў Гродзенскай дыяцэзіі нясуць паслугу 3 манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр св. Ядзвігі (ядзвіжанкі). Яны займаюцца катэхетычным выхаваннем дзяцей і моладзі ў парафіі Святога Духа ў Гродне. Як зазначаюць манахіні, маюць вялікае поле для працы: “Рыхтуем больш за 150 дзяцей да Першай св. Камуніі. Да прыкладу, раней мелі групы па 10-15 чалавек. Гэта вялікая радасць, што на Гродзеншчыне такі жывы Касцёл”. Вядома, працаваць у такіх абставінах – справа няпростая. Усе цяжкасці свайго служэння сёстры ахвяруюць на Хрыстовы алтар з моцнай верай, што ад таго, што будзе закладзена ў маладое пакаленне сёння, залежыць будучыня Касцёла і ўсяго чалавецтва.
Даведка
Кангрэгацыю Сясцёр св. Ядзвігі заснаваў са згоды Святога Айца Пія IX кс. Роберт Спіске. Датай паўстання супольнасці лічыцца 14 чэрвеня 1859 года, калі першыя 4 манахіні склалі вечныя абяцанні. Зацверджанне кангрэгацыі Апостальскай Сталіцай адбылося 12 студзеня 1931 года. Заступніцай абрана св. Ядзвіга, княгіня Сілезская.
Сёння манахіні кангрэгацыі служаць у Польшчы, Чэхіі, Даніі, Аўстрыі, Германіі і Беларусі. На нашы землі сёстры прыбылі 25 гадоў таму, распачаўшы сваё служэнне ў Слуцку (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Кожная манаская супольнасць з’яўляецца багаццем Касцёла і робіць яго здольным да ўсякай добрай справы. У гэтым годзе наша дыяцэзія ўзбагацілася прадстаўніцамі Кангрэгацыі Сясцёр св. Ядзвігі. Хацелася б пажадаць манахіням, каб праз сваю штодзённую паслугу яны ўказвалі вернікам дарогу да Бога і самі ўсё больш набліжаліся да Яго.
Як бачна, нават у прамежках невялікага часу, а менавіта года, Касцёл на Гродзеншчыне актыўны, дынамічны. Ён развіваецца, не стаіць на месцы. Увасабляе розныя ідэі, намагаецца быць сучасным. І тут трэба сабе ўсвядоміць, што Касцёл існуе для людзей і з людзей складаецца. Таму ад нас саміх шмат у чым залежыць будучыня супольнасці вернікаў. Няхай у наступным годзе кожны знойдзе магчымасць зрабіць уклад у будаўніцтва Касцёла. Гэта можа быць хаця б маленькая цаглінка. Адна да другой – і разам з Богам нам па сілах вялікія справы!
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"